Братская могила воинов и партизан в агрогородке Кубличи встречает 60-летие в отличном состоянии

70-годдзе Перамогі Благоустройство

Цэнтр сучаснага аграгарадка Кублічы цяжка ўявіць сабе без помніка на брацкай магіле воінаў і партызан – для цяперашніх жыхароў населенага пункта ён з’яўляецца адным са звыклых добраўпарадкаваных элементаў ушанавання абаронцаў Айчыны. Хоць прыгожая бетонная агароджа, абліцаваны пліткай абеліск, на гэтым месцы насупраць мясцовага сельвыканкама з’явіліся адносна нядаўна. Такім чынам мясцовыя ўлады спынілі разбурэнне помніка, які, дарэчы, ахоўваецца дзяржавай, бо ўваходзіць у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў мясцовага значэння. Карэнныя вяскоўцы ва ўзросце памятаюць зусім іншы яго выгляд. Абеліск у Кублічах на брацкай магіле воінаў і партызан адзін са старэйшых помнікаў на воінскіх пахаваннях нашага раёна – у наступным годзе яму споўніцца 60 гадоў.

Трохметровы абеліск з бетону з’явіўся на брацкай магіле ў 1954 годзе, месца пахавання абгарадзілі. Ненаўмысна “патурбавалі” пахаванне пры будаўніцтве аграгарадка ў 2007 годзе, калі пры пракладцы цеплатрасы былі ўзняты на паверхню косці некалькіх чалавек. Высветлілася, што памеры брацкай магілы, якія першапачаткова лічыліся 12 на 6 метраў, на самой справе большыя. Астанкі перапахавалі тут жа, бліжэй да помніка, а пасля капітальнага рамонту ён набыў свой цяперашні выгляд. Вельмі ўдзячна старшыня Кубліцкага сельвыканкама Ірына Віктараўна Ластаўка працаўнікам Ушацкай ПМК-66, якія не толькі выканалі работы па рамонце абеліска, але за ўласны кошт набылі і ўстанавілі агароджу, дапамагаюць падтрымліваць парадак на пахаванні і зараз.

Па афіцыйных звестках у брацкай магіле ў Кублічах пахавана 82 чалавекі, з якіх больш паловы – партызаны. Цікава, што з ліку партызан шмат прадстаўнікоў суседняга Шумілінскага раёна. Як вядома з баявых данясенняў аб беззваротных стратах Беларускага штаба партызанскага руху, у наваколлі Кубліч у 1943-1944 гадах вяла актыўныя баявыя дзеянні 2-я Сіроцінская брыгада Кароткіна (Талаквадзэ), значную частку асабовага складу якой складалі жыхары сучаснага Шумілінскага раёна. Прычым асноўная частка загінуўшых першапачаткова была пахавана ў розных месцах. Тое самае можна сказаць і пра воінаў Чырвонай Арміі. Прывядзём тэкст афіцыйнага данясення савецкага інфармацыйнага бюро ад 29 чэрвеня 1944 года: “На Полацкім накірунку нашы войскі вялі наступальныя баі, у ходзе якіх авалодалі раённымі цэнтрамі Віцебскай вобласці гарадамі Ушачы і Ветрына, а таксама занялі больш 150 іншых населеных пунктаў, у тым ліку буйныя: Лысая, Валюшчына, Астраўляны, Варонічы, Арэхаўна, Кублічы, перарэзалі чыгуначную дарогу Полацк-Маладзечна”. Але ў спісе загінуўшых воінаў Чырвонай Арміі, якія пахаваны ў брацкай магіле Кубліч, розныя даты гібелі байцоў. Тлумачыцца гэта тым, што імклівымі ўдарамі 1-га танкавага корпуса 1-га Прыбалтыйскага фронту ў розных месцах прарывалася абарона гітлераўцаў, часці і злучэнні якіх аказваліся ў тыле і вялі разрозненыя баявыя дзеянні з ідучымі следам пяхотнымі фарміраваннямі савецкіх дывізій і карпусоў. І хоць афіцыйна датай вызвалення раёна лічыцца 29 чэрвеня 1944 года, большасць чырвонаармейцаў, якія вызвалялі тэрыторыю сучаснага Кубліцкага сельсавета, загінулі пазней – з 30 чэрвеня па 2 ліпеня. З данясенняў аб беззваротных стратах розных часцей бачна, што гэта былі ў асноўным байцы 1-га танкавага корпуса, 46 механізаванай брыгады, 51-ай Гвардзейскай стралковай дывізіі, большасць з якіх загінула пры штурме безыменнай вышыні 147,1 – зараз гэта найвышэйшы пункт раёна ля Гушчынскай Слабодкі. З0 чэрвеня 1944 года ля вёскі Катоўшчына фашысты падбілі савецкі танк, у якім згарэў камандзір Мікалай Кочкін, разам з ім загінулі танкісты Іван Шалаеў і Мікалай Крошкін. Зараз імёны гэтых байцоў 117-ай танкавай брыгады занесены ў спісы кубліцкага воінскага пахавання, бо пасля вызвалення туды былі перапахаваны астанкі з навакольных вёсак Гамылёва, Чарапоўшчыны, Прудоў, Катоўшчыны, Ліпава і іншых.

Зацікавіла мяне дата гібелі аднаго з пахаваных у Кублічах байцоў. Сухія радкі архіўных дакументаў сведчаць, што “чырвонаармеец войскаў аховы тылу, ураджэнец Арджанікідзаўскага краю Кашарны Іван Барысавіч загінуў падчас бою з групай немцаў 17 ліпеня 1944 года” – праз два тыдні пасля асноўных баявых дзеянняў на тэрыторыі раёна заставаліся недабітыя гітлераўцы!

Воіны розных нацыянальнасцей з розных куткоў вялікай дзяржавы склалі свае галовы за вызваленне Кубліч і навакольных вёсак – у спісах загінуўшых акрамя прадстаўнікоў славянскіх народаў асеціны, узбекі, казахі, марыйцы, кіргізы і азербайджанцы. У сваю чаргу і шмат ураджэнцаў тутэйшых мясцін на працягу Вялікай Айчыннай вайны былі прызваны ў Чырвоную Армію па ўсім былым Савецкім Саюзе. Іх прозвішчы сустракаюцца ў спісах ваенкаматаў не толькі сучаснай Беларусі, а і Алтайскага краю, Казахскай і Украінскай ССР, гарадоў Сібіры і Далёкага Усходу. І калі за вызваленне іх малой радзімы склалі свае галовы ўраджэнцы іншых мясцін, многія выхадцы з Кубліч загінулі і пахаваныя далёка ад яе. Звярнуў увагу на тое, што шмат сярод іх афіцэраў. Напрыклад, падпалкоўнік 25 стралковай дывізіі Прыморскай Арміі Адольф Пятровіч Гатаўскі загінуў на трэці месяц вайны падчас гераічнай абароны Адэсы. Калі часці Чырвонай Арміі гналі гітлераўцаў з тэрыторыі Беларусі, за вызваленне Кубліч і навакольных вёсак аддаў сваё жыццё малдаванін гвардыі яфрэйтар Іван Лысенка, а кублічанін Уладзімір Іванавіч Гугалімскі, лейтэнант 64 механізаванай брыгады загінуў у баях за Бесарабію (тэрыторыя сучаснай Малдовы). Шэсць дзён не дажыў да вызвалення родных мясцін малодшы лейтэнант, камандзір стралковага ўзвода 13 асобнага штурмавога стралковага батальёна Ананій Паўлавіч Шэрман, які загінуў 23 чэрвеня 1944 года і пахаваны ў Аршанскім раёне. Многа ўраджэнцаў кубліцкіх мясцін прапалі без вестак на франтах, асабліва ў першыя месяцы вайны, шмат загінула ўжо пасля вызвалення раёна, калі байцы партызанскіх брыгад уліліся ў часці дзеючай арміі і ў складзе злучэнняў 1-га Прыбалтыйскага фронту ўдзельнічалі ў жорсткіх баях за вызваленне Літвы, Латвіі, Эстоніі, пры штурме Кёнігсберга і іншых умацаваных раёнаў Усходняй Прусіі…

Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан у Кублічах – адзінае воінскае пахаванне на тэрыторыі сельсавета і адно з буйнейшых у заходняй частцы раёна. Заўсёды дагледжанае, яно з’яўляецца адным з прыкладаў па ўтрыманні памятных месцаў, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, месцам патрыятычнага выхавання мясцовай моладзі і візітнай карткай аграгарадка.

Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *