Пожарный аварийно-спасательный пост № 13 Ушачского РОЧС — крепкий коллектив сильных и мужественных людей.

К профессиональному празднику

Яны адважныя і рашучыя, вынослівыя і спрытныя, фізічна моцныя і псіхалагічна ўстойлівыя. Яны ўмеюць размяркоўваць сілу, планаваць дзеянні і хутка рэагаваць. А галоўнае для іх – паспець своечасова, бо няма нічога каштоўней за здароўе і жыццё людзей. Што і казаць – выратавальнікі… Нездарма дэвіз Міністэрства: “Прафесіяналізм, адвага, гонар!

Збіраючыся на пажарны аварыйна-выратавальны пост №13, што ў вёсцы Пліна, шчыра кажучы, думала ўбачыць там максімум трох чалавек – начальніка падраздзялення і двух байцоў, якія заступілі на суткі. Аднак воляй лёсу давялося пазнаёміцца амаль з усім калектывам: пяцёра з шасці супрацоўнікаў былі на сваіх рабочых месцах. Нават Андрэй Лапёнак, які знаходзіўся на дзень нашага візіту ў адпуску, не палічыўся з вольным часам, таксама прыйшоў на працу, каб дапамагчы таварышам падрамантаваць машыну, прызначаную для тушэння пажараў.

Не толькі гэты факт, але і многія іншыя, якія выявіліся падчас нашага візіту на пост, даказвалі асаблівыя адносіны работнікаў да сваёй справы. Трэба было бачыць, з якой упартасцю, вышукваючы паломку, яны “варажылі” над адкрытым капотам службовага аўтамабіля, з якім гонарам дэманстравалі нам тэхніку і як апантана расказвалі пра сваю работу. Нездарма пажарны аварыйна-выратавальны пост №13 лічыцца адным з лепшых у райаддзеле па надзвычайных сітуацыях.

– Мне работа па душы. Хай яна і не самая лёгкая, але мы – выратавальнікі – знаходзімся ў пастаянным руху, дынаміцы, – расказвае Дзмітрый Кучаронак, які на працягу года кіруе пастом. – Вядома, наша прафесія даволі цесна звязана з рызыкай, аднак разуменне таго, што ты некаму дапамог, дарагога каштуе!

Пажарны аварыйна-выратавальны пост №13 – так званы выязны. Яго супрацоўнікам даводзіцца абслугоўваць не толькі Ушацкі раён, але і частку суседніх – Полацкага і Глыбоцкага. Як нам расказаў Д.Кучаронак, бывала такое, што разам з іншымі падраздзяленнямі выязджалі на здарэнне ва Ушачах, а праз некаторы час, калі пагроза распаўсюджання пажару знікала, машыну плінскіх выратавальнікаў тэрмінова перанакіроўвалі, скажам, на Полацк. Чаму менавіта іх? Матэрыяльна-тэхнічная база паста на сённяшні дзень дазваляе эфектыўна спраўляцца з тушэннем пажараў. Сучасным аўтамабілем МАЗ з падключанымі ствалом высокага ціску і высоўнай мачтай пакуль не могуць пахваліцца іншыя падраздзяленні МНС раёна.

Нават пры ўмове, што няма выездаў на здарэнні, супрацоўнікі сочаць за належным станам тэхнікі, штодня займаюцца тэарэтычнай і фізічнай падрыхтоўкай, адпрацоўкай аператыўных планаў, удзельнічаюць у вучэннях і спартыўных спаборніцтвах.

На пастаянным кантролі супрацоўнікаў паста №13 і прафілактычная работа. Абследуюць домаўладанні на сваім участку, асабліва тыя, дзе пражываюць адзінокія людзі, інваліды, дзеці. Не просяць, а патрабуюць выконваць супрацьпажарную бяспеку. У чым яна заключаецца? Вядома ж, каб печ была спраўнай, калі трэба – заменена электраправодка, былі ўстаноўлены аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. Дзмітрый Цюкала вядзе гурток “Юны выратавальнік” у мясцовай школе, расказвае дзецям пра супрацьпажарную бяспеку, асаблівасці работы ў МНС. Карацей кажучы, працоўны працэс на пажарным аварыйна-выратавальным пасту №13, як і павінна быць у сапраўдных выратавальнікаў, наладжаны бездакорна.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *