Ці магчыма ўсю багатую гісторыю Ушаччыны, яе культурную спадчыну расказаць менш чым за гадзіну? Ад сівой даўніны, ад легенд узнікнення да сучаснасці, прасачыць жыццёвы шлях славутых землякоў, адзначыць галоўныя падзеі… Аказваецца, што гэта хоць і вельмі складана, але магчыма, пры творчым падыходзе і адданасці справе. Гэта даказалі работнікі культуры нашага раёна, якія атрымалі бліскучую перамогу ў абласным творчым аглядзе-конкурсе “Візітная картка раёна”.Агляд творчых здольнасцей работнікаў культуры ўсіх рэгіёнаў Віцебшчыны праходзіў на працягу года. Такую форму экзамену прафесійнага майстэрства культработнікаў і членаў мастацкай самадзейнасці ўпершыню прапанавала новае кіраўніцтва абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, каб пазнаёміцца з кожным раёнам. Наш, напрыклад, паказаў сваю праграму яшчэ вясной, калі абласное журы наведала раённы Дом культуры. Заключны ж этап абласнога агляду-конкурсу прайшоў 29 лістапада ў аграгарадку Мікіціха Шумілінскага раёна. У складзе лепшых на гэта мерапрыемства былі запрошаны работнікі культуры з Глыбокага, Полацка, Дуброўна і Ушач.
Пры падрыхтоўцы праграмы выступлення быў задзейнічаны творчы патэнцыял раённага Дома культуры, выкладчыкаў і выхаванцаў дзіцячай школы мастацтваў, народнага калектыву “Матырынская спадчына”, народных клубаў “Ветэран”, “Муза”, “Прысмакі”, “Адраджэнне”, Ушацкага Дома рамёстваў, калектываў мастацкай самадзейнасці сельскіх устаноў культуры. Для таго, каб дастойна прадставіць раён у гэтым абласным конкурсе, работнікі культуры прыцягнулі да ўдзелу ўстановы адукацыі раёна, карацей кажучы – мабілізавалі ўсе сілы, што ў выніку і дазволіла стаць пераможцам, абагнаўшы калег з Полацкага і Дубровенскага раёнаў, якія занялі другое і трэцяе месца адпаведна.
Чым жа ўразіла патрабавальнае абласное журы наша візітоўка, якая насіла назву “Ушаччына – край подзвігу і славы”? Як адзначыла пры падвядзенні вынікаў і ўзнагароджанні пераможцаў намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Ларыса Канстанцінаўна Аленская, ушачанам у лепшай ступені ўдалося прадставіць саму сутнасць конкурсу, зрабіць менавіта візітную картку раёна – ад гісторыі ўзнікнення да сучаснасці, тады як у большасці рэгіёнаў атрымаліся “добрыя канцэрты”. Зразумела, што нашым работнікам культуры цяжка было спрачацца з вялікімі раёнамі ў плане забеспячэння касцюмамі і дэкарацыямі, таму бралі сваё неардынарнасцю сцэнарыя, арыгінальнасцю пастаноўкі нумароў, нестандартнасцю падыходу да падачы вобразаў. Выступленні на сцэне суправаджаліся дэманстрацыяй тэматычных відэаматэрыялаў, што таксама стала моцным ходам і ўразіла членаў журы. Для гэтага выкарыстоўваліся фрагменты з фільма “Над Ушаччынай восень плыве…” з дакументальнага цыкла Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі “Зямля беларуская”. Фільм здымаўся два гады таму назад, а ролі гістарычных герояў у ім выконвалі нашы землякі. Паказ сцэнічных нумароў суправаджаўся жывой музыкай у выкананні аркестра выкладчыкаў дзіцячай школы мастацтваў.— Хочацца выказаць удзячнасць усім, хто выходзіў на сцэну і адстойваў гонар раёна, – кажа мастацкі кіраўнік раённага Дома культуры Дзіна Паўлаўна Пенкальская. – Толькі ў сцэнічных пастаноўках былі задзейнічаны больш за 60 чалавек, а дапамогу ў падрыхтоўцы візітоўкі нам аказала намнога больш людзей, аб’яднаных агульнай ідэяй, апантаных мэтай паказаць з лепшага боку наш багаты культурны патэнцыял. Дырэктар Дома рамёстваў Міхаіл Аляксандравіч Багдановіч стварыў прыгожыя дэкарацыі для сцэны, праявіў сапраўдны артыстычны талент пры выкананні ролі вяшчальніка, які аб’яўляў ушачанам тэкст каралеўскага ўказа аб дараванні мястэчку Ушачы магдэбургскага права. Для праўдзівасці вобразу Міхаілу Аляксандравічу давялося адшукаць і вывучыць арыгінальны тэкст і нават вырабіць світак падобны на пергамент. Кіраўнік народнага клуба “Адраджэнне” Ала Васільеўна Кузусёнак пашыла сцэнічныя касцюмы з ільняной тканіны для танцорак. Вельмі арганічна выглядалі ў ролях знакамітых землякоў Рыгора Барадуліна і Еўдакіі Лось настаўнікі Віктар Мікалаевіч Герцык і Галіна Сяргееўна Данілёнак. Наогул, усе ўдзельнікі вельмі чула і цярпліва адносіліся да справы, не лічыліся з часам на рэпетыцыях, якія часта зацягваліся, падтрымлівалі адзін аднаго, нават “дэкрэтнікі” прыходзілі…
Члены журы адзначылі вялікі асабісты ўклад у перамогу былога начальніка аддзела культуры райвыканкама Сяргея Дзмітрыевіча Гарбачова, які не толькі прыдумаў ідэю пастаноўкі праграмы, але і прыняў непасрэдны ўдзел у яе рэалізацыі, разам з дачкой выходзіў на сцэну. А яшчэ работнікі культуры вельмі ўдзячны нашаму дэпутату Уладзіміру Паўлавічу Андрэйчанку, дзякуючы дапамозе якога было набыта сучаснае абсталяванне раённага Дома культуры, што дазваляе выглядаць не толькі на ўзроўні іншых раёнаў, а нават іх перамагаць.
Д.РАМАНОЎСКІ.