На дабрачынную навагоднюю ёлку ў раённы Дом культуры 26 снежня завіталі Дзед Мароз і Снягурка. Гэтая падзея стала прыемным сюрпрызам для ўшацкіх дзяцей-сірот, інвалідаў, выхаванцаў сацыяльнага прытулка і ўсіх тых, хто па волі лёсу застаўся без бацькоўскай апекі.
Арганізатары мерапрыемства пастараліся зрабіць усё магчымае, каб свята атрымалася яркім, запамінальным, па-сапраўднаму казачным. З цёплымі віншаваннямі да дзяцей звярнуўся старшыня Ушацкага райвыканкама Віктар Віктаравіч Родзіч, які пажадаў малышам поспехаў у вучобе, удачы, здзяйснення ўсіх мар. Не засталіся ўбаку і дзеці – яны павіншавалі кіраўніка раёна з надыходзячым Новым годам і ўручылі яму памятны падарунак. Нікога не пакінула раўнадушным тэатралізаванае прадстаўленне, а таксама вершы і песні ў выкананні дзяцей, карагоды і конкурсы ля прыгажуні-ёлкі. Ну а колькі ў малых было радасці, калі Дзед Мароз са Снягуркай пачалі раздаваць падарункі!
– Многіх гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак ведаю, бо не так даўно даводзілася забіраць іх, паўгалодных, паўраздзетых, абцяжараных зусім не дзіцячымі праблемамі, у гора-бацькоў, – заўважыла ў прыватнай размове намеснік старшыні райвыканкама Вольга Іванаўна Карчэўская, якая курыруе ў раёне сацыяльную сферу. – Таму сёння вельмі прыемна бачыць іх такімі прыгожымі, прыбранымі, са шчаслівымі ўсмешкамі на тварах. Паказальна і тое, што раздзяліць радасць святочнага дзейства з малышамі прыйшлі і іх прыёмныя бацькі.
Прыемны сюрпрыз чакаў у гэты дзень выхаванцаў сацыяльнага прытулка – віншаванні і падарунак ад вучняў Арэхаўскай школы, які юныя валанцёры падрыхтавалі ў рамках акцыі “Цуды на Каляды”.
На наступны дзень, 27 снежня, падобнае дабрачыннае навагодняе свята сабрала ў раённым Доме культуры дзяцей з мнагадзетных і малазабяспечаных сямей, пераможцаў алімпіяд, творчых конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў, актывістаў грамадскага руху, дзяцей-інвалідаў. Усе без выключэння атрымалі ад мерапрыемства шмат станоўчых эмоцый, зарад бадзёрасці і аптымізму.
Хочацца пажадаць, каб усе малышы абавязкова адчувалі падтрымку і клопат з боку дарослых людзей. Не толькі ў перыяд навагодніх святаў, а кожны дзень, у кожны момант іх дзяцінства. Няхай яно будзе шчаслівым!
***
Ці лёгка быць Дзедам Марозам? Напэўна, не: паспрабуй выканаць столькі жаданняў, развезці ўсе падарункі! А ці прыемна радаваць гэтымі святочнымі атрыбутамі дзяцей? Безумоўна, да. Таму ў пераднавагоднія дні многія дарослыя на некаторы час адкладаюць убок свае важныя справы і дапамагаюць казачнаму Дзеду — раздаюць малым навагоднія падарункі, віншуюць іх са святам. Так па ўсёй краіне і ў нашым раёне праходзіць акцыя «Нашы дзеці».
Асаблівая ўвага ў гэтыя перадсвяточныя дні з боку грамадскіх арганізацый, аб’яднанняў, прафесійных саюзаў, прадпрыемстваў, індывідуальных прадпрымальнікаў, усіх нераўнадушных людзей была нададзена хлопчыкам і дзяўчынкам з няпростым лёсам. Так, раённымі арганізацыямі прафсаюзаў работнікаў АПК, адукацыі і навукі, культуры, дзяржаўных і іншых устаноў наведаны ўсе дзеці-інваліды раёна. Малыя шчыра радаваліся не толькі атрыманым падарункам, але і ўвазе да сябе.
Як заўсёды шмат гасцей у перадсвяточныя дні пабывала ў дзіцячым сацыяльным прытулку — яго выхаванцы атрымалі прыгожыя цацкі, мяккія падушкі, новыя цёплыя коўдры і шмат іншых падарункаў.
Традыцыйна актыўна ўключыўся ў правядзенне акцыі «Нашы дзеці» райкам БРСМ. Яго прадстаўнікі падрыхтавалі сувеніры і навагоднія падарункі 8 дзяцям-інвалідам, а таксама 5 маладым людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Некаторым гэтыя святочныя атрыбуты былі ўручаны падчас дабрачыннай раённай ёлкі, ну а тым хлопчыкам і дзяўчынкам, якія па розных прычынах не змаглі прысутнічаць на мерапрыемстве, актывісты грамадскага аб’яднання даставілі па месцы жыхарства.
Не засталіся без увагі ў перадсвяточныя дні і маленькія пацыенты дзіцячага і інфекцыйнага аддзяленняў райбальніцы — дзеці атрымалі падарункі ад раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.
* * *
Як вядома, пажылыя людзі і дзеці ў многім падобныя: ім больш чым каму патрэбны ўважлівыя адносіны і клопат. Менавіта таму ў рамках навагодніх дабрачынных мерапрыемстваў раённая арганізацыя РГА «Белая Русь» сумесна з ветэранскай арганізацыяй наведалі аддзяленне кругласутачнага прабывання для пажылых людзей і інвалідаў у аграгарадку Вяркуды — падарункі атрымалі ўсе 23 бабулі і дзядулі ўстановы. Цёплыя віншаванні, пачастункі ад раённай арганізацыі «Беларускі фонд міру» атрымалі напярэдадні свята і 45 пацыентаў сацыяльных палат Вялікадолецкай, Глыбачэнскай, Дубраўскай бальніц сястрынскага догляду.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.