Конфискация автомобилей у нетрезвых водителей: оправданная мера или слишком суровое наказание?

Выясняем ситуацию Закон - один для всех Калейдоскоп

Суровыя меры пакарання нецвярозых вадзіцеляў, неабходнасць якіх дыктавала само жыццё, сталі рэальнасцю. 24 кастрычніка 2013 года ўступіў у сілу Закон “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь па пытаннях узмацнення мер адказнасці за кіраванне транспартным сродкам у стане ап’янення”. Са спецыялістамі ДАІ мы паспрабавалі разабрацца ў нюансах дакумента, практычным увасабленні некаторых яго норм.

Новае заканадаўства прымушае аматараў выпіць і сесці за руль сур’ёзна задумацца і змяніць свае паводзіны. Цяпер кіраванне транспартам у стане алкагольнага ап’янення, перадача кіравання п’янаму чалавеку або адмова прайсці медыцынскі агляд могуць каштаваць вадзіцелю-парушальніку 13 мільёнаў рублёў. Памер штрафу ўстаноўлены ад 50 да 100 базавых велічынь (раней было ад 15 да 35). Разам са штрафам вадзіцель пазбаўляецца права кіравання транспартам на тры гады.

Штраф у такім жа памеры прадугледжаны і для “бяспраўнікаў”. Да таго ж, грамадзянін, які не мае вадзіцельскага пасведчання і затрыманы п’яным за рулём, ужо не зможа атрымаць гэты дакумент у бліжэйшыя тры гады. Раней такой меры пакарання не было.

Як зазначыў старшы дзяржаўтаінспектар ДАІ Ушацкага РАУС Аляксандр Лісоўскі, Законам унесены дапаўненні і ў артыкул 317 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Парушэнне Правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў”. Адказнасць зараз з’яўляецца дыферэнцыраванай. Калі п’яны вадзіцель здзейсніў дарожна-транспартнае здарэнне, у выніку чаго загінуў або атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні чалавек, то вінаватаму пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі. Калі ДТЗ забрала жыцці двух і больш асоб, то нецвярозы шафёр можа быць прыцягнуты да адказнасці тэрмінам да дзесяці гадоў. У абодвух выпадках прадугледжана пазбаўленне права займаць пэўныя пасады.

Нельга не закрануць бадай што самае дыскусійнае новаўвядзенне сярод мер адказнасці, прадугледжаных прынятым Законам, – гэта канфіскацыя транспартных сродкаў. Калі грамадзяніна двойчы на працягу года затрымалі “падшафэ” за рулём, то транспартны сродак арыштоўваецца і знаходзіцца на штрафстаянцы да разгляду крымінальнай справы судом. Прычым няма розніцы, хто з’яўляецца ўласнікам аўтамабіля: сам парушальнік-вадзіцель, яго сваяк, знаёмы, іншая прыватная ці юрыдычная асоба. У даход дзяржавы транспартны сродак пяройдзе пасля таго, як уступіць у законную сілу рашэнне суда. Чалавек, у якога канфіскавалі машыну, мае права выкупіць яе, але на агульных з іншымі падставах.

Канфіскацыі не падлягае транспарт у тых выпадках, калі ўласнік (карыстальнік) пазбавіўся яго насуперак сваёй волі ці ў выпадку супрацьпраўных, злачынных дзеянняў іншых грамадзян. “Аднак трэба папярэдзіць аўтаўладальнікаў, якія паспрабуюць пазбегчы канфіскацыі сваёй машыны, заявіўшы што нібыта ўкралі (угналі), – адзначыў А.Лісоўскі. – Існуе і крымінальная адказнасць за лжывы данос”.

Першае рашэнне аб канфіскацыі аўтамабіля за паўторнае “п’янае” кіраванне вынес суд Першамайскага раёна Мінска. Парушальнік атрымаў паўтара года папраўчых работ з утрыманнем часткі заробку ў даход дзяржавы, амаль сорак мільёнаў рублёў штрафу і пазбавіўся правоў на тры гады. Прысуд быў вынесены мякчэй максімальна магчымага дзякуючы чыстасардэчнаму прызнанню вінаватага. І хоць гэта не выратавала яго ад страты машыны, але дапамагло не аказацца ў турме. Зрэшты, гэты першы выпадак – далёка не апошні. Ужо зараз у судах краіны знаходзяцца справы некалькі дзясяткаў чалавек, якім рэальна “свеціць” аналагічны прысуд.

П’яных ліхачоў ва Ушачах усе гэтыя факты, здаецца, пакуль палохаюць мала. Як нам паведамілі ў райаддзеле міліцыі, за 2013 год за паўторнае на працягу года кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення да крымінальнай адказнасці прыцягнута сем чалавек (у 2012-м было восем). Ёсць выпадкі затрымання п’яных вадзіцеляў, якія “рассякалі” па ўшацкіх дарогах, і сёлета. У цэлым жа па краіне агульная колькасць затрыманых нецвярозых шафёраў за час дзеяння Закону скарацілася амаль на 50 працэнтаў (“пікі” традыцыйна прыходзяцца на выхадныя). Гэта значыць станоўчы эфект ёсць.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *