Калі праходзілі першыя Алімпійскія гульні? Якія кантыненты сімвалізуюць розныя колеры алімпійскіх кольцаў? Напэўна, не кожны дарослы адразу дасць дакладны адказ на гэтыя пытанні. А вось юныя алімпійцы дзіцячага ясляў-сада №4 г.п.Ушачы гэтую тэму ведаюць выдатна.
Менавіта на базе названай установы, якая, дарэчы, мае намер у хуткім часе стаць уладальніцай алімпійскага сертыфіката, нядаўна праходзіла раённае метадычнае аб’яднанне кіраўнікоў фізічнага выхавання дашкольных устаноў, падчас якога спецыялісты высвятлялі, як лепей далучаць дзяцей да алімпійскага руху і выхоўваць у іх жаданне весці здаровы лад жыцця. Арганізавала для сваіх калег змястоўнае і карыснае мерапрыемства кіраўнік фізічнага выхавання ўстановы А.Сынкова. Сваімі напрацоўкамі падзяліліся таксама кіраўнікі фізвыхавання дзіцячых садоў Н.Шмацёнак і А.Банеўская.Практычная ж частка мерапрыемства прайшла ў форме малых алімпійскіх гульняў, удзельнікамі якіх сталі выхаванцы сярэдняй і старэйшай груп дзіцячага сада. Юныя спартсмены прыгадалі факты з гісторыі алімпійскага руху, узнялі флаг і нават правялі традыцыйную эстафету з алімпійскімі факеламі. Прынамсі, усіх, хто быў сведкамі гэтага спартыўнага дзейства, цяпер не паставіць у тупік прыгаданае ў пачатку пытанне аб алімпійскіх кольцах. Справа ў тым, што кожнаму з кантынентаў, якія сімвалізуюць адпаведныя колеры, было прысвечана асобнае спаборніцтва. Чырвонаму — баскетбольнае, бо менавіта ў Амерыцы прыдумалі гэтую вельмі папулярную зараз гульню. Эстафета «Кенгуру» сімвалізавала зялёнае аўстралійскае кальцо. Таксама дзеці высвятлялі мацнейшага ў сілавых паядынках — як вядома, радзімай спартыўных адзінаборстваў лічыцца «жоўты» азіяцкі кантынент. Чорнаму кальцу была прысвечана эстафета «Афрыканскае сафары», блакітнаму — вясёлая гульня з мячамі, бо Еўропа падарыла свету футбол, валейбол, гандбол і іншыя віды алімпійскай праграмы.
— Мерапрыемства атрымалася вельмі карысным, бо падчас яго не толькі кіраўнікі фізвыхавання атрымалі новыя веды, але і дзеці з задавальненнем прадэманстравалі свае здольнасці, зарадзілі дарослых алімпійскай энергіяй і бадзёрасцю, — зазначыла А.Сынкова.
Н.БАГДАНОВІЧ.