Сучасных пісьменнікаў шмат… Хтосьці піша пра каханне, кагосьці натхняюць злачынствы і іх расследаванне, а ёсць і такія майстры слова, якім адкрыта значна большае — таямніцы дзіцячай душы. Праз гады яны не губляюць здольнасць глядзець на свет вачыма дзяцей і, карыстаючыся гэтым, вучаць іх дабру.
Па ініцыятыве работнікаў раённай дзіцячай бібліятэкі на гэтым тыдні ва Ушацкай школе адбылася сустрэча вучняў малодшых класаў з пісьменнікам Валерыем Тамазавічам Квілорыя. Сам госць, які з’яўляецца лаўрэатам Міжнароднага конкурса дзіцячай і юнацкай кнігі імя А.М.Талстога 2006 года (Масква) і літаратурнага конкурса “Руская прэмія” 2006 года, назваў сустрэчу сеансам «абвесялення» школьнікаў. Мерапрыемства атрымалася яркім, эмацыянальным, насычаным па змесце.
Сустрэчу з дзецьмі пісьменнік пачаў незвычайна — з пераказу сваіх твораў, ды з такой інтанацыяй, што школьнікам, як кажуць, і дух перахапіла. На тварах юных ушачан можна было ўбачыць то здзіўленне, то захапленне, то проста ўсмешку. Напэўна, пасля гэтага большасць з іх прачытае казкі, апавяданні і аповесці аўтара.
«Пісаць забаўляльна, весела, з элементамі нечаканасці і ад душы» — такую мэту ставіць перад сабой пісьменнік. Дарэчы, нязменныя героі яго апавяданняў — школьнікі Шурка і Лерка, якія пастаянна трапляюць у неверагодныя прыгоды. Юным ушачанам Валерый Квілорыя знаёмы па такіх кнігах як «Бунт ў талерцы», «Снежны боршч» і г.д. Творы пісьменніка садзейнічаюць не толькі развіццю фантазіі ў падрастаючага пакалення, але і вучаць дабру, культуры паводзін. Многія з іх — пазнавальнага характару, у займальнай форме расказваюць пра таямніцы жывёльнага свету, прыроду і яе з’явы.
Свае першыя творы для дзяцей Валерый Квілорыя пачаў пісаць у пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Натхняльнікамі ў творчасці для аўтара сталі яго дзеці. Так, напрыклад, нарадзіўся першы твор «Пра двух лятаючых парасят», які ў 1995 годзе выйшаў асобнай кніжкай.
Напрыканцы сустрэчы з юнымі ўшацкімі аматарамі кнігі Валерый Тамазавіч расказаў таксама пра сваю выдавецкую дзейнасць, адказаў на пытанні прысутных. Многія вучні набывалі кнігі пісьменніка, бралі ў яго аўтограф.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.