В «битве агрогородков» победили культработники из Ореховно

Мир увлечений Творчество наших земляков

Гэтымі словамі могуць ахарактарызаваць месца, дзе яны жывуць, літаральна ўсе ўдзельнікі раённага конкурсу “Бітва аграгарадкоў”, фінал якога адбыўся ў нядзелю ў раённым Доме культуры.

Папярэднічалі ж гэтаму шоу два адборачныя туры. У першым, які прайшоў 30 лістапада ў Вяркудах, спаборнічалі прадстаўнікі аграгарадкоў Глыбачка, Арэхаўна і мясцовая каманда. Перамога дасталася арэхаўцам. А вось другая паўфінальная бітва (яна адбылася 14 снежня ў Кублічах) аказалася настолькі ўпартай і роўнай, што ў заключны этап прайшлі абодва яе ўдзельнікі – каманды гаспадароў і Вялікіх Долец. Забягаючы наперад, скажу, што гэтае супрацьстаянне працягнулася і ў фінале…

У першым конкурсе, дзе ўдзельнікі прадстаўлялі свае візітоўкі, найбольш крэатыўным падалося выступленне кубліцкай каманды, якая распавяла забаўную гісторыю пра мясцовага дамавічка (яго ролю выдатна сыграў вучань Кубліцкай школы Саша Клопаў), напалоханага пераўтварэннем вёскі ў аграгарадок і задумаўшага сысці з родных мясцін. Перашкодзіць гэтаму ўзялася кіраўнік справамі сельвыканкама Наталля Анатольеўна Падгол, а таксама прадстаўнікі розных службаў і ўстаноў – аддзялення “Беларусбанка”, пошты, магазіна, ФАПа, лясгаса, школы, мясцовай гаспадаркі. Пад гэткім напорам дамавічок не змог устаяць: згадзіўся, што ў аграгарадку жыць куды больш зручна, і пасяліўся ў клубе.

У другім конкурсе, падчас якога ўдзельнікі бітвы дэманстравалі свае творчыя здольнасці, у арсенале ўсіх каманд знайшліся дастойныя нумары. Стаўку на гратэскны гумар зрабілі вялікадальчане. Разыграныя імі сцэнкі са школьнага і бальнічнага жыцця павесялілі шматлікіх гледачоў з Вялікіх Долец, сярод якіх група падтрымкі была, бадай, самай гучнай. Мясцовыя педагогі на чале з дырэктарам установы адукацыі Р.Л.Аніскевіч праявілі сябе неардынарнымі артыстамі, адпавядалі ім і іншыя ўдзельнікі каманды. Ну і, канечне, як заўсёды на вышыні быў творчы аўтарытэт Пётр Алексяёнак.

А вось прадстаўнікі арэхаўскай каманды зрабілі ўпор на вакальныя нумары, якія вылучаліся грунтоўнай падрыхтаванасцю і прафесіяналізмам. Са сцэны гучалі як лірыка-патрыятычныя песні ў выкананні педагогаў Арэхаўскай школы і дзіцячага сада В.Жукавай і Т.Раманоўскай, так і задорны джаз юнай зорачкі Эвеліны Мядзведзевай. Былі ў канцэрце і “каронныя” нумары арэхаўцаў – песні вакальнай групы СДК і сцэнка ў выкананні вядомага творчага дуэта Людмілы Мядзведзевай і Яўгеніі Вітко.

На выніковую суму балаў паўплываў і трэці конкурс – выстава вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, разгорнутая ў фае РДК. На ёй былі прадстаўлены як работы ў традыцыйных папулярных жанрах, так і арыгінальныя навінкі – такой падаліся, да прыкладу, карціны кублічанак Алены Пятроўны і Ганны Семеж, вырабленыя ў рэдкай тэхніцы “энкаўстыка” – з дапамогай праса і каляровых мялкоў.

У любым конкурсе трэба падводзіць вынікі, і аўтарытэтнае журы, узначальвала якое намеснік старшыні райвыканкама В.І.Карчэўская, узнялося на сцэну, каб агучыць свой вердыкт. “Вельмі радуе той факт, што сёлета не толькі павялічыўся склад удзельнікаў конкурсу, але і ўзрасла якасць выступленняў”, – адзначыла Вольга Іванаўна. А член журы загадчык аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В.М.Захарэнка падкрэсліла: “Прыемна, што ў кожнай камандзе было многа моладзі – а гэта сведчыць аб перспектыўнасці нашых аграгарадкоў”. Што датычыцца вынікаў, то паядынак заўзятых сяброў-сапернікаў з Кубліч і Вялікіх Долец зноў завяршыўся мірам – яны набралі аднолькавую колькасць балаў. Агульную ж перамогу другі год запар атрымала каманда з Арэхаўна – менавіта ёй даверана права прадстаўляць раён на абласным конкурсе.

Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *