Прычыны, па якіх падлеткі становяцца на шлях правапарушэнняў, розныя. Гэта і адсутнасць кантролю з боку бацькоў, і негатыўны ўплыў іншых асоб, і асаблівасці пераходнага ўзросту, калі энергіі шмат, а заняцца няма чым… Адсюль пачынаюцца дрэнныя кампаніі, ужыванне спіртнога, хуліганствы. Калі ж накіраваць энергію падлеткаў у патрэбнае рэчышча, многіх негатыўных з’яў можна пазбегнуць.
Для таго, каб прыцягнуць максімальную колькасць непаўналетніх да рэгулярных заняткаў фізічнай культурай, ажыццявіць прапаганду здаровага ладу жыцця, напачатку кастрычніка на базе палка патрульна-паставой службы міліцыі УУС Віцебскага аблвыканкама прайшла абласная спартакіяда для падлеткаў, якія знаходзяцца на розных відах прафілактычнага ўліку. У мерапрыемстве прыняла ўдзел 21 каманда з розных рэгіёнаў вобласці. Далучыліся да цікавага дзейства і ўшацкія школьнікі.
Поспехаў камандам на ўрачыстым адкрыцці спартакіяды пажадаў намеснік начальніка УУС, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Ю.М.Манькоў, загадчык сектара па справах моладзі ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Д.В.Захарэвіч, выконваючы абавязкі першага сакратара Віцебскага абкама ГА «БРСМ» В.М.Дарожка. Яны выказалі спадзяванне, што спартыўнае свята дазволіць юнакам і дзяўчатам з карысцю правесці час, пасябраваць. І гэта, думаецца, падчас спартакіяды атрымалася на ўсе сто. Трэба было бачыць, з якім азартам маладыя людзі пераадольвалі паласу перашкод і 100-мятровую дыстанцыю, змагаліся за званне лепшага ў кіданні гранаты, як заўзята цягнулі канат, як актыўна падтрымлівалі адзін аднаго.
У выніку ўсіх відаў спаборніцтва каманда Ушацкага раёна размясцілася, як кажуць, у залатой сярэдзіне спісу ўдзельнікаў, заняўшы 10 месца. Галоўным жа вынікам спартакіяды, па словах першага сакратара райкама ГА «БРСМ» Вольгі Шчэрбік, стала тое, што маладыя людзі атрымалі масу станоўчых эмоцый і, напэўна, зразумелі, што ёсць заняткі значна цікавейшыя і карысныя, чым тыя, за якія яны трапілі на прафілактычны ўлік.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.