Тамара Георгиевна Плискевич — один из личших животноводов сельхозпредприятий Ушачского района

Ими гордятся Сельское хозяйство

Не часта даводзілася бачыць чалавека, якога б так задавальняла сваё працоўнае месца, асабліва такое няпростае. А вось Тамара Георгіеўна Пліскевіч, даглядчыца цялят КУСГП “Глыбачаны”, сваю работу любіць, хаця магла б працаваць і бухгалтарам, адукацыя дазваляе. “Спаць хацелася за паперамі, вельмі хутка зразумела, што гэта не маё, – усміхаецца жанчына. – А тут я на сваім месцы”.

Жыццё склалася такім чынам, што зводзіць дэбіт з крэдытам ёй давялося толькі падчас вучобы ў Тарапецкім сельскагаспадарчым тэхнікуме, які Тамара Георгіеўна скончыла ў 1988 годзе. У гэтым горадзе Цвярской вобласці Расіі яна пачала сваю працоўную дзейнасць у аддзеле тэхнічнага кантролю мясцовага дрэваапрацоўчага завода, дзе сачыла за якасцю вырабленай мэблі. Нарадзілася ж Т.Г.Пліскевіч у Сарочыне, сюды і вярнулася пасля таго, як не склалася жыццё з першым мужам. Уладкавалася аператарам на адкорме на свінагадоўчы комплекс саўгаса-камбіната “Арэхаўна”, а ў Глыбачку перабралася, калі зноў выйшла замуж.

Свіней на кароў Тамара Георгіеўна змяніла не адразу. Пачынала ў паляводчай брыгадзе, непасрэдна ж на комплексе ў Глыбачцы яна працуе 15 гадоў. 170 галоў цялят, якіх зараз даглядае Тамара Георгіеўна, гэта не мяжа – было і больш за 200. І нягледзячы на “цякучку кадраў” добра ведае кожнага са сваіх гадаванцаў.

– Без гэтага немагчыма, – расказвае жанчына. – Мінімум раз у тыдзень, калі чысцяцца стойлы, мне неабходна іх пераганяць, сартаваць, бо сярод пагалоўя і цялушкі, і быкі гадуюцца асобна ў залежнасці ад узросту. У такія дні бывае, што і на абед трапіць не давядзецца…

Рабочы дзень у Тамары Георгіеўны, як і ў большасці працаўнікоў сельскай гаспадаркі ненарміраваны. Яшчэ няма васьмі гадзін раніцы, а яна ўжо спяшаецца на комплекс, паспеўшы папярэдне справіцца з немалой хатняй гаспадаркай. Падчысціць, напаіць, падкінуць сена на корм і саломы на подсціл, раздаць муку, без якой добрай прыбаўкі ў вазе жывёлы не атрымаеш. Адной зрабіць усё – глядзіш, палова дня ўжо прайшла. Увечары працуе з 16 гадзін і… пакуль не справіцца. І калі сена і сянаж цялятам развозіць кормараздатчык, трэба толькі падкідваць, то муку Тамара Георгіеўна насыпае ў кармушкі ўручную, бывае што і больш 20 мяшкоў за дзень даводзіцца разнесці.

За час працы даглядчыцай у водпуску Т.Г.Пліскевіч была не болей 5 дзён за год, даводзілася ёй на працягу некалькіх месяцаў завіхацца і без выхадных. Кажа Тамара Георгіеўна, што гэта не “капрызы” і самавольства адміністрацыі прадпрыемства, а яе асабісты выбар, не любіць перадаваць сваіх гадаванцаў.

– Не згодна з тым, што ў сельскай гаспадарцы нельга зарабіць, – разважае даглядчыца. – Я сваім заробкам задаволена. Калі рабіць старанна, сумленна, то і вынік прыйдзе. Праца ў выхадныя аплачваецца вышэй, чаму не папрацаваць, калі ёсць магчымасць. Дзеці ў мяне дарослыя, па гаспадарцы дома паспяваю, а без работы сядзець не магу.

Нават пры такім графіку работы знаходзіць жанчына хвілінкі і на захапленні, сярод якіх нейкіх незвычайных няма. “Світэр не звяжу, а вось шкарпэткі, або рукавіцы – лёгка”, – расказвае аб тым, як бавіць рэдкія гадзіны вольнага часу Т.Г.Пліскевіч. Любіць гатаваць, таму мясныя рулеты, запечаная курыца, клёцкі і тарты ў яе доме на стале не толькі падчас святаў.

– Клёцкі зраблю хвілін за 40, – кажа Тамара Георгіеўна. – Наогул не магу зразумець жанчын, якія не любяць гатаваць, бо я ад гэтага працэсу атрымліваю толькі задавальненне.

“Вось жывыя грошы гаспадаркі”, – даглядчыца праводзіць мяне ўнутр памяшкання, дзе стаяць цяляты, і паказвае рукой на старэйшых быкоў. Выручаныя сродкі за жывёлу, якую здаюць на мясакамбінат, дазваляюць гаспадарцы выжываць, набываць паліва, бо акрамя малака іншых даходаў зімой няма. Каб не страчваць сродкі, здаюць быкоў толькі звыш 400 кілаграмаў, з якіх больш паловы вагі – вынік працы Тамары Георгіеўны, бо трапляюць да яе цяляты па 140-150 кілаграмаў.

У гэтай жанчыны добрыя вынікі заўсёды. Сярэднясутачныя прывагі за снежань мінулага года па яе групе склалі 882 грамы, 701 грам – сярэднія прывагі за год. Гэта ўжо традыцыйна лепшыя паказчыкі сярод жывёлаводаў “Глыбачан” і адны з лепшых у раёне. І хоць узначаліць спіс перадавікоў за мінулы год Т.Г.Пліскевіч не ўдалося, яна заўсёды ў ліку лідараў. Менавіта стабільнасць паказчыкаў працы за апошнія гады і стала вызначальным фактарам таго, што прозвішча Тамары Георгіеўны Пліскевіч па выніках работы за 2012 год занесена на раённую Дошку гонару.

Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *