
Гаспадарка выканала заданне 2009 года на 108 працэнтаў пры плане 118. Самай ураджайнай культурай аказаўся ячмень – 38,5 цэнтнера з гектара, добра ўрадзіў і рапс – 11,2, па ім і самы высокі кошт рэалізацыі – 629 рублёў, менавіта з гэтай культуры атрымалі 33 мільёны прыбытку, нават пры тым, што з 24 гектараў насенне проста не сабралі – асыпалася. Вырасла і добрая кукуруза, наогул забяспечанасць кармамі ў гаспадарцы, што называецца – уволю. Нават прадаюць іншым гаспадаркам. І гэта не адзінае, што маюць у запасе. “Вялікадолецкае” поўнасцю забяспечана насеннем зерневых і можа падзяліцца 150 тонамі. Што яшчэ больш паказальна – тут выдатна спрацавалі з насеннікамі траў і таксама маюць на продаж, прычым не толькі канюшыну, цімафееўку, але і нават райграс.
І таму на сёлетні год гаворка вялася не пра колькасць, а пра якасць. Каб кармы рыхтаваць згодна з тэхналогіяй, улічваючы самыя аптымальныя тэрміны па ўтрыманні пажыўных рэчываў. Каб насенне прадаваць толькі харчовым, чаго не ўдалося сёлета з пшаніцай. І каб не губляць на прадукцыі жывёлагадоўлі.
За мінулы год 60 працэнтаў малака было прададзена вышэйшым гатункам. Гэта мала, калі ўлічыць, што на фермах праведзена рэканструкцыя і стаіць сучаснае абсталяванне. Аднак вяртанне малака было нават гэтай зімой. Іван Піліпавіч бачыць прычыну ў недапрацоўцы даярак і загадчыкаў ферм, таксама як і ў вялікай ялавасці кароў. Так, няма пакуль ветурача, аднак, можна выклікаць спецыялістаў, а толькі з-за ялавасці кароў не атрымалі летась 136 мільёнаў рублёў, з-за здачы малака ніжэйшым гатункам – 72, з-за падзяжу і вымушанай прырэзкі – 60 мільёнаў.
На чатырох фермах цяляты знаходзяцца на бяспрывязным утрыманні і пры адказным доглядзе ўжо даюць па 670 грамаў прываг – ферма Цыганок, 600-650 – Царкавішча. Таму і леташнія сярэднясутачныя гадавыя 460 грамаў, канечне, не паказчык, тым больш пры дастатку кармоў.
Вельмі высокія планы ў гаспадаркі сёлета. І няпростыя нават для іх вялікага і ўмеючага працаваць калектыву. Мяркуюць атрымаць не меней 30 цэнтнераў з гектара і 4 тысячы літраў малака ад каровы. Зерневымі думаюць засеяць 2030 гектараў, а калі ўлічыць, што азімых з іх усяго 750 гектараў, то 1300 гектараў веснавой сяўбы зерневых (!), не ўлічваючы рапсу і кукурузы. Толькі пры працы ў дзве змены можна справіцца з такой задачай, а знайсці раўнацэнную падмену на дарагія агрэгаты – праблема для кожнага калектыву. Самі механізатары таксама не вельмі вітаюць гэтую форму, бо не любяць, каб тэхні- ка хадзіла па руках, аднак круглыя суткі чалавек працаваць не можа.
Азнаёміў дырэктар сельгаспрадпрыемства і з задачамі, якія пастаўлены на абласной селектарнай нарадзе. Працоўны дзень зараз у гаспадарках з 7 да 18 гадзін, забараняецца работа на транспарце, які не прайшоў тэхагляд, а ў час пасяўных работ давядзецца адмовіцца ад заездаў дамоў.
Былі даведзены на сходзе і змены ў калектыўны дагавор. Задавалі людзі пытанні наконт таго, які час лічыцца начным – з 10 вечара да 6 раніцы, як праводзіцца даплата слесарам. Прасілі выдаваць на рукі разліковыя лісты. І калектыўным можна лічыць зварот мужчын да намесніка старшыні райвыканкама В.В.Дзямешка і галоўнага спецыяліста райсельгасхарча Т.У. Жолабавай наконт адмены для жыхароў навакольных вёсак платы за рыбную лоўлю. “Па сто тысяч з невялікім атрымліваем у зімовы час, а 10 каштуе плата на азёрах, якія перададзены ў арэнду, а ў Касарах жа няма свайго возера, таму традыцыйна ездзілі на Тартак і Царкавішча”. Гэтае пытанне можа вырашацца толькі на сесіі раённага Савета дэпутатаў. Вера Валер’еўна расказала калектыву пра перамены ў развіцці рэгіёна, якія чакаюцца ў хуткім часе.