Алег Васільевіч Гіраўка ўжо і не памятае, колькі яму было гадоў, калі ён упершыню сеў за руль аўтамабіля, але запомніў тое пачуццё ўлады над вялікай машынай, якая слухаецца кожнага твайго руху. Хто ведае, можа менавіта тады і вырашыў хлопец, што калі вырасце, абавязкова стане вадзіцелем. Яно і не дзіўна, бо сельскія дзеці ў асноўным прывучаны да любой работы, у тым ліку і з тэхнікай.
У час уборачнай кампаніі, якая ў гэтым годзе была вельмі нялёгкай, аб прызах і перамогах Алег Васільевіч думаў у апошнюю чаргу. Не парадаваў ураджай хлебаробаў ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”, таму задача была адна – перавезці і захаваць кожнае зярнятка, бо за гэтым стаіць нялёгкая праца многіх людзей і немалыя фінансавыя выдаткі.
На адвозцы зерня ад камбайнаў гэты вопытны вадзіцель працуе ўсяго тры гады.
– У 2011 годзе быў мой першы сезон, калі адвозіў зерне ад камбайнаў, – кажа Алег Васільевіч.
Але першы блін не атрымаўся “камяком” – А.В.Гіраўка стаў пераможцам раённага спаборніцтва сярод вадзіцеляў, занятых на адвозцы хлеба ад камбайнаў на аўтамабілях грузападымальнасцю звыш 9 тон, а ў наступным годзе быў другім. Сёлета амаль да канца жніва саступаў Мікалаю Ляхоўскаму з ААТ “Ільюшынскі”, але ў рэшце рэшт пасля канчатковых падлікаў, калі да агульнага танажу перавезенага зерня прыплюсавалі і рапс, абышоў ільюшынскага калегу-саперніка амаль на 200 тон.
– Нялёгка прыходзілася нашым грузавікам, не заўсёды ж па трасе ездзілі, ды і зерне даводзілася адвозіць з розных палёў, – расказвае Алег Васільевіч, мяняючы шыны на прычэпе свайго аўтамабіля. – Бывала, што толькі засыпеш зерне ў кузаў – і МАЗ прасядае на вільготнай глебе, часта даводзілася буксаваць.
Канечне, усе вадзіцелі працавалі ў аднолькавых умовах, а вынік розны. Тут, як бачна, трэба прымаць да ўвагі такія фактары, як добрасумленнасць, прафесіяналізм і нават выдумка. Зноў жа – не кожны зможа кіраваць вялікай машынай на палявых дарогах на крэйсерскай хуткасці. А яшчэ калегі Алега Васільевіча падказалі мне, што за сваім аўтамабілем ён даглядае як за малым дзіцём, вось і не падводзіў МАЗ гаспадара, які выдатна падрыхтаваў яго да хлебных рэйсаў.
Вадзіцелем Алег Васільевіч працуе амаль трыццаць гадоў, увесь свой працоўны стаж нязменна прысвяціў сельскай гаспадарцы. З 1986 года эксплуатаваў на працягу пяці сезонаў бензавоз райсельгасхіміі, потым атрымаў новы “Урал”, на якім 19 гадоў уносіў мінеральныя ўгнаенні на палеткі сельгаспрадпрыемстваў раёна.
За час працы ў гаспадарцы Алег Васільевіч заслужыў аўтарытэт і павагу калег і кіраўніцтва, аб чым сведчыць хаця б тое, што вадзіцель з’яўляецца членам назіральнага савета акцыянернага таварыства і ўваходзіць у склад прафсаюзнага камітэта. Яму безумоўна давяраюць, не сумняваюцца ў майстэрстве і дысцыпліне, бо не адзін раз вадзіцель даказваў, што здольны выканаць любое заданне.
Грузы яму прыходзіцца дастаўляць самыя розныя: зерне, угнаенні, кармы, насенне, будаўнічыя матэрыялы. Часта бываюць і далёкія рэйсы, а за гады працы рознае здаралася ў дарозе.
– Давялося аднойчы везці калійныя ўгнаенні з Салігорска, – прыпамінае адну з нестандартных сітуацый Алег Васільевіч. – Спыняе мяне транспартны кантроль і высвятляецца, што нагрузка на вось не адпавядае забараняльнаму знаку. Вось хацелася б мне калі-небудзь спытаць у канструктараў Мінскага аўтазавода, як мне ехаць на двухвосевым аўтамабілі, які сам важыць 9 тон і больш 9 тон грузу можа прыняць у барты, калі па дарогах нагрузка на адну вось не павінна перавышаць 7 тон. Атрымліваецца, што для таго, каб не парушаць правілы дарожнага руху, некаторымі відамі грузу можна напаўняць толькі палову кузава…
– Дык чым скончылася гісторыя з транспартным кантролем? – пытаюся ў Алега Васільевіча. – Аштрафавалі ці не?
– Не, не атрымалася ў іх, – смяецца вадзіцель. – Я хуценька перакінуў з кузава ў прычэп паўтары тоны ўгнаення і ўсё – няма да чаго прычапіцца.
Развітваючыся, пажадаў А.В.Гіраўку, каб яго мара задаць пытанне канструктарам МАЗа здзейснілася. А зрабіць гэта прасцей за ўсё на рэспубліканскіх “Дажынках”, на якіх заўсёды прысутнічае кіраўнік Мінскага аўтазавода і на якія, хочацца спадзявацца, неўзабаве трапіць герой гэтага матэрыялу.
Д,РАМАНОЎСКІ