У рэспубліцы стартавала акцыя “Нашы дзеці”. З 2 снежня па 11 студзеня шэраг мерапрыемстваў у межах акцыі пройдзе і ў нашым раёне. 26 снежня дабрачыннае навагодняе свята збярэ ў раённым Доме культуры дзяцей з сацыяльнага прытулка, апякунскіх і прыёмных сямей, 27 на ранішнік запрошаны дзеці-інваліды, а таксама актывісты, пераможцы алімпіяд і конкурсаў. У гэты ж дзень дэлегацыя нашага раёна – 25 дзяцей з розных школ накіруецца на абласную ёлку, а трое вучняў прымуць удзел у галоўнай ёлцы краіны. Сёлета шчасліўчыкамі сталі навучэнцы Ушацкай школы Злата Клачок і Антон Касіч, а таксама Маша Мудрак з Глыбачанскай.
Хоць здаецца, што плакаць Маша Мудрак не ўмее. Такое ўражанне пакідае яе роўная постаць, вялікія ясныя вочы. Наогул здаецца, што дзяўчына выключна паспяховая: высокая, прыгожая, а пра вочы я сказала напэўна вельмі сціпла. Яны прамяністыя, і ўся яна – таксама.
“За што мяне абралі? Я не ведаю. Ну нядрэнна вучуся – у дзённіку ў мяне пераважна дзявяткі. Музычную школу па класе фартэпіяна я скончыла з “адзнакай”. Усе школьныя алімпіяды абавязкова займала якія-небудзь месцы…
Хапіла б усяго гэтага. Але Маша яшчэ актыўная памочніца школы ва ўсіх праводзімых мерапрыемствах. У складзе школьнай каманды яна заняла другое месца ў злёце юных выратавальнікаў, конкурсе эрудытаў, трэція – у патрыятычным “Рэха мінулага ў сэрцах нашчадкаў”, “Піянерыя ўчора, сёння, заўтра”. Спявае. Танцуе. А на пытанне: “Які любімы прадмет” наогул заблытала мяне.
– Пасля заканчэння музычнай школы брала ўрокі, думала звязаць лёс з музыкай, але цяпер канчаткова перадумала. Вельмі люблю хімію і матэматыку – гэта мае любімыя прадметы. На раённую алімпіяду ездзіла па рускай мове і літаратуры і заняла 3 месца. Дарэчы, трэба было рабіць агляд па творы Буніна, які будзем праходзіць толькі ў 10 класе. Рускую мову люблю больш чым беларускую, хоць і яе таксама. Тым больш што мой любімы настаўнік – наша класная Зінаіда Ягораўна Корабава, яна ж выкладае ў нас працу, вучыць шыць, кулінарыць, усяму, што спатрэбіцца ў жыцці. Меркавала паступіць у політэхнічны каледж, ды вырашылі з бацькамі, што не буду губляць часу, лепш адразу ва ўніверсітэт. Марыла стаць юрыстам, ды разумею, што яны не запатрабаваны на рынку працы, таму буду абіраць нешта іншае.
Як вы разумееце, Маша яшчэ не вызначылася з будучай прафесіяй. Хоць часу на ваганні ў яе дастаткова – вучыцца ж толькі ў дзявятым класе Глыбачанскай школы. І ўжо вельмі многа пра сябе ведае. Ну вось, напрыклад, што не будзе медыкам і музыкантам. Хоць іграць на фартэпіяна яна любіць. Дарэчы, яе даўгія пальцы і выдатная расцяжка далоні проста створаны для ігры на гэтым музычным інструменце.
Кожны яе дзень насычаны. Школа з заняткамі і гурткамі, догляд і гульні з малодшым гадавалым братам Іванам, а потым падрыхтоўка да ўрокаў. Ці бывае Маша непадрыхтаванай да іх нават пасля таго, як напярэдадні выклікалі і паставілі адзнаку? Гэтае пытанне можна было і не задаваць. “У нас жа не бывае такога, каб не выклікалі, у класе 6 чалавек, так што ўсё роўна кожны раз падымаюць, каб, напрыклад, дапоўніла адказ”. Яна любіць гуляць з аднагодкамі, вельмі – падарожнічаць, падабаецца Мінск, таму вызначылася, што вучыцца далей будзе ў сталіцы.
Вось такая яна – дзевяцікласніца Маша Мудрак. Мэтанакіраваная, паспяховая, шчаслівая. Сапраўдны гонар школы і бацькоў. Дарэчы, стараецца дзяўчына быць паспяховай ва ўсім дзякуючы ім.
– Я так імкнуся быць падобным на тату. Так люблю і ганаруся ім. Мы ўсе ім ганарымся. Медаль яму ўручаў міністр. Другую ўзнагароду – губернатар. І я вельмі хачу, каб так у сям’і ганарыліся мной.
І я, канечне, вельмі здзівілася, калі даведалася, што тата Машы – “Чалавек года Віцебшчыны” Аляксандр Міхайлавіч Чарнышоў. І парадавалася за сям’ю, у якой існуе такая павага да бацькі, дзе ён – сапраўдны аўтарытэт. А дачку да такога ўрачыстага для яе моманту ўжо падрыхтавалі – спецыяльна з’ездзілі ў Полацк за нарадам. Пару гадоў таму падчас абласной ёлкі на калектыўным фота Маша стаіць у цэнтры побач з Аляксандрам Мікалаевічам Косінцам. У яе была самая прыгожая бальная сукенка. Сёлета Маша выбрала элегантную і строгую, падыходзячую не для падлетка, а для дзяўчыны. І вельмі радуецца свайму другому балю, не менш урачыстаму, чым першы.
В.КАРАЛЕНКА