– Вы памятаеце наш паход у Улу? Я прапанавала вам потым напісаць водгук, кожнаму на сваю тэму. Табе, Галя, дасталася ноч.
– Я захоўваю вашы дзённікі. Засталося таксама мноства фатаграфій артыстаў, якія вы збіралі.
– А памятаеце, як хлопцы раскапалі маргарыткі з-пад снегу і дарылі нам?
Сведкай такога дыялогу паміж класным кіраўніком, заслужанай настаўніцай БССР Марыяй Сяргееўнай Каплеўскай і яе класам 1970 года выпуску Глыбачанскай школы стала ў канцы вечара, на развітанні. А як жа яны сустракаліся! І канечне проста не хапіла часу нагаварыцца, прыгадаць усё, што было, запытацца, як склалася жыццё пасля 40 гадоў.
Глыбачанская школа святкавала сваё 90-годдзе ў снежні, хоць няма дакладнай даты яе заснавання. Ну а гэта лічба выкрэслілася… з першага дакументальнага пасведчання – архіўнай даведкі, якая захоўваецца ў школе з 1970 года, і ў якой значыцца, што на 1 лістапада 1923 года ў Віцебскім Губана Полацкага ўезда лічыцца Глыбачанская трохгадовая школа, у якой вучылася 67 чалавек, працаваў адзін школьны і адзін тэхнічны работнік. Гісторыя школы вялася здаўна, аднак перад юбілейным вечарам дапытлівыя краязнаўцы, а ў прыватнасці выпускніца і сённяшні педагог школы Тамара Пятроўна Чумакова паднялі з таямніц і проста сістэматызавалі столькі матэрыялу, што хапіла б на важкі том. Сапраўды, настолькі яркія асобы працавалі ў гэтай школе і настолькі прыгожа расказвала пра ўсіх, знаходзячы нешта адметнае, Тамара Пятроўна, што напэўна варта будзе вярнуцца да гэтых лёсаў-біяграфій на старонках нашай газеты.
Актавая зала была застаўлена багата накрытымі столікамі. За імі па гадах заканчэння размяшчаліся былыя вучні. Уперадзе ўсё той жа выпуск Марыі Сяргееўны, настаўнікі-ветэраны, госці, на задніх радах моладзь, што размяняла 30 з невялікім… пасля заканчэння. Аповед пра школу суправаджаецца мультымедыйным паказам.
Вядома, што ў 1938 годзе дырэктарам быў Міхаіл Сямёнавіч Косцюшаў, а з гэтага часу да Вялікай Айчыннай вайны – Аляксандр Ціханавіч Гайдук. Ужо ў 1942 годзе ў глыбачанскіх лясах быў утвораны партызанскі атрад “Смерць фашызму”, у якім аказаўся і дырэктар, многія настаўнікі, і вучні. Цярэнцій Андрэевіч Гоманаў загінуў у першыя дні вайны ў Брэсце. У кожнага з 64 ганаровых вучняў школы свой франтавы лёс, аднолькавы ён у тым, што яны не вярнуліся дамоў.
Самай старэйшай выпускніцай і адзінай прадстаўніцай свайго нават не года, а пакалення была Таццяна Рыгораўна Волкава. Яна расказала пра свой выпуск 1953 года, назвала равеснікаў: Уліцкая, Базыленка, Тускенус і, канечне, настаўнікаў, у прыватнасці пачатковых класаў Кацярыну Іванаўну Іванковіч. Жанчына да нядаўняга часу яшчэ жыла ў Антунове, а сёння ў дачкі ў Віцебску. І хоць сама не змагла прыехаць па стане здароўя, затое ў зале была дачка Галіна Мікалаеўна, таксама выпускніца школы. Дарэчы, некалі школа была сямігодкай, а вось дзесяцігодку пакаленне Таццяны Волкавай заканчвала ў Дубраўцы. Зараз усё наадварот – адзінаццацікласнікі Дубраўскай едуць у Глыбачку.
Толькі што на экране паказвалі Алену Якаўлеўну Гуськову, Фёдара Фаміча Лашкевіча, Кацярыну Іванаўну і Марыю Пракопаўну Іванковіч, Праскоўю Міхайлаўну Свірскую, Марыю Барысаўну і Валянціну Фёдараўну Дубко, пра іх біяграфію расказвала Тамара Пятроўна, а вось падымаюцца дзеці настаўнікаў.
Самым настаўніцкім аказаўся клас М.С.Каплеўскай. Аляксандр Іванковіч, Тамара Свірская, Святлана Дубко, Галіна Іванковіч падымаліся і так расказвалі пра бацькоў, што складана было стрымаць слёзы. Ну а многія гэтага і не рабілі, бо не загаілася горыч страты. Настаўнік – гэта не прафесія, – сказаў Аляксандр Іванавіч, які і на гэты раз быў разам з лепшым сябрам Мікалаем Крупскім. Іх усе і памятаюць заўсёды побач, ды і дзень нараджэння ў адзін дзень – 8 сакавіка. Ён расказваў пра сваю матулю Марыю Пракопаўну, аднак літаральна ўсе яны больш аддавалі чужым дзецям, забываючыся пра сваіх. Старая школа знаходзілася на беразе возера, і тая ж Марыя Сяргееўна сёння з жахам узгадвала, як кідала сваіх малых дзяцей адных і яны гулялі на кладцы. Як яе ж клас дапамагаў ёй хворай: наносілі дроў і працеплівалі імі, сырымі, печ…
Іван Васільевіч Законнікаў узначальваў школу з 1956 па 1960. Нават па здымках бачна, наколькі кіпела тады жыццё. Гурток “Усход” наведвалі не толькі ўласныя дзеці, але і многія іншыя школьнікі, што спрабавалі рыфмаваць радкі. І хоць не было ў зале пяцярых дзяцей Івана Васільевіча і Валянціны Фёдараўны Дубко, затое зачытала Тамара Пятроўна тэлеграму за подпісам Міхася, Валерыя, Сяргея, Алены і Вольгі.
Выдатнік адукацыі СССР і Беларусі Надзея Трафімаўна Старадуб была дырэктарам з 1960 па 1962, пры ёй школа разводзіла трусоў і качак. На юбілей жанчына даслала ліст з пажаданнямі і артыкул, які пісала пра яе 80-гадовы юбілей восенню гэтага года газета Верхнядзвінскага раёна. З 1962 па 68-ы – кіраўніцтва пераняў Аляксандр Пятровіч Краўчанка, потым на пяць гадоў Міхаіл Канстанцінавіч Каплеўскі, пры якім у школе з’явіўся буфет і сталовая, распачалося стварэнне музея, а настаўнікі захоўваюць шмат здымкаў са шматлікіх падарожжаў. З 1973 па 1977 установу ўзначальваў Валянцін Уладзіміравіч Талочка, які сам вадзіў дзяцей у паходы, два наступныя – Лідзія Іванаўна Ліскова, на свята прыехаў яе муж і былы настаўнік геаграфіі Мікалай Паўлавіч. Па 1983 год дырэктарам быў Іван Сямёнавіч Жарнасек, па 87-ы — Ніна Пятроўна Фёдарава, якую жанчыны ў зале і сёння памятаюць як выдатную рукадзельніцу, што майстравала дзіўныя вязаныя рэчы. Пры ёй быў адкрыты школьны музей, у якім экспазіцыю рабіў усім вядомы Дзям’ян Уладзіміравіч Крупеня. На адным з яго палотнаў – подзвіг Барыса Іванавіча Юркіна, імя якога школа носіць з 1966 года. Высветлілася, што мастак таксама працаваў у школе – выкладаў выяўленчае мастацтва, як сёння жартуе – па непаразуменні, калі выйшаў на пенсію. Трымаць пэндзаль Дзям’ян Уладзіміравіч навучыў не адно пакаленне глыбачанцаў, таму што вёў адпаведны гурток у Доме культуры. Гэту школу скончылі дзве яго ўнучкі. Яшчэ адзін шаноўны ветэран аграгарадка і племсаўгаса, як аказалася, па сумяшчальніцтве быў педагогам. Раслінаводства і жывёлагадоўлю тут выкладаў у пачатку сямідзясятых Яўген Васільевіч Аксяновіч. Памятаюць сёння ў школе і неўгамонную піянерважатую Алену Васільеўну Кучко. А спектакль “Дзівосы на калёсах” з удзелам яе, М.К.Каплеўскага і многіх іншых настаўнікаў і вучняў нават зняты на тэлебачанні. Тады у школе быў драмтэатр.
Марыя Фёдараўна Папельская цягнула на сабе воз кіраўніка працяглых 10 гадоў, умелы арганізатар абапіралася на касцяк такіх жа маладых педагогаў і, канечне, на мужа Рамана Дзмітрыевіча, які выкладаў ваенную справу. Святлана Сямёнаўна Маскаленка, Кацярына Іванаўна Хадунова, Лідзія Сцяпанаўна Талочка, Надзея Кірылаўна Лемешава, Лізавета Фёдараўна Яско – педагогі, якія сёння носяць званне ветэранаў, на жаль, нямногія з іх былі ў зале. А вось Галіна Леанідаўна Кляпец, якая была дырэктарам з 1997 па 2009 – кажа, што і сама вучылася ў калектыву. Яе ж называюць кіраўніком-эксперыментатарам, які спачатку апрабоўвае навінкі на сабе, яна ж была ўдзельніцай ІІ Усебеларускага сходу. На дырэктарства Святланы Васільеўны Зайцавай выпала нялёгкая ноша капітальнага рамонту школы. Ну а рытм сённяшняга кіраўніка і ініцыятара свята Віктара Пятровіча Котава наогул нялёгка вытрымаць. Так прызнаваліся педагогі. А выпускнікі… гаварылі дзякуй.
Дырэктар КУСГП “Глыбачаны” Сяргей Іванавіч Кірпічонак не мог не з’явіцца на свята. Ён шэф і спонсар, паколькі ва ўсе часы школа і гаспадарка ішлі поруч і многія добрыя справы атрымоўвалася ажыццявіць дзякуючы таму, што вельмі моцна трымаўся на нагах племсаўгас “Глыбачаны”. Аднак ён прыйшоў сюды ў першую чаргу як выпускнік гэтай школы. А тая ж Марыя Сяргееўна прыгадала, як у школьны час ініцыятыўнаму Сяргею Кірпічонку давяралі любую арганізацыйную работу.
Ды і старшыня Глыбачэнскага сельвыканкама Людміла Валянцінаўна Храмцова была тут не толькі па доўгу службы. З якім замілаваннем яна глядзела на здымкі бацькоў, як і сястра Ларыса, і брат Віталь. Дынастыя Талочкаў – педагагічная, усе дзеці ўслед за бацькам абралі прафесію матэматыка. Віталь Валянцінавіч прыехаў на вечар ажно са Жлобінскага раёна. А некалі выкладаў матэматыку і вадзіў у турыстычныя паходы ўшацкіх школьнікаў, праводзіў двухдзённыя зарніцы. Такое не забываецца, – казаў Віталь Валянцінавіч, які сёння, між іншым, суддзя І катэгорыі рэспубліканскага ўзроўню па валейболе, іскрысты, апантаны сваёй справай настаўнік.
Вось на экране вялікі аркестр. На сцэне нават таго, вялізнага Дома культуры і то займаў усю сцэну. Выканаўцы ў касцюмах. Столькі мужчын, што сёння ў гаспадарцы столькі ці адшукаеш, – раздаюцца жарты з залы. А іх у хоры было сапраўды 16. А ўсё гэта Народны хор, якім кіравала маладая выпускніца Полацкага музычнага вучылішча і Глыбачанскай школы Зоя Ягораўна Бычкова. Іх зоркавы хор таксама стаў гісторыяй. Яна ж, паспяховая, упэўненая і ўдзячная школе, з такой цеплынёй расказвала, як стала музыкантам. “Неяк у пятым класе, нават не падумаўшы, на пытанне “кім буду” выпаліла: музыкантам. І так атрымалася. А наогул я шчаслівая, што нарадзілася і вырасла тут, дзе працавалі такія вялікія людзі”.
Не магла стрымаць сябе на думцы, што яны ўсе, звязаныя з Глыбачанскай школай – як адна сям’я. Такое спляценне лёсаў. Ці як сказала адна з выпускніц, Юлія Кляпец – кругаварот: “Вось тут у зале Вольга Мікалаеўна Захарэнка, якая вучыла мяне, і Віктар Пятровіч Котаў – мой вучань”. Так, цяперашні дырэктар школы не мясцовы, а вось у Віцебскім універсітэце імя Машэрава інфарматыку яму выкладала залатая медалістка Глыбачанскай школы. Пакуль што іх толькі тры ў залатой старонцы школы: Юлія Кляпец, Алена Волкава, Наталля Хвошч, у якой срэбраны медаль. Усе з маладога пакалення – выпускніцы 90-х гадоў. Хоць гэта зусім і не важна, якім быў атэстат. Галоўнае, усе яны выраслі дастойнымі людзьмі. І як гаворыць М.С.Каплеўская, яна заўсёды расказвае сыну, што хлеб расцяць яе вучні Васіль Тускенус і Васіль Сапега, мёдам забяспечвае раён Аляксандр Мядзюшка. А ў падарунак школе яна прывезла не проста кнігі, а новыя беларускамоўныя, сярод якіх апавяданне “Кабанчык”, якое раіла абавязкова пачытаць вучням Тамары Пятроўны Чумаковай. Ён пра тое, як на вёску да бацькоў едуць… за кабанчыкам, а не каб дапамагчы.
“Нам было цікава, мы аб’ехалі палову Савецкага Саюза, – казала ў сваім выступленні Ларыса Цыркун, якая сёння працуе ў адным з банкаў сталіцы. – Няхай у настаўнікаў застаецца гэты творчы пачатак”. І ведаеце, хоць і не вучылася ў гэтай школе, але адчула, наколькі сапраўды цікава жылі тут літаральна ўсе пакаленні школьнікаў, наколькі моцны, творчы тут працаваў і працуе калектыў.
Яны прыехалі з Фарынава, Віцебска, Наваполацка, Мінска. Розныя па ўзросце, інтарэсах і характарах. І з агульным радком у біяграфіі – выпускнікі Глыбачанскай школы. І сёння, хаця пасля юбілейнага вечара, прысвечанага 90-годдзю Глыбачанскай школы, мінуў лічы што месяц, упэўнена, што прыгадваць яго ўсе прысутныя будуць яшчэ не два і не чатыры. Такое не забываецца.
В.КАРАЛЕНКА