Нужен ли в Ушачах ещё один банкомат?

Ваш вопрос - наш ответ Выясняем ситуацию

Чаму ва ўшацкіх банкаматах часта, асабліва па выхадных, няма грошай – няўжо нельга загрузіць дастатковую колькасць банкнот? Чаму банкаматы не выдаюць 20-тысячныя купюры? Да нашых банкаматаў часта стаяць чэргі – ці плануецца ва Ушачах адкрыццё яшчэ аднаго?

Даць адказы на гэтыя пытанні чытачоў газеты мы папрасілі дырэктара цэнтра банкаўскіх паслуг №221 ААТ “ААБ Беларусбанк” г.п.Ушачы Уладзіміра Генадзьевіча АЎДОШКУ.

– Запраўка банкаматаў грашыма ажыццяўляецца штодня акрамя нядзелі, калі для гэтага няма тэхнічнай магчымасці. Безумоўна, нашы спецыялісты аналізуюць, у якія дні месяца трэба загрузіць больш купюр. Гэта, напрыклад, час, калі атрымліваюць зарплату работнікі буйных прадпрыемстваў і арганізацый. Павялічваецца колькасць аперацый па зняцці грошай (хоць і не так адчувальна, як у банкамаце нашых калег з “Белаграпрамбанка”) у так званыя “базарныя” дні – чацвер і пятніцу. Разам з тым, дакладна прадугадаць “усплёскі актыўнасці” па зняцці наяўных немагчыма, бо ёсць непрадказальныя фактары – напрыклад, выхад са строю другога банкамата райцэнтра ці адсутнасць у ім грошай. Да слова, кожнаму банку даведзены кантрольны паказчык – працэнт працаздольнасці банкаматаў, у нас ён адпавядае норме і складае не менш 97 працэнтаў. Летась, да прыкладу, банкамат “Беларусбанка” выходзіў са строю ў выніку сур’ёзных паломак толькі двойчы, і непаладкі былі ўхілены сервіснай службай на працягу сутак.

Што датычыцца пытання наміналу банкнот, то буйныя купюры загружаюцца ў банкаматы з эканамічных меркаванняў. Відавочна, што калі заправіць касету банкнотамі ў 20 тысяч, то яна апусцее ў дзесяць раз хутчэй, чым калі пакласці ў яе 200-тысячныя. Пастаянна ж падвозіць грошы ў банкамат – гэта вельмі стратна для банка, бо прыходзіцца аплачваць паліва і работу інкасатараў. Дарэчы, калі чалавеку патрэбна дробная сума, можна зняць яе з карткі, звярнуўшыся ў касу банка (кліtнтам іншых банкаў пры сабе трэба мець пашпарт).

Не магу станоўча адказаць на пытанне адкрыцця ў гарпасёлку яшчэ аднаго банкамата “Беларусбанка”. Па-першае, існуе рэкамендаваны стандарт забяспечанасці насельніцтва названымі праграмна-тэхнічнымі комплексамі – адзін банкамат на дзве з паловай тысячы чалавек. Да таго ж, адкрыццё і абслугоўванне яшчэ аднаго банкамата было б для нас вельмі дарагім – паколькі размяшчаўся б ён не ў будынку банка, спатрэбіліся б выдаткі на арганізацыю аховы, страхаванне і іншае. Увогуле ж, па нашых назіраннях, чэргі да банкамата апошнім часам узнікаюць усё радзей – людзі вучацца разлічвацца безнаяўным спосабам, тым больш што на гэта скіравана айчынная дзяржаўная палітыка. “Разгружаюць” банкаматы і інфакіёскі – дарэчы, у снежні ў аперацыйнай зале нашага Цэнтра з’явіўся яшчэ адзін: сучасны і шматфункцыянальны, здольны выконваць аперацыі з наяўнымі грашыма. Зараз практычна ва ўсіх гандлёвых кропках маюцца плацежныя тэрміналы. Актыўна ўстанаўліваюць гэта абсталяванне індывідуальныя прадпрымальнікі – прычым, зрабіць гэта можна і за кошт “Беларусбанка” – мы прадугледжваем такую паслугу для сваіх надзейных кліентаў. Не абавязкова зараз знімаць грошы і каб адправіць сына ці дачку на вучобу ў іншы горад – можна адкрыць дзіцяці рахунак да свайго карт-рахунка. Такім чынам, наяўныя грошы зараз патрэбны ўшачанам хіба толькі для набыцця тавараў на рынку, таму зусім не разумею тых людзей, якія адразу ж пасля пералічэння зарплаты спяшаюцца “пад нуль” вычысціць картку, упарта не хочуць вучыцца карыстацца інфакіёскамі ці інтэрнэт-банкінгам, прастойваючы ў чэргах, каб ажыццявіць плацяжы ў касе.

Н.БАГДАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *