В Новополоцке открылась персональная выставка народных мастеров из г.п.Ушачи Вячеслава и Ольги Мурашовых

Ими гордятся Мир увлечений Общество Творчество наших земляков Экономика и малый бизнес

–Тэлефаную табе з Цэнтра рамёстваў. Тут такая фантастычная экспазіцыя!

–Я толькі што з выставы Мурашовых з Ушач. Абавязкова прыходзьце, гэта трэба бачыць!

Як жа прыемна было прыслухвацца да такіх вось “мабільных экспрэс-рэцэнзій”, якімі поўнілася зала пасля ўрачыстага адкрыцця персанальнай выставы нашых землякоў Вячаслава і Вольгі Мурашовых “Дрэва майго жыцця”. Пацвярджалі агульнае ўражанне і радкі з “Кнігі водгукаў”: “Вашы творы дастойны самых шыкоўных музейных залаў!” А вось словы дырэктара Цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры горада Наваполацка Кацярыны Мікалаеўны Фядотавай: “Мы шчаслівыя, што Вячаслаў і Вольга згадзіліся паказаць навапалачанам свае работы. Творы майстроў такога рангу ў нас экспануюцца ўпершыню”.

Самі ж героі імпрэзы адчувалі сябе крыху няёмка і з палёгкай уздыхнулі, калі патухлі агеньчыкі камер гарадскога тэлебачання і сцішыўся паток кампліментаў, якімі літаральна засыпалі іх арганізатары і гледачы выставы. “Для мяне лягчэй адпрацаваць тыдзень у майстэрні, чым выступіць нават з маленькай прамовай”, – прызнаецца Вячаслаў, але ж, па ўсім відаць, прыйдзецца яму перасільваць сябе і асвойваць навуку красамоўства, бо ў бліжэйшым “гастрольным” графіку творчай сям’і ўжо запланаваны выставы ў Полацку, Глыбокім, Лепелі, а значыць – давядзецца даваць новыя інтэрв’ю, адказваць на пытанні ўражаных гледачоў. Дарэчы, самыя папулярныя з іх – “Няўжо гэта кампазіцыя выразана з суцэльнага кавалка дрэва?”, “Цалкам ручная работа? Як гэта можа быць?!”

І сапраўды, цяжка паверыць, што вытанчаныя вузкія вазы, экстравагантны посуд, элегантныя фігуры звяроў і птушак, загадкавыя выявы чалавечых твараў у сваім мінулым жыцці былі звычайнымі пнямі-калодамі. Вячаслаў жа проста прынёс іх у майстэрню і, як той дойлід, адсек усё лішняе.

Мазолістыя рукі гэтага чалавека надзелены чароўным дарам: пабываўшы ў іх, палена раскрывае сваю драўляную душу, выпраменьвае магію некранутай прыроднай дасканаласці. Інакш чым растлумачыць той факт, што людзі падоўгу зачаравана глядзяць на кампазіцыі, з хваляваннем дакранаюцца да іх. Калі, напрыклад, бярэш у далоні драўляныя “камяні” майстра, не хочацца выпускаць іх з рук – настолькі яны гладкія, прыемныя навобмацак. Не дзіўна, што многія набываюць іх для медытацыі. Аказваецца, дасягаецца такая дасканаласць формы шматгадзіннай шліфоўкай… далонямі майстра.

Увогуле цяжка знайсці большага працаголіка, чым Вячаслаў Мурашоў. Сам ён родам з Брэстчыны і сцвярджае, што працавітасць у яго землякоў у крыві. Дар мастака і дрэваапрацоўшчыка – спадчына ад бацькі, развіў уменні ў Кобрынскім мастацкім вучылішчы, сур’ёзна заняўся выкананнем творчых работ у 2008, а ўжо ў наступным годзе дэманстраваў іх у Горадзе майстроў на “Славянскім Базары ў Віцебску”. Напэўна, гэты мужчына ўстае адным з першых у гарпасёлку, бо перад пачаткам змены на прыватным прадпрыемстве “Алекс-Нутта”, дзе працуе цесляром, паспявае некалькі гадзін правесці ў сваёй майстэрні, туды ж накіроўваецца і пасля работы. Зрэшты, майстэрняй можна назваць увесь вялікі дом Мурашовых (практычна ў адзіночку пабудаваны гаспадаром): у кожным яго пакоі – усялякія бярвенцы, брусочкі, карані. Дуб і ясень, клён і ліпа, яблыня і алыча, акацыя, карэльская бяроза і нават грэцкі арэх – усяго 15 розных парод налічылі мы сярод экспанатаў, і ў кожнай з іх свае адметнасці, цвёрдасць, тэкстура і асаблівая тэхналогія апрацоўкі. Не менш паўгода падсыхаюць загатоўкі, чакаюць, пакуль творца ўбачыць у іх свой новы шэдэўр. Напэўна, далёка не кожная гаспадыня змагла б цярпліва пераносіць такія акалічнасці дамашняга быту, але ж Вольга Мурашова, дачка вядомых ушацкіх настаўнікаў Анатоля Мікалаевіча і Тамары Фёдараўны Карабанёў, сама з творчай кагорты. Іх жыццёвы і мастацкі тандэм з Вячаславам склаўся ў Кобрынскім вучылішчы, дзе Вольга атрымлівала спецыяльнасць майстра роспісу па дрэве. “Перад вяселлем паставіла жаніху адну ўмову: жыць будзем ва Ушачах”, – з усмешкай прыгадвае Вольга і ўжо сур’ёзна дадае, што не памяняла б сваю малую радзіму ні на якія іншыя месцы. Менавіта цудоўная прырода Ушаччыны – крыніца яе творчасці. Мастачка выпрацавала свой непаўторны стыль, аднак заўсёды знаходзіцца ў творчым пошуку. Вось і на сумеснай з мужам выставе вялікую цікаўнасць выклікалі яе малюнкі на драўляных спілах, пры гэтым наведвальнікі шкадавалі, што экспанаты не прадаюцца. Да слова, іх сямейны занятак з’яўляецца не толькі спосабам самавыражэння, але і неблагой крыніцай даходу. “Прыемна, што наша дзяржава стымулюе развіццё рамесніцтва”, – адзначае Вольга. Свае вырабы Мурашовы рэалізуюць падчас выстаў-продажаў, праз спецыялізаваныя магазіны, у хуткім часе набыць іх аўтарскія работы можна будзе ў адной з гандлёвых кропак райцэнтра. Разам з тым, вытворчасць мастацкіх вырабаў з драўніны – працэс вельмі працаёмкі, патрабуючы шмат часу, таму відавочна, што “астранамічных” даходаў атрымаць ад гэтага немагчыма.

Выдатны творца проста не можа быць дрэнным чалавекам. Гэту аксіёму пацвярджаюць муж і жонка Мурашовы. “Прыходзьце ў мой дом, мае дзверы адкрыты”, – гэтымі словамі знакамітай песні можна ахарактарызаваць уласцівую іх сям’і гасціннасць. Яны з тых сардэчных гаспадароў, да якіх сябры, родныя і знаёмыя могуць завітаць без запрашэння і нават без папярэдняга званка. Іх утульны гасцявы пакой з цудоўным камінам і самаробнай разной мэбляй, нібыта пазычанай з казачнай хаткі трох мядзведзяў, прыводзіць у захапленне кожнага, хто зайшоў сюды ўпершыню. А якую лазню тут ладзяць па суботах!..

“Вельмі люблю гэту сям’ю! – проста і шчыра кажа кіраўнік народнага клуба народных майстроў і самадзейных мастакоў “Адраджэнне” РДК Ала Васільеўна Кузусёнак. – Мала таго, што творцы выдатныя, дык і людзі чулыя, ніколі ні ў чым не адмовяць, бывае, на сваім транспарце за ўласны кошт нашых майстроў на выставы возяць”. У сваю чаргу Вячаслаў і Вольга цэняць у кіраўніку клуба яе адданасць справе, энергію, уменне наладжваць сувязі і кантакты. Дарэчы, менавіта А.В.Кузусёнак разам са сваёй калегай, кіраўніком клуба народных майстроў і самадзейных мастакоў “Прамень” Цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры г.Наваполацка Н.А.Радзько, зрабілі ўсё, каб арганізаваць іх аўтарскую выставу. Ала Васільеўна ўзначаліла на яе адкрыцці і “групу падтрымкі”, у якую ўвайшлі работнікі РДК і Дома рамёстваў.

Вольга і Вячаслаў Мурашовы ўліліся ў склад “Адраджэння” ў 2009 годзе, а неўзабаве да бацькоў далучыліся і прадстаўнікі маладога пакалення: сын Павел і нявестка Ганна. Калі жывеш у такой творчай атмасферы, проста няма шансаў не паспрабаваць уласныя сілы і фантазію. Ужо многія ўшачане ацанілі арыгінальнасць вырабаў дзяўчыны, асабліва яе кампазіцый з зярнятак кавы. А на пытанне журналістаў “Каму мусіце перадаць свае сакрэты?” Вольга, паказаўшы на адзін з самых адметных экспанатаў выставы – вялізную дэкаратыўную лыжку, патлумачыла, што зрабіў яе не муж, а сын. І гэта не можа не радаваць, бо сведчыць аб тым, наколькі багатая талентамі ўшацкая зямля, дае ўпэўненасць, што традыцыі народных рамёстваў будуць і надалей перадавацца ад продкаў нашчадкам.

Н.БАГДАНОВІЧ.



4 комментария по теме “В Новополоцке открылась персональная выставка народных мастеров из г.п.Ушачи Вячеслава и Ольги Мурашовых

  1. Очень интересная статья, написано с душой и читается на одном дыхании) спасибо за рассказ об этих талантливых людях)

  2. Это Вам не аморфная организация — Белая Русь ! Это конкретика !

  3. Приятней смотреть на эти лица, чем на те, что за крепостями трибун. Простите, но уже противно!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *