20-летний юбилей отметил клуб «Возрождение», объединивший народных мастеров и художников Ушачского района

Мир увлечений Творчество наших земляков Экономика и малый бизнес Юбилейные даты

Ушаччына здаўна славілася сваімі народнымі майстрамі. Заўсёды жылі на нашай зямлі сапраўдныя самародкі, вырабы якіх выклікалі захапленне ва ўсіх, хто іх бачыў. Вось толькі аўдыторыя гледачоў была не такой шырокай, якой яны былі вартыя. Майстры, як кажуць, варыліся ва ўласным соку, стваралі шэдэўры, якія раз-пораз дэманстравалі на выставах, але збольшага вырабы пыліліся на дамашніх паліцах…

Змяніць гэтую сітуацыю – аб’яднаць людзей розных накірункаў творчасці, даць ім магчымасць дэманстраваць свае работы, удасканальваць майстэрства і асвойваць новыя віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – такую мэту ставіў перад сабой клуб народных майстроў і мастакоў “Адраджэнне”, які быў створаны пры Ушацкім раённым Доме культуры ў ліпені 1993 года.Першым кіраўніком клуба стала Алена Паўлаўна Каваленка, якая заклала падмурак творчага аб’яднання, згуртавала вакол сябе майстроў. Яна з усмешкай прыгадвае, што пры арганізацыі першых выстаў некаторыя з іх з неахвотай давалі свае работы – хваляваліся, што іх згубяць ці сапсуюць. Аднак аўтарытэт творчага аб’яднання рос вельмі хутка, і праз тры гады за актыўны ўдзел у выставах клуб атрымаў званне “народнага”, якое потым неаднаразова пацвярджаў.

Напрацоўкі Алены Паўлаўны захавала і развіла цяперашні кіраўнік клуба Ала Іванаўна Кузусёнак. Яна паставіла перад сабой мэту прыцягнуць у “Адраджэнне” пакуль малавядомых майстроў, пашырыць жанравую разнастайнасць работ. Не шкадуючы сіл і часу, Ала Іванаўна ездзіла па раёне ў пошуках народных умельцаў, як сама прызнаецца, у кожнага з іх чамусьці патроху вучылася, развівала свае творчыя і арганізатарскія здольнасці. І гэтыя намаганні не былі дарэмнымі. Зараз удзельнікамі “Адраджэння” з’яўляюцца каля трох дзясяткаў творцаў. А ў своеасаблівай “базе даных”, створанай цяперашнім кіраўніком клуба, без малога дзве сотні прозвішчаў людзей, якія займаюцца пэўным відам творчасці. Ушацкія майстры і мастакі дэманструюць свае вырабы не толькі на раённым, але і на рэспубліканскім узроўні. Яны – пастаянныя ўдзельнікі міжнародных фестываляў “Славянскі базар у Віцебску”, “Звіняць цымбалы і гармонік” у Паставах і шматлікіх іншых мерапрыемстваў. З поспехам праходзяць персанальныя выставы ўшацкіх майстроў, а іх творы набываюць для сваіх калекцый нават замежныя аматары мастацтва.

Справаздачай зробленага за два дзесяцігоддзі стала вялікая выстава работ удзельнікаў клуба “Адраджэнне”, якая працуе зараз у музеі народнай славы імя У.Е.Лабанка. Як адзначыла падчас яе ўрачыстага адкрыцця намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама М.А.Шаўчэнка (якая, дарэчы, і сама з’яўляецца ўдзельніцай клуба), “Адраджэнне” аб’ядноўвае людзей розных прафесій, але аднаго вялікага захаплення – творчасці. Марыя Аляксееўна ўручыла народным майстрам і мастакам граматы, лісты падзякі і падарункі. Бібліёграф раённай бібліятэкі Г.П.Талстая прадэманстравала выданні, у якіх расказваецца аб удзельніках “Адраджэння”. Аўтары работ і гледачы з вялікай цікавасцю знаёміліся з цудоўна аформленай экспазіцыяй, якая атрымалася вельмі змястоўнай і разнапланавай.

“Куточак” з драўлянымі вырабамі разьбяра Сяргея Аляксеевіча Роўбы, неўміручыя карціны Міхаіла Антонавіча Казіцкага, вышыўкі Соф’і Рыгораўны Гайдук – гэтыя творы нібыта працягваюць жыццё сваіх аўтараў, якія, на жаль, ужо пайшлі ад нас. Не адзін год удасканальваў сваё ўменне наш знакаміты ганчар, член Беларускага саюза майстроў Уладзімір Іванавіч Бязрукаў.

“Рэалістам, дасягнуўшым найвышэйшага ўзроўню майстэрства”, назваў старэйшага ў раёне мастака, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны і працы Дзям’яна Уладзіміравіча Крупеню дырэктар ушацкага Дома рамёстваў М.А. Багдановіч.

Зрэшты, такой характарыстыкі дастойны і карціны самога Міхаіла Аляксандравіча. Бездакорны мастацкі густ, эстэтычнасць у афармленні работ – адметнасці яго творчага крэда. Гэтыя рысы вопытны настаўнік прывівае сваім вучням, якія складаюць маладую творчую плеяду “Адраджэння”. На выставе можна ўбачыць габелены К.Малышкінай і К.Кляшчонак, работы Ю.Пятніцы, выкананыя ў тэхніцы абрэзкавага шыцця, разьбу па дрэве Р.Шыдлоўскага. ”Вельмі паважаю моладзь, якая ў цяперашні час віртуальных тэхналогій і зносін знаходзіць у сябе жаданне займацца рукадзеллем”, – адзначыла Алена Паўлаўна Каваленка.Нават цяжка пералічыць усе віды творчасці, якія асвоіла Айгуль Аразалаўна Смык, а яе “канёк” – складанае старажытнае мастацтва саломапляцення. Дасканаласці ў гэтым відзе творчасці, а таксама ў выцінанцы, нітачным дызайне дасягнула і Ірына Генадзьеўна Марковіч. Сапраўдным асам бісерапляцення можна назваць Тамару Аваднёву, якая асвоіла гэты папулярны від мастацтва падчас дэкрэтнага водпуску і меркавала, што пасля выхаду на работу ў яе не будзе часу на захапленне, але неўзабаве зразумела – жыць без творчасці ўжо не можа. Універсальным майстрам і, бадай, самай актыўнай удзельніцай шматлікіх творчых конкурсаў з’яўляецца Ганна Бабянок – яе вырабам у цэнтры выставачнай залы адведзена асобная пляцоўка. Сама ж майстрыха з захапленнем разглядвала работы сваіх калег. “Гэты глушэц зусім падобны да жывога – настолькі натуральна, “аб’ёмна” ён намаляваны”, – падзялілася яна сваімі ўражаннямі ад работы Вольгі Мурашовай. А вось наведвальнік выставы Сяргей Генадзьевіч Андрусенка – інжынер-канструктар з Гродна, які нядаўна набыў дачу ў нашым раёне, – застаўся ў найбольшым захапленні ад твораў Вячаслава Мурашова. “Вельмі спадабаліся работы ўшацкіх майстроў. Я і сам спрабую сябе ў розных відах творчасці, у прыватнасці, раблю скульптуры казачных персанажаў. Быў бы вельмі рады магчымасці калі-небудзь прыняць удзел у падобнай выставе”, – падзяліўся сваімі марамі мужчына. Што датычыцца прыгаданай вышэй творчай сям’і, то ў экспазіцыі прадстаўлены не толькі вырабы ўжо добра знаёмых ушачанам па персанальных выставах Вячаслава і Вольгі, але і работы прадстаўнікоў маладога пакалення Мурашовых – Паўла і Ганны, якія таксама з’яўляюцца ўдзельнікамі “Адраджэння”. 

Увогуле, як паказвае практыка, варта камусьці ў сям’і захапіцца творчасцю, гэты пачын часта падхопліваюць іншыя родныя. Вязаннем, вышываннем, абрэзкавым шыццём займаецца Валянціна Сцяпанаўна Казіцкая, а яе дачка Антаніна выдатна малюе, вырабляе габелены, асвойвае іншыя народныя промыслы. А вось няўрымслівая Людміла Аляксееўна Асташкевіч, якая з цікавасцю асвойвае ўсё новыя рамёствы і віды творчасці (напрыклад, робіць кветкі з бераста і нават варыць самаробнае мыла) стала прыкладам для дзвюх сваіх унучак. “Мы ніколі не глядзім тэлевізар проста так: заўсёды паралельна займаемся якімсьці рукадзеллем”, – расказвае жанчына. А ў сям’і Валянціны Адамаўны Саўлук вышываннем займаецца не толькі дачка, але і сын. Работы майстрыхі прывялі гледачоў у захапленне – нават цяжка паверыць, што з дапамогай іголкі і нітак можна так дакладна перадаць грацыю і прыгажосць чалавечага цела. “Вось над гэтай вышыўкай мы з дачкой працавалі паўгода. А каб зрабіць тую невялікую работу, давялося выкарыстаць каля 50 розных адценняў карычневага колеру”, – расказвае Валянціна Адамаўна.

Нельга абысці ўвагай скульптуры малых архітэктурных форм Зінаіды Міхайлаўны Свірко, арыгінальныя і практычныя плеценыя з пакетаў для смецця сурвэткі і сумкі, змайстраваныя Марынай Мікалаеўнай Герцык і Тамарай Аляксееўнай Чэвідаевай, вышываныя карціны Галіны Арсенцьеўны Колычавай. Увогуле, нельга пералічыць усё тое, што можна ўбачыць на выставе, якая будзе працаваць да сярэдзіны снежня.

Скончыць жа гэты артыкул мушу словамі, якія выказаў на вечарыне, арганізаванай для майстроў і мастакоў клуба ў гонар яго юбілею, М.А.Багдановіч: “Вельмі хочацца, каб і надалей жыло і квітнела жывое дрэва ўшацкіх рамёстваў, каб нашы майстры радавалі сваімі вырабамі і выклікалі ў гледачоў жаданне зрабіць сваімі рукамі штосьці прыгожае!”

Н.БАГДАНОВІЧ.



1 комментарий по теме “20-летний юбилей отметил клуб «Возрождение», объединивший народных мастеров и художников Ушачского района

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *