Несколько тон бытового мусора вывезли из леса участники акции «Чистый лес»

Общество

Сама назва акцыі, якую правялі на мінулым тыдні работнікі ДЛГУ “Ушацкі лясгас” сумесна з установамі адукацыі раёна, гаворыць аб сутнасці яе мерапрыемстваў. У Год беражлівасці пытанні навядзення парадку, правядзення экалагічных акцый, прапаганда гаспадарскіх адносін да навакольнага асяроддзя становяцца асабліва актуальнымі.

Пад дэвізам “Зберагаючы лес, мы зберагаем будучыню” ўдзел у акцыі на тэрыторыі раёна прынялі 223 чалавекі, з якіх 37 – школьнікі Вялікадолецкай, Плінскай і Кубліцкай школ. Кіраўніцтва лясгаса загадзя падрыхтавалася да правядзення акцыі. Членамі рабочай групы, якую ўзначаліў галоўны ляснічы Сяргей Міхайлавіч Ільюшэвіч, быў распрацаваны план мерапрыемстваў, вызначаны пералік аб’ектаў, якія патрабавалі першачарговай увагі – участкі лясных масіваў, прылягаючыя да аўтадарог, і стыхійныя сметнікі, што ўтварылі сярод лесу грамадзяне.

Асноўныя работы ў рамках акцыі прайшлі ў суботу, 12 кастрычніка, хаця ў некаторых лясніцтвах для таго, каб паспець ачысціць лес ад смецця, у першую чаргу бытавога, працавалі і напярэдадні.

41 гектар лесу ачысцілі ўдзельнікі акцыі. Ударна прыйшлося папрацаваць работнікам Ушацкага лясніцтва, што і не дзіўна, бо на яго тэрыторыі пражывае вялікая колькасць насельніцтва і, як следства, больш забруджана мясцовасць. Ліквідаваны два сметнікі ля могільніка ў Кавалеўшчыне і на былым палігоне ля Ціханят, ад бытавога смецця ачышчана прылягаючая да вуліцы Бабаедава тэрыторыя, зона адпачынку ля возера Вечалле, дэндрапарк.

– Хочацца падзякаваць за дапамогу кіраўніцтву жыллёва-камунальнай гаспадаркі, – кажа намеснік дырэктара ДЛГУ “Ушацкі лясгас” па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Паўлавіч Рудасаў. – У пытанні ліквідацыі стыхійных звалак на тэрыторыі Ушацкага лясніцтва яны пайшлі нам насустрач і выдзелілі пагрузчык “Амкадор”, чым значна аблегчылі работу. Але ж агульную справу робім – наводзім парадак.

Сіламі астатніх лясніцтваў і школьнікаў ад бытавога смецця ачышчаны лясныя тэрыторыі ўздоўж аўтадарог Ушачы-Віцебск, Полацк-Мінск, Полацк-Вілейка, Ушачы-Зябкі. Работнікамі Глыбачанскага лясніцтва добраўпарадкаваны месцы адпачынку ля азёр Вяркудскае і Крывое, Плінскага – ля возера Баравёнак, Кубліцкага – ля возера Вялікае Уклейна. На тэрыторыі Вялікадолецкага лясніцтва акрамя прылягаючых да аўтадарог месцаў убрана смецце ля могільнікаў у Вялікіх Дольцах і Новым Жыцці, добраўпарадкавалі тэрыторыю ля зоны адпачынку ў Касарах работнікі мясцовага лясніцтва.

Лес сапраўды стаў чысцей. 10 метраў кубічных бытавых адходаў сабралі ўдзельнікі акцыі, сярод якіх асноўны від – пластыкавыя бутэлькі. Хочацца спадзявацца, што чысцей стане і сумленне наведвальнікаў лесу і што ў далейшым працаўнікам лясной гаспадаркі і іх добраахвотным памочнікам давядзецца ўбіраць толькі прыроднае смецце.

Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *