Словы вучонага-псіхолага С.Рубінштэйна: “Сэнс чалавечага жыцця – быць крыніцай святла і цеплыні для іншых людзей” – з поўным правам могуць выкарыстаць у якасці дэвіза ўдзельнікі конкурсу “Лепшы сацыяльны работнік 2013”, а таксама іх калегі, якія сабраліся напрыканцы снежня ў зале раённага Дома культуры.
Сёлетняя формула правядзення конкурсу была чымсьці падобная на мінулагоднюю. Аднак калі ў 2012-м за перамогу змагаліся мужчынская і жаночая каманды, то на гэты раз — каманды вопытных і маладых сацыяльных работнікаў. Апошняя, за якую выступалі Ніна Валер’еўна Балаган, Ася Анатольеўна Калачова, Анастасія Анатольеўна Залатая і Таццяна Пятроўна Дубровіна, абазначыла сваю моц і амбіцыі гаваркой назвай “Надзея і апора”. Але Галіну Ягораўну Юдзінцаву, Ніну Мікалаеўну Гатаўскую, Ніну Пятроўну Хамёнак і Васіля Васільевіча Літвіновіча гэтым не напалохалі – ды і ці ж можна чымсьці збянтэжыць каманду з назвай “ТЦСАН”, ці “Таленавітыя Цэнныя Супрацоўнікі, якія Абслугоўваюць Насельніцтва”?
Прафесія сацработніка вельмі няпростая, яна патрабуе цярплівасці, адказнасці, спагадлівасці і працавітасці. Як паказаў конкурс, усё пералічанае ў нашых сацыяльных работнікаў ёсць. Добра падкаваны яны ў тэарэтычных пытаннях, што пацвердзіла адпаведнае выпрабаванне. З лёгкасцю выканаюць любую даручаную справу: і бульбы начысцяць, і вады наносяць, і ліст родным сваіх падапечных напішуць. Не разгубяцца, калі спатрэбіцца аказаць першую медыцынскую дапамогу, бо добра ведаюць, як прывесці ў прытомнасць чалавека, накласці павязку ці жгут.
І нарэшце надышла чарга апошняга, самага відовішчнага конкурсусу – творчага. Даўно не бачыла столькі талентаў разам. Было тут усё: вершы, песні, танцы, але самае яркае – канечне ж, міні-прадстаўленні. Запомніліся вясёлыя ўдзельніцы імправізаванага кастынгу, а таксама яго непасрэдны арганізатар таварыш Тугадум, у якога часова ператварыўся прадстаўнік каманды “ТЦСАН” В.В.Літвіновіч. Часам ад смеху гледачы літаральна складваліся папалам, выціралі слёзы, апладзіравалі, не шкадуючы далоняў, выкрыкваючы “Малайцы! Брава!” Сапраўдны фурор выклікала прадстаўленне “маладой” каманды – кранальныя сюжэты з удзелам такіх герояў, як анёл, бездапаможны інвалід, адзінокая жанчына, яскрава, кранальна раскрывалі сутнасць дзейнасці сацыяльнага работніка, прымушалі задумацца пра сэнс чалавечага жыцця.
Членам журы было няпроста ацаніць таленты, што раскрыліся перад імі. І ўсё ж з перавагай у адзін бал пераможцам конкурсу выйшла моладзь. Абедзве каманды атрымалі памятныя падарункі, а святочны настрой усім прысутным паспяхова стварылі работнікі раённага Дома культуры.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ