Святлана Міхайлаўна Дземідовіч у ААТ “Ільюшынскі” чалавек адносна новы, бо працуе каля 6 гадоў. У некаторых работнікаў стаж у гаспадарцы значна большы, а вось вынікі – наадварот. С.Дземідовіч у ліку лепшых па прывагах не толькі сярод працаўнікоў “Ільюшынскага”, але і жывёлаводаў раёна. Кіраўніцтва гаспадаркі вельмі цэніць гэту нешматслоўную, сціплую жанчыну за надзейнасць і добрасумленныя адносіны да працы.
Яшчэ няма сямі гадзін раніцы, а даглядчык на дарошчванні цялят ужо на працоўным месцы. У падначаленні С.Дземідовіч заўсёды больш за сотню самых маленькіх насельнікаў комплексу аграгарадка Ільюшына – зараз, напрыклад, 112 галоў.
Праца гэтай катэгорыі жывёлаводаў значна адрозніваецца ад працы іншых сваіх калег. Аператары машыннага даення выкарыстоўваюць малакаправод, работнікам на адкорме дапамагае кормараздатчык, прывагі ж цялят Святланы Міхайлаўны дасягаюцца выключна ручной працай.
Яны трапляюць да С.Дземідовіч у асноўным ва ўзросце 1,5-2 месяцы, калі іх аднімаюць ад кароў і размяшчаюць у спецыяльна абсталяваным памяшканні комплексу. Рацыён яе гадаванцаў адрозніваецца ад кармоў дарослай жывёлы – гэта сена і заменнік сухога малака, які разбаўляецца цёплай вадой. Падчас кармлення ўсё гэта ўручную разносіцца кожнаму цяляці. Таксама неабходна сачыць, каб у іх было суха, своечасова падсцілаць салому, чысціць і назіраць за станам здароўя.
– Калі цяляці захварэла, то гэта адразу бачна па паводзінах, адносінах да корму, – расказвае даглядчык. – Таму калі па знешніх прыкметах зразумела, што нешта не так, – паведамляю спецыялістам ветэрынарнай службы.
Цікава, што нягледзячы на значную колькасць сваіх гадаванцаў і вялікую “цякучку” (па дасягненні паўгадавога ўзросту цяляты пераходзяць у групу адкорму), Святлана Міхайлаўна з лёгкасцю адрознівае іх.
Хатнюю гаспадарку С.Дземідовіч не трымае, часу, які застаецца пасля працы на комплексе, хапае толькі на блізнят Таню і Ваню, якіх жанчына выхоўвае адна і, мяркуючы па водгуках аднавяскоўцаў і кіраўніцтва мясцовай школы, выхоўвае нядрэнна, ды на прысядзібны ўчастак.
– Святлану Міхайлаўну заўсёды стаўлю ў прыклад нашым “абавязаным” работнікам, – кажа намеснік дырэктара ААТ “Ільюшынскі” па ідэалагічнай рабоце Таццяна Барысаўна Бондарава. – Бывае, што даводзіцца ёй некаторы час працаваць і без выхадных, але ж дзеці ў жанчыны заўсёды дагледжаныя, дома парадак, тэрыторыя ля сядзібы і ў двары гаспадыні заўсёды адрозніваецца чысцінёй.
Часта бывае, што працаўнікоў, якія прыязджаюць у гаспадарку з іншых месцаў, прываблівае ў першую чаргу службовае жыллё. Для Святланы Міхайлаўны, якая пераехала ў Ільюшына з суседняга Докшыцкага раёна, рашаючымі фактарамі сталі наяўнасць пастаяннага месца працы і ўмоў для выхавання сваіх блізнят. У аграгарадку С.Дземідовіч набыла за ўласныя сродкі дом, пакрыху ўладкавалася, зараз уступіла ў кааператыў на газіфікацыю жылля, бо нікуды пераязджаць не збіраецца. Карацей кажучы – стала сваёй і для аднавяскоўцаў, і для гаспадаркі.
Д.РАМАНОЎСКІ.