Кірмашы ў нашых продкаў лічыліся святам, дзе можна было не толькі нешта набыць ці прадаць, але і настрой узняць, сябе паказаць, на розныя відовішчы падзівіцца. Усе гэтыя атрыбуты сапраўднага святочнага кірмашу прысутнічалі ў суботу на цэнтральнай ушацкай плошчы і, думаецца, ніхто з прыйшоўшых сюды не пашкадаваў, бо разжыўся і годным таварам, і добрым настроем.
Што датычыцца першага, то, як звычайна, вялікім попытам карысталася каралева беларускага стала — бульба. Дарэчы, і цана на яе ў параўнанні з першымі кірмашамі крыху знізілася і складала ў сярэднім 2-2,2 тысячы рублёў за кілаграм. «Кубліцкая бульба добрая, не першы год яе бяру», — зазначыла жыхарка райцэнтра Галіна Сямёнаўна Корань. Ну як было ўстаяць перад словамі былой настаўніцы біялогіі і ўтрымацца ад набыцця мяшочка клубняў сорту Гала, якія, і насамрэч аказаліся смачнымі…
Галоўнай мэтай многіх наведвальнікаў кірмашу было набыццё капусты, кошт на якую складаў ад двух з паловай да трох тысяч. Як заўсёды вельмі якасную агародніну прапанавала Арэхаўская школа. Ажыятажным быў попыт на грачнёвую крупу, якую рэалізоўвала ААТ «Дземенец».
Сваю прадукцыю прадставілі на кірмашы і прамысловыя прадпрыемствы. З задавальненнем куплялі ўшачане прыгожую пасцельную бялізну, пашытую на прамкамбінаце з якаснай бязі айчыннай вытворчасці. Прыцягваў і кошт тавару — 240 тысяч за двухспальны, 200 — за палутарны і 145 — за дзіцячы камплект. Напіткі «Снежная каралева», «Крушон», «Экзотык» і іншыя прэзентаваў агароднінасушыльны завод па зніжаным кошце, а аматараў салодкага парадавалі кандытары райспажыўтаварыства.
Аднак не толькі ўдалымі пакупкамі запомніўся гэты дзень ушачанам. Тэатралізаванае прадстаўленне «Пакроўскі дзянёк — да зімы крок», якое ўключала ў сябе конкурсы, латарэі, музычныя нумары, падрыхтавалі работнікі культуры. Свае вырабы прапанавалі пакупнікам і народныя майстры.
Упершыню на раённым кірмашы кожны сельвыканкам падставіў свой падворак. Дарэчы, гэтую ідэю прапанаваў старшыня райвыканкама Віктар Віктаравіч Родзіч, а над яе ўвасабленнем шчыра папрацавалі прадстаўнікі раённага і мясцовых Саветаў дэпутатаў, культработнікі, жыхары сельсаветаў. У выніку маляўнічыя падворкі, аформленыя з вялікай фантазіяй, сталі ўпрыгожваннем кірмашу, ператварылі яго ў сапраўднае народнае свята. Чаго толькі тут ні было! Узбуджалі апетыт вэнджаныя карасі і ляшчы з гандлёвага куточка Ушацкага сельвыканкама. Свежасабранымі журавінамі, глогам, чарнаплоднай рабінай заманьвалі пакупнікоў намаляваныя гаспадары з Жар дзед Васіль і баба Рамона, а кулябяка ў выглядзе парася, якую прыгатавала загадчыца Жарскага сельскага клуба Галіна Васільеўна Судак, здавалася, сышла з ілюстрацыі маляўнічай кулінарнай кнігі. Цяжка было прайсці міма прыгожых кубліцкіх тартоў, вяркудскіх піражкоў і вялікадолецкіх дранікаў з апенькамі. Адным з найбольш яскравых быў глыбачанскі падворак, які вабіў не толькі салам, разнасоламі і пірожнымі, але і вырабамі мясцовых майстроў рукадзелля — самым жа адметным сярод іх быў чароўны капялюшык на гаспадыні падворка — старшыні сельвыканкама Людміле Валянцінаўне Храмцовай, якая, як аказалася, валодае несумненным талентам дызайнера галаўных убораў. Падоўгу затрымліваліся наведвальнікі кірмашу і на Сарочынскім падворку. Тут можна было разжыцца дамашнім маслам, малаком, яйкамі і нават патрымаць у руках жывога труса — гэтых пухнатых звяркоў прывезла з уласнага падвор’я старшыня сельвыканкама Людміла Яўгенаўна Птушка.
Вырашыць, які з сельвыканкамаў лепш падрыхтаваўся да кірмашу, камісія, перад якой падворкі «трымалі справаздачу», так і не змагла — у выніку перамагло сяброўства, а ў выйгрышы засталіся шматлікія наведвальнікі, якія з задавальненнем дэгуставалі выстаўленыя прысмакі, слухалі задорныя прыпеўкі і танцавалі пад найгрышы вясковых гарманістаў. «Напэўна, гэта быў самы вясёлы кірмаш, дзе давялося пабываць!» — такую адзнаку далі суботняму святу многія ўшачане.
Н.БАГДАНОВІЧ.