1 студзеня 2014 года для работнікаў Ушацкага раённага ваеннага камісарыята – гэта не толькі навагодняе свята, а яшчэ і адметны юбілей. Менавіта ў першы дзень 1944 года быў створаны наш райваенкамат.
Хоць да вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на той момант было яшчэ паўгода, непазбежнасць гэтай падзеі была відавочнай, таму на тэрыторыі краіны пачалі стварацца райваенкаматы, якія ў пасляваенны час павінны былі праводзіць вялікую работу: дэмабілізоўваць вайскоўцаў, расчышчаць тэрыторыю ад мін і снарадаў, дапамагаць воінам знайсці сябе ў мірным жыцці. Няпростым выпрабаваннем для ваенкаматаў стала чарнобыльская трагедыя, да ліквідавання наступстваў якой яны прыцягнулі тысячы спецыялістаў. У пачатку 90-х у Беларусі былі створаны ўласныя Узброеныя Сілы, адбылося глыбокае рэфармаванне ўсёй ваеннай арганізацыі дзяржавы. У цяперашні час галоўнымі задачамі райваенкаматаў з’яўляюцца мабілізацыя людскіх і транспартных рэсурсаў, удзел у арганізацыі тэрытарыяльнай абароны, прызыў грамадзян на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве, адбор кандыдатаў на паступленне ў ваенныя ВНУ, увекавечанне памяці загінуўшых воінаў і ваенна-патрыятычнае выхаванне моладзі.
Зараз ва Ушацкім райваенкамаце працуюць 16 чалавек. Улікова-прызыўную работу паспяхова вядзе вопытны спецыяліст Сямён Аркадзьевіч Байкоў. Дастойна спраўляюцца са сваімі абавязкамі намеснікі ваеннага камісара маёры Аляксандр Віктаравіч Валенцік і Аляксандр Станіслававіч Захараў, які адказвае за пытанні тэрытарыяльнай абароны. Улік ваеннаабавязаных грамадзян раёна вядзе Вольга Юр’еўна Бяльковіч, тэхнікі – Алег Мікалаевіч Сарокін. Пытаннямі пенсійнага забеспячэння і сацыяльнай абароны ваеннаслужачых запасу паспяхова займаецца Тамара Аляксандраўна Дзенісёнак. Выдатна ведае сваю справу начальнік сакрэтнай часці Ніна Васільеўна Первянёнак, заўсёды ва ўзорным парадку несакрэтнае справаводства, якое вядзе Алена Мікалаеўна Карабань. У спраўным стане падтрымлівае тэхніку і ўзбраенне Аляксандр Мікалаевіч Дудкін, дастойна нясуць дзяжурную службу Іван Мікалаевіч Азевіч, Генадзь Іванавіч Ігнатовіч і Сяргей Васільевіч Пузатка. Адным словам, ва Ушацкім райваенкамаце працуюць сапраўдныя прафесіяналы – за амаль шэсць гадоў, якія мне даводзіцца ўзначальваць названы мясцовы орган ваеннага кіравання, я цалкам у гэтым упэўніўся.
Не магу не прыгадаць ветэранаў службы, не адзін год свайго жыцця прысвяціўшых рабоце ў нашым раённым ваенным камісарыяце, у прыватнасці, падпалкоўнікаў Валерыя Дзмітрыевіча Галаскокава, Уладзіміра Леанідавіча Буевіча, Пятра Яўгенавіча Дзюкарава, якія ў свой час узначальвалі Ушацкі райваенкамат.
Сваіх цяперашніх і былых калег, усіх ушачан, якія маюць дачыненне да інстытута ваеннай службы, шчыра віншую з 70-годдзем утварэння ваеннага камісарыята раёна, а таксама з навагоднімі святамі, жадаю здароўя, дабрабыту, поспехаў ва ўсіх справах. Няхай заўсёды над нашай краінай будзе мірнае неба!
У.ПАЛЬЧЭХ, ваенны камісар Ушацкага раёна.
За час існавання Ушацкі райваенкамат узначальвалі:
капітан Дзейкін (1944-1947гг.);
падпалкоўнік Сямён Макаравіч Пашэнка (1947-1950);
падпалкоўнік Віктар Міхайлавіч Трафімаў (1950-1953);
падпалкоўнік Заўялаў (1953-1954);
падпалкоўнік Іван Іванавіч Папоў (1954-1957);
падпалкоўнік Іван Іванавіч Скорык (1957-1959);
маёр Маскаленка (1959-1963);
маёр Міхаіл Еўлампіевіч Чэрнікаў (1967-1968);
маёр Міхаіл Лявонцьевіч Бершадскі (1968-1972);
капітан Ардаліён Панцеляймонавіч Распопаў (1972-1976);
маёр Васіль Фёдаравіч Хаўлюк (1976-1984);
маёр Віктар Уладзіміравіч Падгайны (1984-1986);
падпалкоўнік Валерый Дзмітрыевіч Галаскокаў (1986-1991);
падпалкоўнік Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка (1991-1992);
падпалкоўнік Мікалай Мікалаевіч Шчавялёў (1992-1994);
падпалкоўнік Уладзімір Леанідавіч Буевіч (1994-2004);
падпалкоўнік Пётр Яўгенавіч Дзюкараў (2004-2008);
падпалкоўнік Уладзімір Яўгенавіч Пальчэх (з 4.10.2008).