Васіля Мікалаевіча Сапегу я не спадзяваўся застаць на мехдвары КУСГП “Глыбачаны”, бо, па словах намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце Ірыны Францаўны Ждановіч, ён заўсёды запатрабаваны ў гаспадарцы на розных відах работ. Але гэта акалічнасць у выніку наадварот дапамагла. У “Глыбачанах” зараз рыхтуюць тэхніку да зімы, заканчваюцца апошнія работы па добраўпарадкаванні мехдвара, таму пагрузчык “Амкадор”, на які перасеў В.М.Сапега пасля заканчэння корманарыхтоўкі, працаваў як раз там.
З сялянскай працай гэты механізатар пазнаёміўся яшчэ ў дзяцінстве – школьнікам працаваў на зернетаку спачатку на сартаванні траў, потым – памочнікам камбайнера. Дарэчы, правы трактарыста Васіль Мікалаевіч атрымаў адразу пасля вучобы ў мясцовай школе, пасля заканчэння якой яшчэ да службы ў Савецкай Арміі без праблем уліўся ў вялікі працоўны калектыў племсаўгаса “Глыбачаны”. Пасля дэмабілізацыі 10 месяцаў павышаў кваліфікацыю – вучыўся ў Ульскім вучылішчы, а потым зноў вярнуўся ў родны саўгас, дзе пачынаючы з 1981 года нязменна з’яўляецца адным з лепшых механізатараў.
– Шмат людзей працавала, – успамінае Васіль Мікалаевіч. – Фермы на той час, акрамя Глыбачкі, былі амаль што ў кожнай больш-менш буйной вёсцы: Краснае, Рацькава, Загаваліна, Усвея, Усвіца… Статак гаспадаркі налічваў каля 4500 галоў. Толькі на падвозе кармоў было задзейнічана восем адзінак тэхнікі, у тым ліку і я на Т-40.
На працягу сваёй дзейнасці В.М.Сапега разам з гаспадаркай прайшоў усе этапы тэхнічнага пераўзбраення, пастаянна даводзілася асвойваць новую тэхніку. Старэнькі Т-40 змяніў на МТЗ-50, потым быў МТЗ-82. З 1982 года маладога талковага механізатара на сезон замацавалі за КСК на нарыхтоўку кармоў, і вось ужо больш трыццаці гадоў ён нязменна працуе на гэтым відзе сельскагаспадарчых работ.
Калі я паведаміў Васілю Мікалаевічу аб тым, што ён стаў першым у раённым спаборніцтве сярод камбайнераў кормаўборачных машын, то ён адразу і не паверыў: “Шчыра кажучы, нават і не спадзяваўся, што стану пераможцам – за лічбамі не гнаўся, працаваў, у прынцыпе, як заўсёды”, – скромнічае механізатар.
Амаль увесь сезон, калі няма снегу, Васіль Мікалаевіч у полі. Вось і ў гэтым годзе ўсю кукурузу ў гаспадарцы ўбраў адзін, працаваў на нарыхтоўцы сена, іншых відаў кармоў. Зараз практычна ўся тэхніка гаспадаркі падрыхтавана да зімы, толькі яго агрэгаты – КЗР-10 і КВК-800 яшчэ стаяць сярод двара. “Спачатку на КЗР-10 сеяў, перасеў на КВК-800 – нарыхтоўваў сянаж, потым зноў перабраўся ў кабіну КЗР сеяць рапс і азімыя, кукурузу ўбіраў на КВК-800, паралельна даводзілася “дабіваць” рэшткі і на КЗР, зараз вось на “Амкадоры” дапамагаю”, – тлумачыць В.М.Сапега той факт, што замацаваная за ім тэхніка яшчэ не знаходзіцца пад навесам.
Гэты чалавек у сезон на гадзіннік не глядзіць, у яго адна адзінка працягласці рабочага дня – ад світанку да захаду. “За гады працы прывык да такога рытму, да таго, што працоўны водпуск у мяне выпадае толькі на зіму, адно засмучае – не люблю я зімовую рыбалку, а летам пасядзець на беразе з вудай не атрымліваецца – няма часу”, – усміхаецца Васіль Мікалаевіч.
Зімой ён будзе працаваць на ферме, адпачне сам і дасць водпускі іншым механізатарам гаспадаркі, потым – падрыхтоўка тэхнікі да новага цыкла палявых работ, якія В.М.Сапега выконвае чацвёрты дзясятак гадоў – сумленна, старанна і не лічачы сваю працу асаблівай, бо любое пытанне аб сакрэтах яго майстэрства выклікае ў Васіля Мікалаевіча шчырае неўразуменне: “Якія такія сакрэты? Працую проста…”. Мабыць і так, але пастаянна лепш многіх, таму што па-іншаму проста не ўмее.
Д.РАМАНОЎСКІ.