З мэтай удасканалення работы брыгад аддзялення “хуткай дапамогі” адміністрацыя ЦРБ з пачатку бягучага года ўстанавіла на кожнай машыне “хуткая дапамога” сучасную сістэму навігацыі. Яна дазволіць дыспетчару бачыць на маніторы камп’ютэра месцазнаходжанне аўтамабіля ў любы час у любой кропцы не толькі раёна, а і рэспублікі, для таго, каб хутка накіроўваць паступаючыя на “103” выклікі менавіта той брыгадзе, якая ў дадзены момант знаходзіцца максімальна блізка да кропкі выкліку. Гэтая сістэма дазволіць таксама больш аператыўна рэагаваць на экстранныя выклікі, дзе адлік часу ідзе на хвіліны. Дыспетчар, паглядзеўшы на манітор, хутка перанакіруе выклік бліжэйшай брыгадзе, якая, дапусцім, ехала да хворага не па экстранным выпадку. Адным словам, навігацыйная сістэма дазволіць медыкам быць у патрэбны момант у патрэбным месцы. А яшчэ – знікне прэцэдэнт канфліктных сітуацый, бо на камп’ютэры фіксуецца сам выклік і аператыўнасць прыезду “хуткай дапамогі”. Фактаў беспадстаўнага выкарыстання спецыяльных аўтамабіляў таксама не будзе.