Прокурор Ушачского района М.М.Подворный прокомментировал нововведения законадательства, предусматривающие конфискацию транспортных средств у пьяных водителей

Выясняем ситуацию Закон - один для всех Правовая консультация

З суровымі мерамі пакарання нецвярозых вадзіцеляў, прадугледжаных Законам “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь па пытаннях узмацнення мер адказнасці за кіраванне транспартным сродкам у стане ап’янення”, мы ўжо знаёмілі нашых чытачоў. Сёння працягваем разгляд тэмы з пракурорам Ушацкага раёна Максімам Міхайлавічам ПАДВОРНЫМ, якога мы папрасілі падрабязней расказаць, чым пагражае норма аб канфіскацыі аўто прадпрыемствам, і вядома, самім вадзіцелям, якія селі за руль службовага транспарту “падшафэ”.

– Як вядома, самае дыскусійнае новаўвядзенне сярод мер адказнасці, прадугледжаных прынятым Законам, – гэта канфіскацыя транспартных сродкаў у нецвярозых вадзіцеляў. Калі грамадзяніна двойчы на працягу года затрымалі “падшафэ” за рулём, то транспартны сродак арыштоўваецца і знаходзіцца на штрафстаянцы да разгляду крымінальнай справы судом. Прычым няма розніцы, хто з’яўляецца ўласнікам аўтамабіля: сам парушальнік-вадзіцель ці юрыдычная асоба. Гэта значыць, што канфіскацыі падлягае і службовы транспарт, якім кіравалі нецвярозыя работнікі прадпрыемстваў. Падобныя прыклады ўжо выяўлены ва ўсіх абласцях рэспублікі. Так, напрыклад, у Слуцкім раёне работнік СПК “Белічы” за п’янку за рулём у ліпені быў пазбаўлены вадзіцельскіх правоў. Літаральна праз 20 дзён ён зноў сеў за руль трактара “падшафэ”, у выніку чаго ў адносінах яго была ўзбуджана крымінальная справа. Аднак і пасля гэтага належныя меры да яго на прадпрыемстве не былі прыняты – і ў трэці раз мужчына быў затрыманы за кіраванне ў стане алкагольнага ап’янення. Відаць, транспартны сродак на прадпрыемстве і грошы ў гора-вадзіцеля лішнія…

Варта адзначыць, што ў падобных выпадках адказнасць за здзейсненае правапарушэнне кладзецца не толькі на кіраўніцтва прадпрыемства, якое дапусціла работніка да кіравання транспартным сродкам, але і на самога вадзіцеля. Прычынены прадпрыемству ўрон апошняму пакрываць хутчэй за ўсё давядзецца за ўласны кошт. А гэта не толькі сума, у якую ацэняць транспартны сродак пасля канфіскацыі, але яшчэ і выдаткі па знаходжанні аўто на штрафстаянцы. Не кажучы ўжо пра немалы штраф за здзейсненае правапарушэнне. Напрыклад, былы ўладальнік “Фіата” – першага ў нашай краіне канфіскаванага па новым Законе аўтамабіля – не толькі пазбавіўся транспартнага сродку, але і заплаціў дзяржаве 40 мільёнаў рублёў. І гэта не максімальная сума! Так што вадзіцелям варта сур’ёзна падумаць перад тым, як сесці за руль уласнага ці службовага аўто “пад мухай”.

Пракуратура раёна прапануе прыняць пэўныя арганізацыйныя і практычныя меры, накіраваныя на папярэджанне правапарушэнняў, звязаных з кіраваннем службовым транспартам у стане ап’янення. У прыватнасці, супрацоўнікам ДАІ інфармаваць аб прыцягненні вадзіцеляў, трактарыстаў, камбайнераў да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 18.16. па месцы іх працы. Кіраўнікам прадпрыемстваў неабходна правесці праверкі на прадмет выяўлення асоб, пазбаўленых права кіравання транспартам, а ў далейшым ажыццяўляць такі кантроль на пастаяннай аснове. Не лішнім будзе пры прыёме чалавека на работу зазірнуць у дакументы, якія пацвярджаюць права кіравання транспартнымі сродкамі. Народную мудрасць “Давярай, але правярай” пакуль ніхто не адмяняў.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *