Продолжается подписка на «Патриот» — оставайтесь с нами в 2014 году!

Общество

Паважаныя ўшачане, нашы чытачы! На зыходзе чарговы год, які мы пражылі разам. Так-так, хоць і кожны паасобку, але ўсе разам, нашай агульнай ушацкай рэчаіснасцю, якая і складаецца з асабістых гісторый кожнага. Як з вашых падказак, тэм, саўдзелу складаецца наша газета. Газета патрыётаў сваёй малой радзімы, сваёй вялікай Радзімы.

З якой старонкі вы пачынаеце чытаць “Патрыёт”? З апошняй, дзе цікавіцеся, хто са знаёмых вам людзей сёння святкуе юбілей, ці суперажываеце над стратай блізкага чалавека? Ці з першай, каб даведацца пра навіны, што адбыліся за тыдзень. Але з якой бы не пачыналі, а прачытваеце, як кажуць, ад коркі да коркі, у гэтым мы пераконваемся па вашых водгуках. Нехта незадаволены, што шмат стала рэкламы, другія, наадварот, лічаць, што дзякуючы ёй на месцы можна выбраць усё. Аднаму трэба больш забаўляльнага, ну а большасць па-ранейшаму суадносіць газету як эфектыўную крыніцу вырашэння праблемы. І мы, сапраўды, заўсёды імкнёмся дапамагчы.

2013 быў годам 70-й гадавіны ўтварэння партызанскай зоны, 255-годдзем атрымання Ушачамі магдэбургскага права… і, наогул, юбілейным годам для гарпасёлка, які мог адсвяткаваць сваё 555-годдзе. Хто ведае, мабыць, знойдуцца і больш раннія звесткі аб Ушачах, але і гэта спасылка на 1458 год з’явілася дзякуючы наведвальніку нашага сайта. Так, геаграфія нашых чытачоў пашыраецца, бо ім зараз можа стаць любы карыстальнік інтэрнэта.

У 2014 годзе мы святкуем 70-ю гадавіну вызвалення Беларусі, 90-годдзе ўтварэння Ушацкага раёна, многа іншых дат, пра якія вы даведаецеся са старонак газеты. А таксама з дапамогай гадавога насценнага календара, які мы падорым кожнаму нашаму чытачу. На навагодняе свята вы зможаце пагартаць каляровую газету, такім мы гатовы рабіць кожны выпуск і не менш за чытачоў чакаем канчатковай мадэрнізацыі Наваполацкай друкарні. Ну а павялічыць колькасць старонак, каб задаволіць чытацкі густ кожнага, мы мяркуем ужо з ліпеня.

Той з нашых чытачоў, хто выпіша “Патрыёт” адразу на паўгода, будзе мець прывілею: 20-працэнтную скідку на дзве рэкламныя аб’явы ў месяц. Традыцыйна мы аб’яўляем конкурс сярод паштальёнаў. Тры прэміі чакаюць тых нашых памочнікаў, хто павялічыць колькасць нашых падпісчыкаў на сваім участку.

Упэўнена, што мы і надалей застанёмся разам.

В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *