У мінулую пятніцу ў гаспадарках раёна адбыўся Дзень жывёлавода, даручэнне аб абавязковым правядзенні якога на жывёлагадоўчых аб’ектах усіх сельгаспрадпрыемстваў даў на адной з апошніх вытворчых нарад старшыня райвыканкама Віктар Віктаравіч Родзіч. Такая форма работы дазваляе зрабіць аналіз і выпрацаваць мерапрыемствы па ўхіленні недахопаў, аператыўна і своечасова вырашыць арганізацыйныя моманты, а жывёлаводы маюць магчымасць на прамую задаць пытанні не толькі загадчыкам ферм і спецыялістам заатэхнічнай службы, але і кіраўніцтву гаспадаркі, прадстаўнікам раённай улады.Дзень жывёлавода быў яшчэ адметны і тым, што падчас яго правядзення адбылося знаёмства працаўнікоў з новым кіраўніком гаспадаркі. Выконваючы абавязкі дырэктара ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс” Багдан Тадэвушавіч Юргенс разам са сваім намеснікам па ідэалагічнай рабоце Святланай Міхайлаўнай Церашкевіч, намеснік старшыні райвыканкама Вольга Іванаўна Карчэўская, старшыня Ушацкага сельвыканкама Васіль Іванавіч Шнітко, работнікі культуры – такі ўнушальны “дэсант” высадзіўся ля гэтага аб’екта жывёлагадоўлі. “Больш чым работнікаў”, – пажартавала, сустракаючы прадстаўнікоў сваёй адміністрацыі і гасцей, загадчыца Раіса Уладзіміраўна Шалонька.
Ферма “Матырына”, як і іншыя аб’екты жывёлагадоўлі раёна, мінусуе па вытворчасці малака да адпаведнага ўзроўню мінулага года, але вынікі тут лепшыя сярод 4 малочнатаварных ферм гаспадаркі. За 10 месяцаў бягучага года надаілі амаль 381 тону малака. Улічваючы тое, што з 365 галоў жывёлы амаль дзве трэціх – маладняк, гэта і сапраўды неблагі паказчык. Іна Васільеўна Смык і Святлана Фёдараўна Рудзёнак за студзень-кастрычнік атрымалі ў сярэднім 4899 і 4366 кілаграмаў малака ад каровы адпаведна. Як бачна, сярод перадавых даярак прозвішчы знаёмыя, бо калектыў характарызуецца стабільнасцю і амаль усе з 16 працаўнікоў фермы з’яўляюцца мясцовымі жыхарамі.
– Людзі тут працуюць адказныя, заўсёды неблагія паказчыкі, – знаёміла Святлана Міхайлаўна новага кіраўніка з калектывам яшчэ да пачатку мерапрыемства. – Каб усе працавалі так сумленна…
Б.Т.Юргенса, які толькі паспеў пазнаёміцца з вялікай гаспадаркай, прадставіла жывёлаводам В.І.Карчэўская. Гаворка адразу зайшла пра самае надзённае пытанне – выплату заработнай платы. “І для гаспадаркі ў цэлым, і для работнікаў іншых аб’ектаў неабходна ведаць, што зарплату зарабляць павінны работнікі ўсіх ферм, усёй гаспадаркі, а не выязджаць на адзінкавых аб’ектах”, – гаварыла намеснік старшыні. Згодны з ёй і кіраўнік гаспадаркі, бо пры існуючай запазычанасці складана разлічваць на крэдыты, спадзявацца неабходна толькі на сябе.
Гаспадарка нядаўна атрымала новы “Амкадор”, патрэбен яшчэ адзін. Для таго каб закрыць гаспадарчыя патрэбы, іх павінна быць не менш трох: на дубраўскі бок, на абслугоўванне ферм у Матырыне, Старым Сяле, Ліпаўцы і Завячэллі. “Амкадор” спатрэбіцца і для таго, каб гаспадарцы зарабляць грошы.
– Ёсць папярэдняя дамоўленасць з адной з дарожных арганізацый, якая працуе на будаўніцтве дарог рэспубліканскага прызначэння, – агучыў планы Б.Т.Юргенс. – Можна было б зімой накіраваць на работу грэйдар, два МАЗы і МТЗ-3022 – гэта тэхніка ў халодны перыяд у гаспадарцы практычна не задзейнічана, таму трэба шукаць ёй прымяненне і зарабляць.
Расказаў Богдан Тадэвушавіч і аб тым, што ў хуткім часе ў гаспадарцы будзе ўстаноўлена новая камп’ютарная праграма “Ніва”, якая значна спросціць працу бухгалтарска-эканамічнай службы, але для яе работы неабходна спачатку ўнесці ў электронны банк даных звесткі аб кожным работніку арганізацыі: месца працы, пасаду, стаж, класнасць і іншае. Таму і запатрабаваў Багдан Тадэвушавіч, каб усе пацвярджаючыя дакументы былі адноўлены – калі чалавеку плацілі за класнасць, то знайсці дакументы, якія яе пацвярджаюць, або правесці атэстацыю работнікаў.
Пасля таго як пройдзе паверку алкатэстар, выбарачна будуць праводзіцца праверкі, каб прадухіліць з’яўленне нецвярозых работнікаў на жывёлагадоўчых аб’ектах. У гэтых мэтах будзе задзейнічаны аўтамабіль, які будзе перыядычна выязджаць на фермы ў розны час сутак, а ўзначаліць дадзены від прафілактычнай работы спецыяльная камісія на чале з ідэолагам. Багдан Тадэвушавіч зазначыў, што праверкі работнікаў на прадмет сяброўства з “зялёным зміем” не запалохваючая мера, а тая, без якой ва ўмовах нашай рэчаіснасці, пакуль на жаль не абысціся. Дысцыпліна і адказныя адносіны да працы – галоўныя патрабаванні кіраўніцтва. Калі, напрыклад, нованароджанае цяля загінула з-за таго, што не было подсцілу – вінаваты работнік будзе пакараны матэрыяльна. Парадак патрэбны ва ўсім – таму абавязкова павінны быць журнал уліку пагалоўя жывёлы, кніга складскога ўліку, дзе будзе адлюстраваны ўвесь рух кармоў, лімітна-заборныя карты. Усе работы трэба весці ў адпаведнасці з графікамі. “Калі неабходна карміць жывёлу ў 7 гадзін, значыць у гэты час нагружаны кормам воз павінен стаяць ля варот фермы”, – на прыкладах тлумачыў свае патрабаванні кіраўнік.
У сваю чаргу абяцаў Багдан Тадэвушавіч зрабіць усё неабходнае, каб стварыць належныя ўмовы працы.
– Я не магу вініць даярак, калі на сённяшні дзень жывёла запушчана і пры ўсіх сумленных адносінах да працы канчатковы вынік атрымліваецца не такі, на які разлічвалі.
Будзе зроблена перагрупоўка жывёлы, бо зараз па асобных групах нават пры захаванні тэхналогіі атрымаць малако гатунку “экстра” наўрад ці ўдасца з-за таго, што шмат хворых кароў. Прама на месцы в.а. дырэктара даручыў галоўнаму ветэрынарнаму ўрачу гаспадаркі Васілю Антонавічу Мялешку правесці інвентарызацыю жывёлы з дапамогай спецыялістаў райветстанцыі.
Кармоў па падліках загадчыцы фермы Раісы Уладзіміраўны Шалонькі павінна хапіць нават з улікам поўнага запаўнення фермы, хіба што крыху не дастае кукурузнага сіласу.Падводзячы вынікі сустрэчы, пасля якой работнікі культуры далі выдатны канцэрт, пагадзіліся работнікі фермы са словамі старшыні сельвыканкама В.І.Шнітко.
– Прадпрыемства гэта ваша і ферма ваша. Таму ад таго, будзе яна існаваць або не, залежыць і ваш далейшы лёс – дзе тады зарабляць і як жыць…
Д.РАМАНОЎСКІ