Ушачская школа вновь собрала своих выпускников на вечер встречи

Наши земляки

“Я прыязджаю на вечар сустрэчы выпускнікоў кожны год. І заўсёды шчэміць сэрца, нешта сціскаецца ў грудзях,” – Анатоль Пятровіч Зайцаў выходзіць на сцэну не збіраўся. Яго, можна сказаць, выцягнулі вядучыя падчас бліц-апытання іншагародніх выпускнікоў. І тым самым падштурхнулі да шчырай прамовы. Хоць і не рыхтаваўся “залаты юбіляр” выступаць, аднак у пінжаку аказаўся верш аднакласніка пра Ушачы, які і прачытаў усім прысутным. Гэта фізік-лірык і цёзка Анатоль Мікалаевіч Карабань напісаў пра свой гарадок. Пра яго ж самога аднакласнік-навапалачанін прыгадаў як пра гордасць, залатую галаву, які адзін паступіў у славуты маскоўскі Фізтэх, а гэта каштавала на той час вельмі многага. А вось пра сябе сціпла прамаўчаў, хоць сам быў пракурорам горада Наваполацка.

Таксама прамаўчаў пра свае заслугі Ягор Іванавіч Міхейка, той самы чалавек-легенда, капітан І рангу, узнагароджаны медалямі “За мужнасць” і “За ваенныя заслугі”, ветэран падраздзяленняў асобай рызыкі, які штогод прыязджае ва Ушачы з Далёкага Усходу. Толькі мноства планак на пінжаку выдавалі нашага славутага выпускніка. Хоць тут, у сценах роднай школы, мы ўсе роўныя і ўсе свае. І я з задавальненнем слухала невялікія ўспаміны пра школу невядомых мне настаўніцы малявання і аператара з Паліміра. Таксама з задавальненнем даведалася б, дзе працаўладкавалася маладое пакаленне, дзе вучацца нядаўнія выпускнікі. Лічу, што знаёмстваў на вечары сустрэчы не бывае многа, і бліц-інтэрв’ю – добрая форма, якую смялей і актыўней трэба прымяняць. Далёка не кожны можа гаварыць прамовы, практыка паказала, што большасць нашых іншагародніх гасцей проста саромелася расказваць пра сябе, а вось прадставіцца, прыгадаць любімага настаўніка з месцаў змаглі б усе. А рэдкія госці ў зале, канечне, былі. Не пазнала Ушач Марына Хаўлюк – настаўніца пачатковых класаў з Бронніцы Маскоўскай вобласці, якая не была тут 30 гадоў і дзівілася не толькі гарадку, але і памяняўшымся аднагодкам.

Даволі складана было пазнаць былога гітарыста і ваеннага пракурора, а сёння супрацоўніка Савета Міністраў Сяргея Львовіча Міхайлава, хоць ён і наведваецца ў гарпасёлак. Хоць і збірала свой выпуск загадчыца сада №2 Людміла Андрэеўна Напрыенка (Зузёнак), але з сумам дадае, што не прыехалі дацэнт, выкладчык Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Ірына Жылко, педагог Вольга Сінкевіч, былы ваенны Аляксандр Балдоўскі ды і многія іншыя з іх дружнага класа.

Негаварлівасць нашых герояў яшчэ раз пацвердзіла – патрэбны арганізатары, якія лепш за іншых ведаюць пра сваіх аднакласнікаў. Арганізатары, якія возьмуць на сябе цяжар падрыхтоўкі. На жаль, не аказалася такіх у выпускніках-пяцідзясятніках, і Анатоль Зайцаў быў адзін. Не было іх і сярод тых, каму 45, хоць сямёра прадстаўнікоў выпуску 1969 знаходзілася ў зале. Не даведаліся нічога мы і пра выпускнікоў 1974 года, хоць у зале іх сабралася нямала. Як сказаў адвакат Сяргей Аляксандравіч Спірчонак – нават тэмпература не спыніла, каб убачыць сяброў, паколькі іх “Г” клас заўсёды быў вельмі дружны. Хоць і збіраліся спантанна, але акрамя ўшачан прыехаў Пётр Васільевіч Дук – намеснік старшыні абласнога камітэта экалогіі, чакалі і Аляксея Шчэрбіка – дырэктара парку адпачынку горада Наваполацка. Кім толькі не працуюць выпускнікі нашай школы, пра кожнага можна пісаць асобны артыкул. Заўсёды пераконваюся ў гэтым, калі пачынаю высвятляць – хто ж быў у гэты вечар на свяце. Прафесійная фотакамера акрамя Віктара Ярмоша з гэтага ж выпуску 1974-га была і ў Сяргея Худалеева, які скончыў школу на 10 гадоў пазней. Прычым, любіць у вольны час “злавіць кадр” выпускнік радыёфізічнага факультэта БДУ не толькі на зямлі, але і падчас палётаў на лёгкіх самалётах, а таксама плаваючы з аквалангам. Андрэй Грышкевіч, Таццяна Васьковіч, Іна Лавейка, Сяргей Лемеш, Уладзімір Марозаў, Уладзімір Карабкоў, Наталля Дарашкевіч – гэта тыя іншагароднія выпускнікі 1984 года, якія не прамінулі юбілейную дату.

Малайцы арганізатары свята, што паказалі агульны фільм з фотаздымкаў мінулых гадоў – менавіта ў гэты час так пільна сочаць усе за падзеямі на сцэне. І яшчэ больш малайцы, канечне тыя, хто знайшоў час, каб прадставіць свой выпуск. Таксама зрабіла мультымедыйны паказ пра свой выпуск Надзея Губко (Герасімовіч), яны прыгадалі ўсіх сваіх настаўнікаў, падарылі кветкі тым, хто быў у зале, вышлі на сцэну з падарункамі школе, як і самы актыўны падчас вечара выпуск 1989 года. “Срэбраны юбілей” яны святкавалі разам з Людмілай Мікалаеўнай Цяцеркай, сваім класным кіраўніком, якую між іншым прыгадваў не адзін юбілейны выпуск. Падарункі падрыхтавалі для ўсіх сваіх настаўнікаў, ну а школе падарылі спартыўны інвентар (асноўным спонсарам выступіў Сяргей Фамін). Актуальнымі былі і пажаданні прадстаўніка гэтага класа і настаўніка фізкультуры Мікалая Федарэнкі, што нарэшце школа павінна выйсці на лідзіруючыя месцы ў спаборніцтвах. Зачытала іх арганізатар Святлана Галай (Рубанік) і віншаванні-прывітанні ад Святланы Дзмітрыевай з Варны, Наталлі Гарадзецкай – нашай зорнай цымбалісткі з аркестра імя Жыновіча, былой настаўніцы школы, дзюдаісткі Святланы Ігнатовіч з Феадосіі.Бравыя выпускнікі фізіка-матэматычнага класа 2004 года выпуску Віктар Балабоўка, Павел Васілеўскі, Антон Казіцкі, Юрый Дуброўскі, Дзмітрый Шаўчэнка, Сяргей Шэлесцюковіч, Сяргей Міхашонак, Зіна Пашкевіч, Марына Таран, Надзея Шарамет таксама запрасілі на сцэну свайго класнага кіраўніка Алену Васільеўну Ціханаву, якая і адкрыла па сутнасці сакрэт іх сяброўства. “Напэўна больш чым беларускай мове і літаратуры я вучыла іх быць людзьмі і сёння ганаруся сваімі вучнямі”. Ганарыцца імі можна і школе, з 23 чалавек гэтага класа 17 паступілі ў не проста ў ВНУ, а ў БНТУ і БГУІР, якія ўваходзяць у тройку лідзіруючых універсітэтаў краіны, і сталі будаўнікамі, энергетыкамі, лагістамі, міліцыянерамі.

І, канечне, вельмі дарэчы аказаўся выхад на сцэну Наталлі Шах, хоць ніякіх слоў прэзідэнцкі стыпендыят і пераможца шматлікіх конкурсаў не казала. Наша вядомая акардэаністка была адзінай прадстаўніцай выпуску 2009-га, а на сцэне паказала “тавар тварам” – як заўсёды ўзорна выканала два творы.

Вечар ва Ушацкай школе цягнецца каля дзвюх гадзін, але ніколі не заканчваецца ў гэты дзень. Яго смакуюць, абмяркоўваюць, як было б лепш зрабіць, яшчэ не адзін дзень. Колькі людзей – столькі і думак. Чула нават і такое, што ў некаторых школах наогул такой урачыстай часткі не робіцца. Аднак у нашай Ушацкай ёсць традыцыі – узгадваць былых настаўнікаў і вучняў, менавіта таму і збіраецца заўсёды поўная зала. А наперадзе не адзін вечар сустрэчы, так што, былыя выпускнікі, мяркуйце загадзя, якім бы вы хацелі яго бачыць і ўносьце свае прапановы.

В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *