Новый торт «Ушачанка» пришёлся по вкусу жителям не только Ушачского района

Калейдоскоп Экономика и малый бизнес

Рэцэпт торта “Ушачанка”, што зараз актыўна заваёўвае густ сваіх зямлячак, інжынер-тэхнолаг кандытарскага цэха Ала Іосіфаўна Жахоўская прыдумала разам з брыгадзірам Вольгай Сцяпанаўнай Чыканавай, якая зараз знаходзіцца ў водпуску па доглядзе за дзіцём. Штосьці “падгледзелі” ў кнізе рэцэптур, штосьці дадумалі самі. Дэгустацыю праводзілі на сабе ды іншых работніках прадпрыемства грамадскага харчавання райспажыўтаварыства – спадабалася. Асаблівасць яго прыгатавання – у масляна-тварожнай начынцы, надаючай вырабу своеасаблівы смак, які хутка прыйшоўся да спадобы і спажыўцам.

“Кава з вяршкамі”, “Бісквітна-крэмавы”, “Казка”, “Графскія разваліны” і вось зараз “Ушачанка” – гэта самыя хадавыя з 10 відаў тартоў, якія карыстаюцца попытам не толькі сярод жыхароў нашага раёна, але і суседніх.

– Вырабляем тарты пад заказ і для рознічнага гандлю, пастаянна яны ў наяўнасці ў кулінарыі, магазінах “Родны кут”, “На Віцебскай”, “Цэнтральны”, вялікім попытам карыстаецца “Ушачанка” ў буфеце цэнтральнай раённай бальніцы, – расказвае Ала Іосіфаўна. – Па астатніх гандлёвых кропках гарпасёлка і ў сельскія магазіны райспажыўтаварыства пастаўляем тарты і іншыя кандытарскія вырабы па меры паступлення заявак. Робім іх розныя – масай ад 0,5 і да… колькі захоча пакупнік, даводзілася і трохкілаграмовыя вырабляць.

Вопытных кандытараў Алену Валер’еўну Мацвееву, Наталлю Анатольеўну Шэўчанку і Жанну Іванаўну Мініцкую на рабочым месцы не застаў, бо для таго, каб мы атрымалі іх смачную прадукцыю свежай, жанчыны працуюць у асноўным ноччу. Тарты дзіцячай тэматыкі вырабляюць любой формы, улічваючы пажаданні кліентаў. У выглядзе матылькоў, вожыкаў, матрошак ужо нікога не здзівіш, заказваюць і “аўтамабілі”, асабліва на імяніны хлопчыкаў. Часта тарты звычайнай формы аздабляюць дадаткова. Вось і новы сорт “Ушачанка” ў простым выкананні мае цёмна-карычневы колер, бо глазураваны шакаладам, на тых жа, што робяцца на заказ, майстры-кандытары выканаюць узоры на любы густ.

– З Полацка часта заказваюць, асабліва да юбілеяў, на вяселлі – у нас якасць лепшая – толькі натуральныя інгрэдыенты, а па цэнах выходзіць прывабней, кілаграм каштуе дзесьці каля 50 тысяч рублёў, а асобныя віды – яшчэ танней, – падключаецца да размовы Галіна Сяргееўна Шорац, начальнік грамадскага харчавання райспажыўтаварыства. – Зразумела, што асноўны сезонны ажыятаж прыходзіцца на святы. У мінулым годзе з 28 па 31 снежня рэалізавалі каля тоны тартоў, думаю, што ў гэтым годзе будзе не менш, улічваючы заяўкі і ад арганізацый, і ад насельніцтва.

Прадукцыя кандытарскага цэха спецыфічная, некаторыя віды вырабаў маюць тэрмін годнасці толькі 36 гадзін. Таму, каб максімальна выключыць страты, працуюць па папярэдніх заказах, вывучаюць рынкі збыту, пры неабходнасці чаргуюць змены, прыслухоўваюцца да меркавання спажыўцоў. А самае галоўнае – заўжды думаюць аб тым, каб парадаваць ушачан нечым новым, на любы густ і кошт.

Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *