“На протяжении десятков метров в районе сквера, где установлен БТР, проходящих мимо преследует зловонный запах скорее всего из канализационного источника. Было бы хорошо, если бы соответствующие службы устранили данное “амбре”.
Правяраць гэты пакінуты на сайце газеты каментарый мы накіраваліся з начальнікам аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Сяргеем Пятровічам Дымманам. Крыніцу “водару” выявілі без цяжкасцей – ёю з’яўляецца выграбны калодзеж аўтаномнай каналізацыйнай сістэмы дома па Савецкай, 34. Калісьці ў гэтым памяшканні размяшчаліся дзіцячыя яслі, зараз тут жылыя кватэры. Каналізацыйная ж сістэма пабудавана такім чынам, што калодзеж знаходзіцца ў самай нізкай кропцы навакольнай мясцовасці – побач з агароджай, якая аддзяляе двор ад сквера. Да таго ж з-за старасці калодзеж страціў герметычнасць. У выніку і без таго неглыбокая ёмістасць вельмі хутка запаўняецца не столькі каналізацыйнымі сцёкамі, колькі грунтовымі і паверхневымі водамі – асабліва падчас дажджоў, і яе змесціва выцякае. “Зусім нядаўна падавалі ў ЖКГ заяўку на адпампоўванне, а яма ўжо зноў поўная”, – абураюцца жыхары дома. Праўдзівасць гэтых слоў пацвярджаюць і прыцярушаныя снегам свежыя каляіны ад калёс спецтранспарту побач са смуроднай лужынай.
“Нам вядома гэтая сітуацыя, – тлумачыць начальнік водаправодных і каналізацыйных сетак Людміла Леанідаўна Шлюбская. – Безумоўна, праблема патрабуе вырашэння. На жаль, падключыць дом да гарадской каналізацыі не ўяўляецца магчымым, таму адзінае выйсце – адрамантаваць існуючую. Плануем ажыццявіць гэта пры наяўнасці сродкаў з надыходам цёплай пары года”. У сваю чаргу С.П.Дымман паабяцаў трымаць пытанне на кантролі, тым больш што адпаведна архітэктурнаму плану названы ўчастак ля сквера ў хуткім часе павінен стаць зонай адпачынку ўшачан.
Н.БАГДАНОВІЧ.