Каля 30 гадоў працоўнага стажу ў мясцовай гаспадарцы за плячыма Виктара Хадасевіча і Анатоля Подраза — селішчанскіх механізатараў, верных свайму сельгаспрадпрыемству, родным мясцінам, дзе прайшла большая частка жыцця.
Трактар, за рулём якога Віктар Часлававіч Хадасевіч, можна пазнаць здалёк. Ім не таму, што тэхніка неяк асабліва выглядае – у трактарыста-машыніста ААТ “Агра-Селішча” своеасаблівая манера кіравання: ён настолькі прыгожа і спрытна вядзе свой МТЗ-82, ліха абмінаючы перашкоды, што, напэўна, калі б Віктар Часлававіч вырашыў прыняць удзел у ралі трактароў, якое штогод праводзіцца ў Растоўскай вобласці, у яго былі б усе шансы вярнуцца ў Селішча з галоўным прызам спаборніцтваў – новым МТЗ. Зрэшты, і яго цяперашні трактар, на якім механізатар штодня выконвае розныя работы, адносна новы – тры гады як зышоў з канвеера. Сваю тэхніку Віктар Часлававіч любіць за манеўранасць і эканамічнасць, а таксама за тое, што для яе знаходзіцца работа практычна круглы год: у той час, як энерганасычаныя машыны зімуюць на мехдвары, юркі МТЗ-82 абслугоўвае жывёлагадоўчыя аб’екты, заняты ў іншых гаспадарчых працэсах. Дарэчы, менавіта на ферме ў Селішчы давялося застаць трактарыста, які ў гэты дзень займаўся вывазкай арганікі. Увогуле ж за бягучы год яму прыйшлося папрацаваць і на ўнясенні ўгнаенняў, і на касавіцы, і на адвозцы бульбы. Пры гэтым вопытны механізатар, які працуе ў мясцовай гаспадарцы з 1984 года, умее аптымальна арганізаваць рабочы працэс, не дазваляе сабе прастояў. Усё гэта дапамагло яму сёлета заняць першае месца ў раённым спаборніцтве трактарыстаў-машыністаў у групе трактароў з магутнасцю рухавіка да 80 конскіх сіл, выпрацаваўшы 2716 умоўных эталонных гектараў.
Ёсць у невялікім сельгаспрадпрыемстве і яшчэ адзін сёлетні трыумфатар – Анатоль Генадзьевіч Подраз, які вылучыўся адразу ў дзвюх намінацыях. У спаборніцтве трактарыстаў-машыністаў у групе трактароў з магутнасцю рухавіка 80-250 конскіх сіл на сваім МТЗ-1221 ён значна апярэдзіў усіх калег-канкурэнтаў, выпрацаваўшы 4429 умоўных эталонных гектараў. Акрамя таго Анатоль Генадзьевіч стаў другім сярод вадзіцеляў па адвозцы зерня ў групе трактароў МТЗ-1221 і МТЗ-82 – ім было перавезена 372,5 тоны збожжа. Сярод любімых працэсаў, якімі даводзіцца займацца на працягу года, трактарыст называе апрацоўку глебы да сяўбы – калі ён абуджае зямлю ад зімовага сну, дае старт асноўным палявым работам. У гаспадарцы ўсяго два трактары МТЗ-1221, таму нагрузка на механізатара выпадае вялікая – узворванне і культывацыя глебы, корманарыхтоўка, жніво, іншыя работы сельскагаспадарчага цыкла.
У дзень жа нашага прыезду Анатоль Генадзьевіч з узнёслым настроем шчыраваў ля свайго новага транспарту – Амкадора-352С. Усяго тыдзень, як ён сеў за руль магутнага пагрузчыка, а ўжо паспеў добра яго асвоіць. “Без гэтай універсальнай тэхнікі ў гаспадарцы не абысціся, – расказвае механізатар. – З яе дапамогай можна хутка ажыццяўляць пагрузку зерня, даставаць з траншэі ўтрамбаваны сянаж, грузіць арганіку. А ўчора, напрыклад, я быў заняты на ўборцы з палёў рулонаў саломы”. Як бачна, спраў у механізатара хапае і напрыканцы восені, калі практычна завершаны асноўныя работы.
І В.Хадасевіч і А.Подраз пачалі працаваць у калгасе адразу пасля службы ў арміі, стварылі сем’і, гадуюць дзяцей. У Анатоля Генадзьевіча ўтульны дом з выгодамі ў Баяршчыне, руплівая жонка, якая працуе на мясцовай ферме, любімая дачка-старшакласніца. Сям’я Віктара Часлававіча жыве ў Селішчы, а яго сын, які вучыцца ў Лепелі, сёлета падчас канікул працаваў у роднай гаспадарцы памочнікам камбайнера. Гэта так важна – мець трывалы “тыл”, месца, куды прыемна вяртацца пасля працоўных будняў – а яны ў аграраяў такія цяжкія…
Н.БАГДАНОВІЧ.