Владельцы КФХ «Зарубовщина» подарят фруктовый сад детям-сиротам

Личное подсобное хозяйство Сельское хозяйство

На карце Ушацкага раёна, выдадзенай амаль 10 гадоў таму назад, вёска Зарубаўшчына, што знаходзіцца паміж Касарамі і Лясінамі, значыцца як нежылая. Так і было да нядаўняга часу, але зараз гэта не адпавядае рэчаіснасці, бо са стварэннем сялянска-фермерскай гаспадаркі “Зарубаўшчына” тут зноў кіпіць жыццё.

Браты Дзмітрый і Уладзімір Тарасевічы – заснавальнікі гаспадаркі – родам з Лепеля. Нягледзячы на малады ўзрост ужо маюць вопыт працы ў вытворчасці прадукцыі пітомнікаў – менавіта гэта з’яўляецца асноўным напрамкам дзейнасці “Зарубаўшчыны” і ўключае ў сябе вырошчванне пасадачнага матэрыялу – насення, прышчэпаў, саджанцаў пладовых дрэў. Вырашыўшы стварыць уласнае прадпрыемства, доўга шукалі месца для яго заснавання. Цікава, што маці фермераў нарадзілася непадалёку ад гэтых мясцін, у Касарах. Але не гэта стала рашаючым фактарам таго, што Зарубаўшчына зноў “ажыла”.

– Усё намнога празаічней, – усміхаецца старэйшы з братоў Тарасевічаў, Дзмітрый, якога мы засталі на ўскрайку будучага сада. – З просьбай аб выдзяленні зямлі для стварэння сялянска-фермерскай гаспадаркі мы звярталіся ў некалькі райвыканкамаў, але рэальна насустрач нам пайшлі толькі ва Ушацкім раёне.

Можна сказаць, што для маладых фермераў гэта пашырэнне вытворчасці, бо ўжо зараз яны могуць прапанаваць пакупнікам саджанцы з лепельскай “прапіскай”. 50 гектараў – такая плошча будучага сада, што з’явіцца ў Зарубаўшчыне ў наступным годзе. Сёлета ж на плошчы ў адзін гектар гадуюцца будучыя яго “насельнікі” – прывіты больш 40 сартоў яблыні, грушы, алычы, вішні, чарэшні. Знойдуць сваё месца ў садзе чорныя і чырвоныя парэчкі, ужо ў гэтым годзе вырошчвалі клубніцы. Акрамя таго можна будзе набыць і дэкаратыўныя кусты, якім у пітомніку адведзена таксама значнае месца.

Спецыфіка іх бізнесу такая, што зараз даводзіцца ўкладаць шмат сродкаў, але паступова набываюць тэхніку, абжываюцца на новым месцы. У гаспадарцы маюцца трактар, МАЗ, 4 мікрааўтобусы і мотаблок, дызельны генератар, бо электрычнасці пакуль няма. Сваімі рукамі пабудавалі прыгожы драўляны домік, які з’яўляецца часовай “рэзідэнцыяй”. Пакуль што браты працуюць удвух, дапамагаюць родныя, бо шмат чаго патрэбна зрабіць да зімы. Гектар пітомніка саджанцаў абнеслі металічнай сеткай, інакш неяк, бо знішчаць дзікія жывёлы, якіх у наваколлі мноства – землі фермерскай гаспадаркі размешчаны на ўскрайку вялізнага ляснога масіву, які знаходзіцца на стыку Ушацкага, Докшыцкага і Глыбоцкага раёнаў. “Зайцы, лісы, дзікі, ласі, ваўкі і нават мядзведзь жыве па-суседстве”, – пералічвае Дзмітрый Тарасевіч прадстаўнікоў фаўны, з якімі яму давялося сустракацца за гэты год. Вось і ў ноч перад нашым прыездам у Зарубаўшчыну нехта з лясных “суседзяў” параніў яго сабаку.

– Гэтыя мясціны – сапраўдны рай для аматараў палявання, якіх тут бывае шмат, вунь вышкі на супрацьлеглым ускрайку поля, – паказвае на далёкія збудаванні Дзмітрый Леанідавіч, – зусім нядаўна прыязджалі на паляванне немцы. Таму і задумаліся мы з братам аб тым, каб разам з садаводствам заняцца і экатурызмам – бачыце, якія цудоўныя краявіды навокал. Плануем таксама наладзіць спаборніцтвы па кампакт-спортынгу. Гэта новы від спорту, які вядомы ў народзе як “стральба па талерачках”. Ён зарадзіўся ў Еўропе як адзін са спосабаў падрыхтоўкі паляўнічых, і па статыстыцы зараз за мяжой 9 з 10 стрэлаў паляўнічых ружжаў гучаць менавіта на спаборніцтвах. Для таго, каб прымаць людзей, пабудуем 10 крытых чаротам экалагічных домікаў для паляўнічых. Маецца спецыяльная машына для нарыхтоўкі чароту зімой на азёрах, ведаем тэхналогію будавання такіх дахаў. Таксама можна будзе праводзіць спаборніцтвы па папулярным зараз пейнтболе і лазертагу – гульні на мясцовасці з выкарыстаннем гульнявых лазерных бластараў…

Планы, як кажа Д.Тарасевіч, і сапраўды “напалеонаўскія”. Не палохае гэтых хлопцаў і адсутнасць неабходных умоў цывілізацыі, а іх упартасці і ўменню працаваць можна толькі пазайздросціць. “Для забеспячэння вадой выкапалі тры сажалкі. Маецца дакументацыя для падводу электрычнасці, да бліжэйшай лініі электраперадач каля 700 метраў”, – працягвае агучваць свае задумы старэйшы з братоў. Выраб і продаж дэкаратыўных платоў і нават жывёлагадоўля ўваходзяць у планы фермераў. Пачатак ужо пакладзены – у агароджаным загоне, побач з домікам горда выгульваецца маленькае жарабя Антэй, якое атрымала сваё імя ў гонар аднаго з сартоў яблыкаў, а не міфічнага героя.

– Купіў у Касарах, – кажа Д.Тарасевіч, – гаспадар хацеў здаць на мяса, але я паспеў перахапіць.

Конскую сілу ў гаспадарцы задзейнічаць не збіраюцца, кажуць – “хопіць тэхнікі”, а думаюць выгадаваць Антэя ды набыць яшчэ некалькі яго сародзічаў, каб будучыя наведвальнікі змаглі рабіць прагулкі па навакольным лесе.

– Цяжка пакуль у матэрыяльным плане, але ў наступным годзе пачнём прадаваць саджанцы, потым пойдуць плады, бо многія нашы сарты пачынаюць прыносіць іх ужо на 2-3 год”, – разважае Дзмітрый Леанідавіч. – Карацей кажучы, работы многа…

Так, для ажыццяўлення сваіх планаў хлопцам патрэбна шмат зрабіць. Але вельмі хочацца, каб у іх усё атрымалася. Ушачане і жыхары суседніх раёнаў мелі б танныя саджанцы і плады, фермеры – грошы для далейшага развіцця, а дзеці-сіроты – пладовы сад, бо дамовіліся браты, што з першага ўраджаю пасадзяць яго ля бліжэйшага дзіцячага дома.

Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *