В агрогородке Кубличи открыли церковь апостолов Петра и Павла

Общество

“Сынок, а ці хрышчоны ты?” – кранула мяне за рукаў пажылая жанчына. Адказаць я не паспеў, бо за мяне з розных канцоў утульнага памяшкання царквы гэта зрабілі іншыя вернікі: “Няма розніцы, дарога ў храм адкрыта ўсім…”. У тым, што гэта сапраўды так, я пераканаўся 12 студзеня 2014 года, калі дзясяткі людзей не толькі з ліку мясцовых жыхароў, але і з многіх іншых населеных пунктаў раёна накіраваліся ў Кублічы, каб прыняць удзел у асвячэнні царквы апосталаў Пятра і Паўла.

Напэўна гэта падзея стане адной з памятных дат у дадатак да шэрагу рэлігійных святаў, якія вернікі добра памятаюць і адзначаюць штогод. “Прыход храма апосталаў Пятра і Паўла вёскі Кублічы Ушацкага раёна Полацкай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы” – так гучыць поўная назва рэлігійнай абшчыны, якая з самага пачатку свайго заснавання паставіла мэтай адраджэнне храма на кубліцкай зямлі, бо гісторыя сведчыць, што праваслаўныя традыцыі тут вельмі моцныя.

Па звестках з гісторыка-дакументальнай хронікі “Памяць. Ушацкі раён” яшчэ ў 1593 годзе ў цэнтры воласці Кублічах размяшчаўся праваслаўны храм Казьмы і Дзям’яна. У пачатку 17 стагоддзя маюцца звесткі, што ў маёнтку на беразе возера Краснае размяшчалася праваслаўная царква, а ў 1713 годзе была пабудавана Петрапаўлаўская царква. Мураваны манументальны храм меў рысы архітэктуры стылю барока і ўражваў сваімі памерамі. Па звестках 1880 года ў Кублічах прыгадваецца 2 праваслаўныя царквы…

І няхай ад былога велічнага Петрапаўлаўскага храма, адкрыццё якога адбылося тры стагоддзі таму, з цягам часу па прычыне войнаў і цёмных дзесяцігоддзяў барацьбы з рэлігіяй застаўся толькі падмурак, вера ў тое, што атрымаецца адрадзіць царкву ў Кублічах, заўсёды жыла ў сэрцах людзей. Справа гэта праходзіла марудна, бо пераўтваралі прыстасаванае памяшканне жылога дома ў храм без удзелу мецэнатаў і спонсараў, выключна на ахвяраванні неабыякавых людзей.

“Тамары заслуга…”, “Яна сюды душу сваю ўклала”, – ціха шапталіся ў чаканні пачатку літургіі жанчыны, ківаючы на казначэя прыхода Тамару Іосіфаўну Кальчэўскую. Тая, пачуўшы іх, саромеецца і просіць, каб “не гаварылі абы-што”.

– Маёй асаблівай заслугі тут няма, – сціпла кажа Тамара Іосіфаўна. – Калі хочаце кагосьці адзначыць, то напішыце, што царкву мы будавалі ўсім мірам, практычна ўсе жыхары Кубліч прынялі ўдзел у гэтай богаўгоднай справе – збіралі ахвяраванні, мужчыны працавалі на рамонце памяшкання і пры будаўніцтве алтара, узводзілі купал, нават дзеці дапамагалі…

Між тым, са слоў многіх жыхароў не толькі Кубліч, але і райцэнтра, менавіта Тамара Іосіфаўна з’яўлялася на працягу многіх гадоў тым рухавіком, які цягнуў стос арганізацыйных пытанняў па аднаўленні царквы ў гэтым населеным пункце. Прасіла таксама казначэй адзначыць заслугі айца Дзімітрыя Аўсіевіча, які прыехаў на абрад асвячэння. “Сапраўды божы чалавек”, – характарызуе святара Аляксандр Ягоравіч Кухта, які заўсёды быў у ліку актывістаў будаўніцтва царквы ў Кублічах. Вось і напярэдадні мерапрыемства Аляксандр Ягоравіч аб’ехаў усе навакольныя вёскі, пабываў ва Ушачах і многіх іншых населеных пунктах раёна, каб запрасіць людзей на знамянальную падзею.

Протаіерэй Богаяўленскага сабора г.Полацка айцец Дзімітрый Аўсіевіч цёплымі і шчырымі словамі вітаў усіх прыхаджан, уручыў падарунак казначэю прыхода Т.І.Кальчэўскай. Прадстаўнік Полацкай епархіі для кублічан даўно стаў сваім, бо літаральна разам з імі жыў справамі прыхода, наведваўся сюды, каб правесці богаслужэнні, прыцягнуў для высакароднай мэты аднаўлення ў аграгарадку праваслаўнай царквы вернікаў з Глыбоччыны, якія ўнеслі значны ўклад у набыццё аздаблення і ікон храма.

Асвячэнне хрысціянскай царквы – абрад, які з’яўляеца неад’емнай умовай магчымасці правядзення ў ёй богаслужэння – божай літургіі. Правілы асвячэння зыходзяць з 5 стагоддзя і прызнаюцца як праваслаўнай, так і каталіцкай царквой. Па хрысціянскім каноне абрад асвячэння храма таксама носіць назву “абнаўленне” – таму што праз асвячэнне храм са звычайнага будынка ператвараецца ў святы, а таму становіцца іншым, новым. Гэта адносіцца як да нанава пабудаваных, так і да адрамантаваных памяшканняў цэркваў і сабораў, якія раней ужо асвячаліся. Паўторнае асвячэнне праводзіцца, калі пры рамонце храма быў закрануты прастол або калі царква была якім-небудзь чынам апаганена.

Протаіерэй асвяціў алтар, іконы і іканастас, іншыя царкоўныя рэчы. Зараз памяшканне прыходу стала сапраўднай царквой з усімі неабходнымі атрыбутамі, у ім можна праводзіць хрышчэнне, вянчанні, адпяваць нябожчыкаў, праводзіць богаслужэнні. Адно шкада, што не захавалася ніводнай іконы са старажытнага храма, папярэдніка сучаснай царквы апосталаў Пятра і Паўла…

Храмы будуюцца не па чыімсьці ўказанні, а таму, што яны патрэбны людзям незалежна ад іх сацыяльнага статусу і нацыянальнасці. Гэта чыталася на тварах прыхаджан, сярод якіх былі і старыя, і малыя – для іх асвячэнне храма стала сапраўдным святам, спадзяваннем на тое, што ён здабудзе новую сілу, бо “… многае можа малітва, якая здзяйсняецца ў храме. Адна яна замяшчае сто, вымаўленых дома”, – такія словы выказаў у адной са сваіх прамоў епіскап Барысаўскі Веньямін.

Тое, што новая царква не будзе пуставаць, даказала і першае богаслужэнне пасля асвячэння – на Хрышчэнне. Зноў прыехалі вернікі з іншых населеных пунктаў раёна і цэлы аўтобус з суседняга Глыбоцкага. Акрамя непасрэдна службы айцец Дзімітрый, які з’яўляецца настаяцелем мясцовага прыхода, асвяціў каля 20 дамоў. Добрымі весткамі зямля поўніцца, а адкрыццё новай царквы – безумоўна з ліку такіх.

Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *