– Як прайшло вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты, ці ўсе асобы, якія прэтэндавалі на дэпутацкі мандат, зарэгістраваны ў якасці кандыдатаў у дэпутаты?
У.І.ПЕТРАЖЫЦКІ:
– У раёне вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў праходзіла ад працоўных калектываў і шляхам збору подпісаў. Кожны грамадзянін, які прэтэндуе на дэпутацкі мандат, своечасова прадставіў у камісію неабходныя дакументы для рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты. Пасля праверкі іх адпаведнасці Выбарчаму кодэксу Рэспублікі Беларусь, калі няма парушэнняў, усе прэтэндэнты будуць зарэгістраваны кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых Саветаў. (Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, Ушацкая раённая выбарчая камісія паведаміла, што ўсе 35 прэтэндэнтаў зарэгістраваны кандыдатамі ў дэпутаты Ушацкага раённага Савета дэпутатаў – па кожнай выбарчай акрузе балаціруецца адзін кандыдат).
– З якога часу пачынаецца перадвыбарчая агітацыя?
– Пасля дня рэгістрацыі і да 24 красавіка ўключна кандыдат у дэпутаты мае права праводзіць перадвыбарчую агітацыю. Яму могуць дапамагаць у гэтым да пяці давераных асоб, якія робяць гэта добраахвотна і бясплатна.
Таксама кандыдат у дэпутаты мае права на адно бясплатнае выступленне па радыё, на выраб перадвыбарчых плакатаў, лісткоў, фотаматэрыялаў. Могуць арганізоўвацца сустрэчы з выбаршчыкамі.
– Дзе можна праводзіць такія сустрэчы?
В.М.ЗАХАРЭНКА:
– Сустрэчы кандыдата ў дэпутаты са сваімі выбаршчыкамі могуць праходзіць у форме сходаў ці ў іншай форме. У № 21 газеты “Патрыёт” ад 17 сакавіка, а таксама на афіцыйным інтэрнэт-сайце райвыканкама змешчана падрабязная інфармацыя, дзе ўказаны вызначаныя для такіх сустрэч месцы. Прадастаўленне іншых памяшканняў для гэтых мэт можа ажыццяўляцца кіраўнікамі арганізацый па просьбе кандыдатаў у дэпутаты, іх давераных асоб і выбаршчыкаў. Памяшканні прадастаўляюцца бясплатна, аб даце, часе і месцы правядзення перадвыбарчых сустрэч і сходаў выбарчая камісія паведамляе праз сродкі масавай інфармацыі ці іншым чынам.
Кандыдаты ў дэпутаты, іх давераныя асобы для ажыццяўлення перадвыбарчай агітацыі могуць праводзіць (па папярэднім паведамленні) масавыя мерапрыемствы – сходы, мітынгі і іншыя – і не ў памяшканнях. Пэўныя месцы для гэтага таксама вызначаны. Патрэбна толькі не пазней, чым за два дні да мяркуемай даты правядзення такога мерапрыемства паведаміць згодна вызначаных патрабаванняў у мясцовы выканаўчы камітэт, на тэрыторыі якога плануецца яго правядзенне.
– Калі адно з гэтых патрабаванняў не будзе выканана?
Д.М.ЗАКРЭЎСКІ:
– Правядзенне агітацыі ў дзень выбараў, незаконнае прыцягненне і выкарыстанне грашовых сродкаў ці матэрыяльных рэсурсаў пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў і іншыя парушэнні заканадаўства аб выбарах прадугледжваюць адміністрацыйную адказнасць і накладанне штрафу ў памеры ад 20 да 50 базавых велічынь.
Наўмыснае знішчэнне ці пашкоджанне інфармацыйных ці агітацыйных друкаваных матэрыялаў, якія размешчаны ў адпаведнасці з заканадаўствам на будынках ці іншых аб’ектах са згоды іх уласні- ка, цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад 5 да 10 базавых велічынь. Такі ж штраф можа быць накладзены і за нанясенне надпісаў ці малюнкаў на інфармацыйныя ці агітацыйныя друкаваныя матэрыялы.