Крытычны матэрыял, падрыхтаваны намі па выніках сумеснага рэйду з начальнікам раённай інспекцыі дзяржтэхнагляду І.М.Пухальскім па машынных дварах сельгаспрадпрыемстваў раёна яшчэ ў кастрычніку, мы, як таго патрабуе заканадаўства, накіравалі на рэагаванне ў ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс” і КУСГП “Арэхаўна”, дзе былі выяўлены парушэнні. З абедзвюх арганізацый быў атрыманы адказ, што “ўсе хібы ліквідаваны, на тэрыторыі машынных двароў наведзены парадак”. Здавалася б, праверка прынесла свой плён і можна ўжо не хвалявацца аб стане сельгастэхнікі, якую хаця і несвоечасова, аднак усё ж паставілі на зімовае захоўванне. Калі б не адно АЛЕ… Каб упэўніцца ў праўдзівасці атрыманых адказаў, Іван Мікалаевіч вырашыў зноў завітаць у “Райаграсэрвіс” і “Арэхаўна”. Узброіўшыся фотаапаратам, мы адправіліся разам з ім. І, як аказалася, недарэмна.
Тое, што ў “Райаграсэрвісе” далёка не ўсё ў парадку з пастаноўкай тэхнікі на зімовае захоўванне, стала зразумела яшчэ задоўга да таго, як пад’ехалі да зернескладоў былой вёскі Пралетарый. Літаральна ля плоту “горда” стаяў нявычышчаны і, здавалася, нікому не патрэбны КВК-800. На ўшацкіх палетках камбайн адпрацаваў усяго адзін сезон, бо быў набыты, дарэчы, за немалыя грошы, – толькі ў гэтым годзе. Чаму новенькую, спраўную тэхніку так хутка “спісалі”? “Гэта не прыкрая выпадковасць, – абураючыся ўбачаным, сказаў І.М.Пухальскі. – Ужо месяц, нягледзячы на неаднаразовыя заўвагі кіраўніцтву арганізацыі, ніхто так нічога і не зрабіў, каб урэшце рэшт адправіць КВК-800 на “зімоўку”. Міжволі прыгадаліся словы з байкі І.Крылова “а воз і зараз там”…
Не давялося далёка ісці, каб знайсці на тэрыторыі зернескладоў іншыя хібы. Адразу кінуўся ў вочы нявычышчаны ад рэшткаў сёлетняга ўраджаю загрузчык зерня, які да таго ж стаяў на спушчаных колах. А непадалёк з травы сумна “выглядвала” разукамплектаваная прыстаўка для ўборкі рапсу.
Наступным нашым прыпынкам стаў машынны двор “Райаграсэрвіса”. Менавіта там падчас кастрычніцкага рэйду хібаў было столькі – толькі паспявай запісваць і фатаграфаваць. На жаль, за гэты час там мала што змянілася. Кормаадаптар стаяў на спушчаных колах, не быў ачышчаны гноераскідвальнік ПРТ-7, КЗР з 9-метровай касілкай, што доўгі час стаяў ля дома аднаго з механізатараў у Матырыне, толькі-толькі прыбыў на належнае месца сваёй дыслакацыі. І ўсё ж галоўнае, што нас цікавіла ў той дзень, гэта стан дарагога і запатрабаванага ў сельскай гаспадарцы самаходнага агрэгата “Дзвіна”, які мае ў сваім арсенале далёка не кожнае сельгаспрадпрыемства. Нагадаем, падчас мінулай праверкі гэтая тэхніка стаяла на мехдвары на спушчаных колах, значна нахіліўшыся ўбок. Той факт, што на ранейшым месцы “Дзвіны” не аказалася, абнадзейваў: падумалася, што прывялі яе ў належны стан, пераставіўшы ў больш зручнае месца. Аднак, як аказалася, было рана радавацца. Па-ранейшаму непадрыхтаваную да зімовага захоўвання, на спушчаных колах, толькі прыхаваную ад чужых вачэй “Дзвіну” мы ўбачылі ў адным з памяшканняў гаража. Праўда, перад гэтым давялося хвілін з 20 пачакаць, пакуль “знойдзецца” ключ ад замка дзвярэй.
У параўнанні з “Райаграсэрвісам” сітуацыя на машынным двары КУСГП “Арэхаўна” выглядала больш прывабна, хаця ўсё ж меліся некаторыя хібы. У прыватнасці, не былі змазаны і пастаўлены на захоўванне сеялкі, камбайны недаачышчаны, каля сушылак раскідана зерне. І ўсё ж іншыя парушэнні (а было іх яшчэ месяц таму нямала!) тут ліквідавалі.
Вярталіся з рэйду, без перабольшвання, з грузам на душы. Убачанае – не проста недапрацоўкі кіраўніцтва гаспадарак, гэта ўжо сістэмныя адносіны да вельмі дарагой, яшчэ не аплачанай тэхнікі, што набыта ў лізінг. А на двары не проста снежань, а апошні месяц Года беражлівасці, які павінен быў прывучыць лічыць грошы і іх эканоміць.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.