Тэрыторыя Ушаччыны хоць і невялікая, але багатая на дзівосныя краявіды. Шматлікія госці раёна адзначаюць яе чысціню, чаму спрыяе адсутнасць буйной прамысловасці і невысокая шчыльнасць насельніцтва. Таму і захаваліся ў нашым раёне своеасаблівыя, цікавыя куточкі прыроды, дзе сфарміраваліся экасістэмы, населеныя рэдкімі відамі раслін і існуючыя амаль без уплыву дзейнасці чалавека. Адной з такіх тэрыторый з’яўляецца біялагічны заказнік мясцовага значэння “Чарсцвядскі”.
Цікавасць гэтага заказніка хаця б у тым, што створаны ён не на адной тэрыторыі, а складаецца з трох ізаляваных частак, бо ў склад яго зямель уваходзяць тэрыторыі трох буйнейшых астравоў самага вялікага ва Ушацкім раёне Чарсцвядскага возера (плошча гладзі – 9,35 квадратнага кіламетра): Хутара, плошчай 30 гектараў, Вялежжа, плошчай 22 гектары, і Казлячага, плошчай 20 гектараў. Такім чынам агульная плошча ахоўваемай тэрыторыі складае 72 гектары. Гэта нямнога ў параўнанні з іншымі заказнікамі, плошча якіх дасягае некалькіх тысяч гектараў. Дарэчы, усяго на возеры 8 астравоў.
Біялагічны заказнік мясцовага значэння “Чарсцвядскі” створаны ў мэтах захавання ў натуральных прыродных умовах месцаў, дзе растуць рэдкія, знікаючыя віды раслін: валяр’яны лекавай, горца змяінага, касаціка сібірскага, першацвета вясенняга. Таму на тэрыторыях астравоў забараняецца правядзенне гідрамеліярацыйных і іншых відаў работ, звязаных са змяненнем натуральнага ландшафту і існуючага гідралагічнага рэжыму, створаных прыродай. Тут нельга парушаць глебу і тым больш весці здабычу карысных выкапняў, праводзіць агульныя высечкі і знішчаць кустоўе.
Кіраванне заказнікам ажыццяўляе Сарочынскі сельскі выканаўчы камітэт, а яго землі адносяцца да фонду Сарочынскага лясніцтва. Згодна з заканадаўствам сельвыканкам павінен забяспечваць устаноўлены рэжым прыродакарыстання на гэтай тэрыторыі і сумесна з прыродаахоўнымі органамі забяспечваць яго ахову.
Возера Чарсцвядскае карыстаецца папулярнасцю ў аматараў рыбнай лоўлі, якія часта забіраюцца і на астравы. Таму будзе не лішнім нагадаць і рыбакам, і турыстам, што размяшчэнне месцаў часовага адпачынку, разбіўка лагераў і развядзенне вогнішчаў на тэрыторыі заказніка забаронены, а урон, нанесены прыродзе давядзецца пакрыць.
Д,РАМАНОЎСКІ
***
Валяр’яна з’яўляецца сапраўдным чэмпіёнам па колькасці лекавых прэпаратаў, вырабленых з яе. У склад збораў уваходзіць “Валідол”, “Карвалол”, “Валакармід”, “Валакардзін” і яшчэ мноства іншых лякарстваў. Гаючыя рэчывы знаходзяцца ў асноўным у карэнішчы кветкі і збіраюцца восенню на другім годзе жыцця. Прымяняюць валяр’яну ў выглядзе адвараў, настояў і экстракту.
Карэнішча горца змяінага здаўна вядома як лекавы сродак, прычым найбольшая колькасць карысных рэчываў утрымліваецца ў раслінах пасля 15 гадоў жыцця. Гэта лекавая расліна прымяняецца пры лячэнні ў першую чаргу пры вострых і хранічных захворваннях кішэчніка. Адварам з кораня горца змяінага прамываюць горла і ротавую поласць пры любых запаленчых працэсах.