Проблемам социального сиротства — особое внимание власти и общества

Демография Наши дети Общество Официально

Яшчэ зусім нядаўна гэтая сям’я ўваходзіла ў пералік нядобранадзейных. Калі ж над мужам і жонкай узнікла рэальная пагроза пазбавіцца бацькоўскіх правоў у адносінах двух маленькіх дзяцей, яны здолелі пераацаніць жыццёвыя каштоўнасці і «ўзяцца за розум». Рэальную дапамогу ў вырашэнні бытавых праблем аказаў ім калектыў УП ЖКГ, дзе працуе жанчына. Як вынік, сям’я не толькі засталася ў сваім поўным складзе, але і чакае папаўнення…

Праблему сацыяльнага сіроцтва трэба вырашаць, як кажуць, усім светам. Менавіта таму над рэалізацыяй Дэкрэта Прэзідэнта №18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях» у нашым раёне працуюць дзяржаўныя органы і арганізацыі, створаны спецыяльны каардынацыйны савет.

Першы і вельмі важны этап гэтай работы — выяўленне дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне, у раннім узросце. Да гэтага працэсу прыцягнуты ўсе зацікаўленыя службы, у тым ліку работнікі сферы адукацыі і аховы здароўя, праваахоўных органаў і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

За 10 месяцаў бягучага года паступіў 51 сігнал аб магчымай сямейнай нядобранадзейнасці, усе яны былі правераны на магчымасць пражывання дзяцей у сем’ях. Зараз у раёне 56 дзяцей з 27 сямей знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. З пачатку года на пасяджэннях камісіі па справах непаўналетніх разгледжана 104 бацькі, якія неналежным чынам выконваюць бацькоўскія абавязкі, шасцёра з іх прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за здзейсненыя іх непаўналетнімі дзецьмі правапарушэнні або злачынствы.

Створаны рабочыя групы, якія штомесячна наведваюць нядобранадзейныя сем’і з мэтай абследавання санітарнага стану жылля, наяўнасці харчовых прадуктаў, адзення і абутку, спраўнасці ацяпляльных сістэм. Праводзіцца штотыднёвая міжведамасная акцыя «Сям’я без насілля». Атрыманая інфармацыя аналізуецца, прымаюцца канкрэтныя меры па паляпшэнні становішча ў сем’ях (дапамога па працаўладкаванні бацькоў, іх лячэнні ад алкагольнай залежнасці, рашэнне бытавых пытанняў і іншае), што ў многіх выпадках дае дзецям магчымасць застацца ў іх. Так, сёлета зняты з уліку 59 дзяцей з 40 сем’яў.

Калі ж усе прынятыя меры не дапамагаюць палепшыць становішча, прымаецца рашэнне аб прызнанні дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне — такіх выпадкаў сёлета ў раёне было 5. Прычыны іх змяшчэння ў сацыяльны прытулак можна прааналізаваць на канкрэтных прыкладах. У сем’ях К. і А. няма ўмоў для нармальнага пражывання дзяцей з-за п’янства бацькоў і антысанітарыі ў дамах, не цікавіліся жыццём і паводзінамі дачкі грамадзяне Ш., пазбаўляе сына мінімальных умоў, неабходных для жыцця і развіцця, маці А. А вось грамадзянін К., жонка якога не так даўно памерла ад злоўжывання алкаголем, тапіў сваё гора ў віне, забыўшыся пра тое, што яму трэба выхоўваць непаўналетнюю дачку. Спахапіўся ён толькі тады, калі дзяўчынка апынулася ў сацыяльным прытулку, аднак, па ўсім відаць, мужчына вельмі хоча, каб дачка вярнулася ў сям’ю, бо нядаўна прайшоў кадзіроўку ад алкагалізму.

Трэба адзначыць, што ў нашым раёне большая частка падобных дзяцей (59 працэнтаў) праз вызначаны час вяртаецца ў свае сем’і. Дарэчы, адпаведны сярэднеабласны паказчык на 9 працэнтаў ніжэйшы.

Адной з галоўных мэт дзейнасці зацікаўленых службаў з’яўляецца ўзнаўленне дзіцяча-бацькоўскіх адносін. У 2013 годзе вернуты ў біялагічныя сем’і 10 дзяцей, двое бацькоў адноўлены ў бацькоўскіх правах.

Як ужо прыгадвалася, асноўнай прычынай сямейнай нядобранадзейнасці з’яўляецца алкагольная залежнасць бацькоў, таму барацьба з гэтым злом — асноўны напрамак дзейнасці па вывядзенні сямей з крызісу. З пачатку года 5 бацькоў прайшлі дабравольнае лячэнне, столькі ж чалавек лячыліся ў стацыянары. Актыўную работу па пастаноўцы на ўлік да ўрача-нарколага грамадзян, якія маюць на выхаванні дзяцей, вядзе наркалагічная служба ЦРБ. Зараз такіх бацькоў 117, з іх 15 узяты на ўлік сёлета. На жаль, як сведчаць спецыялісты, цалкам вылечыць алкагалізм практычна немагчыма. З-за рэцыдываў захворвання дзеці, вернутыя ў сем’і, часам зноў трапляюць пад увагу зацікаўленых службаў. За час дзеяння Дэкрэта №18 у сацыяльна-небяспечным становішчы была прызнана 351 сям’я, паўторна за гэты 6-гадовы перыяд — 61 сям’я, што складае 17,4 працэнта.

Згодна заканадаўства, грамадзяне, чыіх дзяцей выхоўвае дзяржава, павінны кампенсаваць гэтыя затраты. Актыўную работу з абавязанымі асобамі, якія ўхіляюцца ад свайго абавязку, вядуць супрацоўнікі Ушацкага РАУС. Сёлета 2 такія асобы былі асуджаны па артыкуле 174 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і прыцягнуты да грамадскіх работ, 3 абавязаныя асобы накіраваны на прымусовае лячэнне ў ЛПП, такі ж прыгавор вынесены нядаўна яшчэ двум грамадзянам.

Зараз на Ушаччыне пражывае 52 абавязаныя асобы, 41 з іх працаўладкавана. У раёне 29 арганізацый, якія павінны забяспечыць працоўнымі месцамі гэту катэгорыю работнікаў. Аднак памер заработнай платы не заўсёды дазваляе пагасіць запазычанасць. У выніку працэнт пакрыцця абавязанымі асобамі налічаных сродкаў застаецца меншым, чым па вобласці. Гэта абумоўлена шматлікімі фактарамі — нізкай аплатай працы ў цэлым па раёне, значнымі сумамі спагнанняў з абавязаных асоб (на ўтрыманне некалькіх дзяцей), нізкай кваліфікацыяй работнікаў, невыкананнем норм выпрацоўкі, медыцынскімі супрацьпаказаннямі да выканання пэўных відаў работ, прагуламі, а таксама несвоечасовым пералічэннем прадпрыемствамі грашовых сродкаў, утрыманых з зарплаты абавязаных асоб.

Усе гэтыя прычыны штомесячна аналізуюцца, вядзецца работа па ўхіленні суб’ектыўных фактараў. У прыватнасці, удалося дасягнуць значнага прагрэсу па зніжэнні колькасці прагулаў. Калі ў 2010 годзе іх было здзейснена 1779, летась — толькі 796, а за бягучы год — 398. Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ажыццяўляе штодзённы персанальны кантроль за ўсімі працаўладкаванымі абавязанымі асобамі, аб іх адсутнасці на працоўных месцах паведамляецца работнікам РАУС. Выкарыстоўваецца такая форма змяншэння прагулаў, як іх адпрацоўка — так, за 2012-2013 гады было адпрацавана каля 250 прагулаў. Яшчэ адна магчымасць павелічэння заробку абавязаных асоб — пераўладкаванне іх на работу з больш высокай аплатай. Так, з пачатку бягучага года дзякуючы намаганням работнікаў упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне на такую работу было пераведзена 11 абавязаных асоб.

Нягледзячы на вялікую работу, якая праводзіцца ў раёне па выкананні патрабаванняў Дэкрэта №18, маюцца недапрацоўкі і пытанні, якім патрэбны асаблівы кантроль. Кіраўнікі і спецыялісты ўсіх зацікаўленых службаў павінны ўсведамляць сваю адказнасць за праяўленне абыякавасці да лёсу маленькіх ушачан. Нашы агульныя намаганні трэба засяродзіць на няўхільным выкананні заканадаўства, накіраванага на абарону правоў дзяцей, прафілактыку сямейнай нядобранадзейнасці.

В.КАРЧЭЎСКАЯ, намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *