Работа с обращения граждан — адно из приоритетных направлений в деятельности местных органов власти Ушачского района

Общество

Закон Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб” устанаўлівае ясную і зразумелую для ўсіх сістэму работы ў дадзеным накірунку. Прыслухоўвацца да праблем, аператыўна рэагаваць на іх, працаваць на папярэджанне скаргаў, уважліва адносіцца да кожнага звароту, вырашаць узнікаючыя пытанні сумесна і падыходзіць да іх з адказнасцю – такая задача ставіцца перад прадстаўнікамі ўлады на месцах. Гэты адзін з важнейшых напрамкаў работы сельскіх выканаўчых камітэтаў раёна разглядаўся на чарговым пасяджэнні прэзідыума Ушацкага раённага Савета дэпутатаў.Асноўныя напрамкі дзейнасці мясцовых органаў улады па задавальненні зваротаў і прапаноў грамадзян прааналізавала загадчык адпаведнага сектара райвыканкама Ірына Леанідаўна Літвінава. Сельскімі выканаўчымі камітэтамі за 2012 год разгледжана 177 зваротаў, што на 254 менш, чым у 2011 годзе. Гэты факт быў падвергнуты крытыцы ў справаздачы міжведамаснай рабочай групы Камітэта дзяржкантролю па Віцебскай вобласці пасля маніторынгу, што праходзіў у лістападзе 2012 года. Тады тэндэнцыю ахарактарызавалі як негатыўную, якая сведчыць аб паслабленні аўтарытэту сельскіх органаў улады, іх няздольнасці аператыўна вырашаць жыццёва важныя інтарэсы грамадзян. На думку спецыялістаў дзяржкантролю гэта назіраецца з-за непрыняцця своечасовых мер, няпоўных, павярхоўных разглядаў зваротаў, якія цікавяць людзей. Менавіта такія адносіны і падштурхоўваюць іх накіроўваць свае звароты ў вышэйстаячыя органы. Але ж гэтыя лічбы можна тлумачыць і па-іншаму. Змяншэнне колькасці зваротаў у сельвыканкамы, на маю думку, наадварот сведчыць аб належнай рабоце мясцовых органаў улады, калі многія пытанні здымаюцца, работа вядзецца на апярэджанне ўзнікнення праблемных сітуацый, бо работа з насельніцтвам не абмяжоўваецца толькі асабістымі прыёмамі і разглядам пісьмовых зваротаў. На тэрыторыі сельсаветаў пражывае значная частка людзей пенсійнага ўзросту, якія не заўсёды маюць магчымасць дабрацца да сельвыканкама. Таму жыхары падтрымліваюць сувязь з мясцовай ўладай праз старэйшын, якія часта прадстаўляюць інтарэсы ўсяго населенага пункта, дэпутатаў сельскіх Саветаў, маюць магчымасць задаць пытанні старшыням сельвыканкамаў, калі тыя наведваюць вёскі раёна, скарыстацца “Дэпутацкай поштай”. Ды і Дні сельсавета, “прамыя тэлефонныя лініі”, сходы грамадзян і іншыя мерапрыемствы, якія праводзяць органы ўлады, дазваляюць аператыўна выяўляць праблемы, хвалюючыя насельніцтва, і папярэджваць скаргі. На старонках “Патрыёта” пастаянна спецыялісты адпаведных службаў даюць тлумачэнні па пытаннях, якія хвалююць насельніцтва.

За 9 месяцаў 2013 года ў сельскія выканаўчыя камітэты паступіла 157 зваротаў грамадзян, што на 23 больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года. Найчасцей паступаюць звароты, звязаныя з работай жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У асноўным грамадзяне звяртаюцца па пытаннях выдзялення жылля, будаўніцтва і эксплуатацыі жылых дамоў, водазабеспячэння, газіфікацыі, рамонту дарог. Аналізуючы сітуацыю, можна зрабіць вывад, што па аб’ектыўных прычынах гэтыя пытанні і ў далейшым будуць першачарговыя.

Зразумела, што многія заяўнікі маюць патрэбу ў дапамозе і могуць разлічваць на яе, але вельмі часта ў пошце сустракаюцца лісты грамадзян з псіхалогіяй утрыманцаў, якія выбралі для сябе адзіны спосаб вырашэння сваіх праблем – скаргі. Зразумець фінансавае становішча раёна яны не жадаюць, без дадатковага выдзялення сродкаў з абласнога ці рэспубліканскага бюджэту некаторыя пытанні вырашыць немагчыма пры ўсім жаданні дапамагчы заяўніку.

Часта пытанні немагчыма задаволіць, каб не парушыць заканадаўства, або яны наогул не абгрунтаваныя. У дадзеных сітуацыях пэўную катэгорыю грамадзян не задавальняюць адказы тлумачальнага характару, і яны пачынаюць патрабаваць вырашэння сваіх пытанняў любым шляхам.Выраз “Калі не дапаможаце – буду званіць на “гарачую лінію”, або “Пры неабходнасці буду звяртацца вышэй” неаднаразова чулі ўсе без выключэння старшыні сельвыканкамаў. Але шэраг жыхароў “ігнаруюць” сельскую ўладу і без папярэдняга звароту да іх па любых пытаннях накіроўваюць лісты адразу ў раённы або абласны выканаўчыя камітэты, у рэспубліканскія органы кіравання. Трэба адзначыць, што грамадзяне больш актыўна сталі карыстацца магчымасцю накіраваць у дзяржаўныя органы электронныя звароты, парадак і ўмовы разгляду якіх такія ж, як і ў пісьмовых. Толькі вось не ўсе ведаюць, што такія звароты зноў будуць накіраваныя назад у раённыя адміністрацыі для вырашэння на месцы…

Неабходна таксама адзначыць, што па выніках праверкі, праведзенай у чэрвені бягучага года пракуратурай Віцебскай вобласці, выпадкаў грубага парушэння вызначаных заканадаўствам тэрмінаў разгляду зваротаў як у райвыканкаме, так і ў сельвыканкамах не выяўлена. Зараз з паступіўшых за 9 месяцаў бягучага года ў райвыканкам зваротаў на кантролі знаходзіцца 10, тэрміны іх выканання будуць залежыць ад наяўнасці сродкаў, а колькасць напісаных зваротаў і скаргаў наўрад ці паўплывае на іх вырашэнне.

Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *