У гэты кастрычніцкі дзень зала раённага Дома культуры заўсёды запаўняецца жанчынамі, якія маюць самае ганаровае ў свеце званне — маці. Атрымліваюць яны яго ў момант, калі радзільная зала агалошваецца першым крыкам новага жыцця — і няма ў свеце больш прыемнага матчынаму сэрцу гука…
У нашай краіне надаецца вялікая ўвага стварэнню ўмоў для паўнацэннага мацярынства, падтрымцы сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей. Пра гэта ў сваім прывітальным слове гаварыла на свяце намеснік старшыні райвыканкама В.І.Карчэўская. У нашым раёне, напрыклад, з пачатку года дзяржаўную адрасную дапамогу атрымалі 70 сем’яў з непаўналетнімі дзецьмі, 80 мнагадзетных і 96 няпоўных, 6 сем’яў, якія выхоўваюць дзіця-інваліда. З асаблівымі словамі падзякі Вольга Іванаўна звярнулася да жанчын, якія ўзялі на выхаванне прыёмных дзяцей і сталі для іх па-сапраўднаму роднымі людзьмі. Дарэчы, у гэты ж дзень у Віцебскім аблвыканкаме адбыўся ўрачысты прыём, на які для ўзнагароджання прэміяй імя Героя Савецкага Саюза З.М.Тусналобавай-Марчанкі была запрошана жыхарка аграгарадка Ільюшына Вольга Віктараўна Міхейка. Гэтая жанчына нарадзіла і выхавала чацвёра дзяцей, а зараз з’яўляецца апекуном трох прыёмных.
Прывітальныя словы ў адрас матуль ад рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» агучыла старшыня раённай арганізацыі А.В.Пашковіч. Яна нагадала, што толькі ў нашым раёне рэалізуецца праект па падтрымцы мнагадзетных сем’яў — «Моцная сям’я — моцная дзяржава». Яна ўручыла матулям, якія сёлета набылі статус мнагадзетных, падарункі ад раённай арганізацыі «Белая Русь». Чацвёртае дзіця нарадзілася ў Алесі Падгола, Інгі Васілевіч, Вольгі Міхаль і Кацярыны Букі, трэцяе — у Алесі Курбакі, Сафіі Баранавай, Юліі Крывёнак, Марыны Шпак, Наталлі Башун і Юліі Лёлі, якая атрымала спецыяльны падарунак, паколькі яе сынок Дзіма з’явіўся на свет у Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Не засталіся па-за ўвагай маці-актывісткі «Белай Русі» Вольга Жарнасек і Таццяна Шасцярэнь, у якіх нарадзіліся адпаведна першае і другое дзіця.
Свае падарункі падрыхтавалі для ўсіх матуль работнікі культуры і юныя артысты, якія з асаблівым настроем спявалі і танцавалі ў гэты дзень на сцэне Дома культуры, што і не дзіўна, бо з залы на іх глядзелі пяшчотныя вочы самых родных на свеце людзей. Жартоўныя нумары чаргаваліся са шчымлівымі і пранікнёнымі. Авацыямі сустракала зала з’яўленне на сцэне бойкай і абаяльнай маленькай спявачкі Надзеі Раманоўскай і вельмі папулярнага сярод жанчын спевака Арцёма Бірукова, які, дарэчы, прысвяціў матулям нядаўні сольны канцэрт. Сваё майстэрства ў гэты дзень дэманстравалі выхаванцы гурткоў і харэаграфічнага аддзялення дзіцячай школы мастацтваў. Вялікая порцыя воплескаў дасталася абсалютна кожнаму, хто выходзіў на сцэну для стварэння святочнага настрою жанчынам, хто зведаў непараўнальнае шчасце мацярынства і штодня выконвае самы сур’ёзны і важны ў свеце абавязак.
Н.БАГДАНОВІЧ.