Рашэнне №455 “Аб навядзенні парадку на сельскагаспадарчых аб’ектах і захаванні патрабаванняў прыродаахоўнага заканадаўства”, прынятае Віцебскім абласным выканаўчым камітэтам 25 ліпеня бягучага года, акрэсліла шэраг задач – у тым ліку перад абласнымі і раённымі экалагічнымі службамі. Кантроль за навядзеннем парадку на сельгасаб’ектах, выяўленне і ўхіленне парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства – менавіта на гэта была скіравана асноўная ўвага раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ў апошнія чатыры месяцы бягучага года. За гэты перыяд было праведзена 81 абследаванне тэрыторый жывёлагадоўчых ферм і комплексаў, мехдвароў.
Асноўным парушэннем, выяўленым падчас рэйдавых мерапрыемстваў, быў несвоечасовы вываз арганікі з тэрыторый сельгасаб’ектаў. Залежы гною ля ферм і комплексаў не толькі пагаршаюць іх выгляд і санітарны стан, яны з’яўляюцца крыніцай забруджвання паверхневых і падземных вод. У нашым раёне 14 ферм знаходзяцца ў межах водаахоўных зон. Вядома ж, лепшым выйсцем было б вынясенне іх па-за гэтыя межы і ліквідаванне фізічна зношаных збудаванняў, аднак хутка падобныя справы не робяцца. Пакуль жа такія сельгасаб’екты функцыянуюць, вельмі важна своечасова выдаляць арганіку з іх тэрыторый і тым самым папярэджваць пападанне гноеўтрымліваючых сцёкаў у навакольнае асяроддзе.
У цэлым можна канстатаваць, што на большасці наведаных ферм, аснашчаных нахільнымі транспарцёрамі, арганіка па меры загрузкі прычэпаў вывозіцца больш-менш рэгулярна. Аднак абследаванне выявіла і прыклады недапрацовак. Так, на ферме Старае Сяло, якая належыць “Райаграсэрвісу”, арганіка з транспарцёра выгружаецца не ў прычэп, а непасрэдна на зямлю, расцякаючыся па тэрыторыі (на здымку). І гэта тым больш крыўдна, што сама ферма даволі чыстая і светлая, тут працуюць дбайныя работнікі. Не так многа сродкаў і намаганняў патрэбна, каб навесці парадак на тэрыторыі гэтага аб’екта: трэба паставіць прычэп пад транспарцёр, зрабіць да яго пад’езд, адрамантаваць выгульную пляцоўку і ўзараць наўкольныя закінутыя землі.
Больш складана наладзіць працэс ачысткі тэрыторыі там, дзе жывёла ўтрымліваецца на подсціле, як, напрыклад, на фермах у “Глыбачанах”, Селішчы. З тэрыторый такіх сельгасаб’ектаў арганіка вывозіцца па меры назапашвання, таму вельмі важна, каб гэты працэс быў рэгулярным, адпавядаў тэхналагічным нормам.
Калі ж падводзіць вынікі праведзеных абследаванняў, можна канстатаваць, што сярод гаспадарак раёна горш за ўсё справы з навядзеннем парадку на тэрыторыях сельгасаб’ектаў абстаяць менавіта ў прыгаданым вышэй “Райаграсэрвісе”. Былі выяўлены хібы і на аб’ектах некаторых іншых гаспадарак. Хочацца спадзявацца, што іх кіраўнікі прыслухаюцца да заўваг эколагаў, прыкладуць усе намаганні, каб выправіць недахопы, навесці парадак на зямлі, якой яны карыстаюцца.
І.ПАДГОЛ, начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Посетите, пожалуйста, ферму в д.Липовец. Проезжаешь по деревне — дышать нечем, особенно когда ветер от фермы. Как там люди живут? Ферма в 100м от домов жителей.