Ці можа быць што-небудзь больш цікавым, інтрыгуючым, прыгожым за спартыўныя спаборніцтвы? Напэўна, не. Мерапрыемства, якое адбылося 29 лістапада ва Ушацкай сярэдняй школе, яшчэ раз даказала, што нямя нічога больш прыцягальнага, чым алімпійскія старты і фінішы, спартыўны азарт, дух саперніцтва і воля да перамогі.З самай раніцы спартыўная зала школы сустракала ўсіх сваім незвычайным выглядам. Сцяжкі, паветраныя шары, маляўнічыя плакаты – усё прадвяшчала набліжэнне значнай падзеі. А калі з’явіліся вучні ў касцюмах старажытных грэкаў, а групы падтрымкі каманд – у ярка-бірузовым адзенні, ніхто не сумняваўся, што гэта будзе сапраўднае свята.
І вось загучалі фанфары, пад рытмічную музыку прыгожым строем каманды заходзяць у залу, гледачы іх сустракаюць дружнымі авацыямі. А чаму б не – менавіта яны, нашы “школьныя алімпійцы”, зараз падораць прысутным незабыўныя ўражанні ад спартыўных спаборніцтваў. Ацэньвала ж вынікі спаборніцтваў журы ў складзе дырэктара Ушацкай школы В.І.Клімашэўскага, настаўніка фізічнага выхавання і здароўя С.І.Ціханёнка, трэнераў ДЮСШ В.Н.Джураевай і Д.І.Гардзіёнка.
Дынамічна і з азартам праходзіла спартландыя сярод каманд “Праменьчыкі” і “Агенчык” з вучняў 4-х класаў. Настаўнік фізічнай культуры і здароўя А.С.Тарасеня на працягу многіх гадоў працуе менавіта з малодшымі школьнікамі, а на вялікім спартыўным свяце ўсе яго вучні паказалі выдатную падрыхтоўку. Пераможцу ў гэтай узроставай катэгорыі вызначыць было немагчыма – дзве каманды атрымалі дыпломы першай ступені.
Вялікія спартыўныя інтрыгі разгортваліся на пляцоўцы падчас гульні каманд “Факел” (вучні 6 “А” класа) і “Алімпіец” (6 “В”). Настаўнік фізічнай культуры і здароўя са шматгадовым вопытам А.М.Фінагееў прапанаваў юным алімпійцам скакаць у бульбяных мяшках, пераносіць факел, выкладаць алімпійскі сімвал (пяць рознакаляровых алімпійскіх кольцаў) – з гімнастычных абручоў. У выніку ўсіх спаборніцтваў перамога дасталася камандзе “Алімпіец”.З вялікай творчай фантазіяй падышоў да падрыхтоўкі спаборніцтваў настаўнік фізічнай культуры і здароўя В.М.Гугін. Для каманд “Гладыятары” (вучні 11 “Б” класа) і “Дайвінг” (11 “А”) Валерый Мікалаевіч прадумаў цікавыя конкурсы: гульня ў футбол парамі, валейбол з паветранымі шарамі, перацягванне каната. У выніку нялёгкай барацьбы перамогу атрымала каманда “Дайвінг”.
Свята не атрымалася б такім відовішчным і запамінальным, калі б не тэатралізаваныя замалёўкі “грэчаскіх нататкаў” у выкананні вучаніцы 11 “Б” класа Валянціны Хвошч і вучня 6 “В” класа Яўгена Бародзіча, калі б не майстэрскае правядзенне свята кіраўніком фізічнага выхавання школы А.І.Волах і, безумоўна, калі б не прыгожыя танцы чэрлідараў, пастаўленыя выкладчыкам дзіцячай школы мастацтваў г.п.Ушачы Н.В.Корневай.
Па выніках праведзенага свята, а таксама на падставе справаздачы аб рабоце ў дадзеным накірунку 29 лістапада 2013 года Ушацкая школа атрымала ад Прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці сертыфікат клуба “Юных алімпійцаў”. Спадзяемся, што цяпер пад алімпійскім сцягам і новай эмблемай клуба нашы юныя спартсмены не будуць здаваць ні адной спартыўнай пазіцыі.
Л.ДАВЫДАВА, намеснік дырэктара