Агроэкоусадьба «Апельсин» дарит посетителям комфорт, спокойствие и оранжевое настроение

Общество

“Калі існуе рай на зямлі, то ён знаходзіцца ва Ушачах, у сядзібе “Апельсін”… Гэта цытата з водгуку, пакінутага на сайце аб адпачынку ў Беларусі “Holiday.by”, камусьці можа здацца занадта напышлівай. Але толькі не тым, хто хоць аднойчы пабываў у гэтым цудоўным месцы на ўскрайку хваёвага бору ля чароўнага возера Вечалле.

Надзвычай прыгожы і ўтульны драўляны домік, у які з задавальненнем засяляюцца госці аграэкасядзібы, выглядае не зусім звыкла для нашых мясцін, што і не дзіўна, бо выраблены ён па нарвежскай тэхналогіі. Менавіта з дома ўсё і пачалося, дакладней, са зруба, які Віктар Стэльмах аднойчы ўбачыў у цэху прыватнага прадпрыемства “Алекс-Нутта”. “Адразу ўявіў сабе, як выдатна ўпішацца гэты домік у ландшафт майго ўчастка. Ды і ўшацкія краявіды нічуць не горшыя за скандынаўскія!” – усміхаецца гаспадар. А яшчэ Віктар Леанідавіч адразу вырашыў, што яго аграэкасядзіба будзе месцам адпачынку сярэднееўрапейскага ўзроўню, тым больш што гэтая ніша ў нашым раёне не была занятая. Канечне, гэта патрабавала значных намаганняў і ўкладанняў, але сабраць стартавы капітал дапамог атрыманы па дзяржаўнай праграме развіцця аграэкатурызму крэдыт. Дапамагла рашыцца на будаўніцтва і падтрымка мясцовай улады.

Для таго, каб сядзіба набыла цяперашні выгляд, гаспадару спатрэбілася каля трох гадоў, бо ён ставіў амбіцыйную задачу – месца адпачынку павінна задаволіць нават самага патрабавальнага госця. І гэта яму ўдалася, аб чым сведчыць яшчэ адзін водгук з названага сайта: “Я адпачываў у многіх краінах і люблю VIP-сэрвіс – але тут я надзвычай добра сябе адчуваў!” Камфорт і ўтульнасць, спакой і “аранжавы” настрой – вось крэда сядзібы з прыцягальнай назвай “Апельсін”.

Увогуле, Віктар Леанідавіч максімаліст, і ўсё, за што бярэцца, імкнецца зрабіць бездакорна. Каб жыллё было ўтульным, яно павінна быць светлым і цёплым: першае дасягаецца шкляным фасадам дома, другое – сучаснай сістэмай ацяплення і падлогай з вадзяным абагрэвам. Камін, сауна, сучасная мэбля, спадарожнікавае тэлебачанне і нават ложачак для немаўляці – здаецца, гаспадар прадугледзеў усё, што можа спатрэбіцца адпачываючым. Ёсць прыемныя “бонусы” і ў двары: альтанкі з печчу-барбекю, шэзлонгамі і арэлямі, паркоўка. А як казачна выглядае дом з уключанай вечарам падсветкай!

Але ж галоўным прыцягальным момантам і гаспадар, і яго госці лічаць цудоўную навакольную прыроду. Гэта мы, мясцовыя, прывыклі да блізкасці лесу і вады, а жыхары мегаполісаў, якімі большай часткай з’яўляюцца наведвальнікі сядзібы, едуць за сотні кіламетраў на Ушаччыну менавіта за чыстым паветрам, магчымасцю прайсціся з кошыкам па лясных сцяжынках, закінуць у возера вудачку. “Хачу падзякаваць работнікам лясной і камунальнай гаспадаркі, якія абсталявалі ля Вечалля цудоўныя месцы для адпачынку, падтрымліваюць на іх парадак. Неаднойчы чуў наконт гэтага пазітыўныя водгукі сваіх кліентаў”, – адзначае гаспадар аграэкасядзібы. А яшчэ расказвае, што госці з задавальненнем карыстаюцца магчымасцю пакатацца на лодках, катамаранах, водным матацыкле, якую прадстаўляе размешчаны на Вечаллі спартыўна-аднаўленчы цэнтр, узімку ахвотна наведваюць гарадскі каток, а па вечарах – більярд і ўшацкія кафэ, аб якасці і кошце ежы ў якіх выказваюцца выключна ў захапляльным тоне. Адным словам, перад айчыннымі і замежнымі гасцямі за наш сэрвіс зусім не сорамна. “Не адкрыю Амерыку, калі скажу, што Ушаччына валодае проста ўнікальным турыстычным патэнцыялам, які, на маю думку, перасягае больш раскручаную Браслаўшчыну. Калі ж падрастуць дрэвы ў нашым дэндрапарку, скончыцца рэканструкцыя цэнтральнай плошчы, будзе пабудаваны фізкультурна-аздараўленчы комплекс – Ушачы стануць сапраўднай жамчужынай, і нам проста неабходна зрабіць так, каб яе бляск заўважылі людзі, гатовыя плаціць добрыя грошы за якасны адпачынак”, – адзначае Віктар Леанідавіч.

Вядома, любы бізнес, а тым больш звязаны са сферай аказання паслуг – справа спецыфічная. Вельмі няпроста зрабіць, каб кліент выбраў тваю сядзібу з вялікага пераліку прапаноў, а тым больш захацеў сюды вярнуцца. У Віктара Стэльмаха гэта атрымліваецца дзякуючы ўласцівым яму якасцям: камунікабельнасці, уменню быць далікатным і тактоўным, вывучаць запатрабаванні і нават прадугадваць жаданні кліентаў. Магчыма, вопыт гэтага чалавека стане прыкладам для тых, хто пакуль вагаецца наконт далучэння да аграэкатурыстычнай справы. Зрэшты, зусім неабавязкова ўкладваць у яе неймаверныя грошы: можна, напрыклад, пераабсталяваць пад гасцявыя домікі пустуючыя будынкі – адпачынак эканом-класа зараз таксама даволі запатрабаваны. Цудоўных месцаў на карце нашага раёна нямала – справа за ініцыятыўнымі і гаспадарлівымі людзьмі.

Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *