Накануне Дня учителя в агрогородке Ореховно открыт памятник заслуженному учителю БССР Никандру Прохоровичу Жукову.

В общественных организациях В памяти их имена Экономика и малый бизнес

Яшчэ адзін аб’ект аграгарадка Арэхаўна стаў знакавым для яго жыхароў.

Адкрыццё помніка заслужанаму настаўніку БССР Нікандру Прохаравічу Жукаву, які ўсё жыццё прысвяціў адукацыі, сабрала шмат яго землякоў — не на кожнае мерапрыемства ў гарадскім пасёлку збіраецца столькі добраахвотных удзельнікаў. Напярэдадні Дня настаўніка ўспомніць педагога з вялікай літары, які выхаваў не адно пакаленне моладзі, прыйшлі людзі рознага ўзросту – настаўнікі і вучні Арэхаўскай школы, мясцовыя жыхары, якія памятаюць Нікандра Прохаравіча, і тыя, каму ён вядомы толькі па расказах сведак.

Нікандр Прохаравіч Жукаў нарадзіўся 29 кастрычніка 1890 года ў вёсцы Севярыны, што знаходзілася на тэрыторыі былога Мосарскага сельсавета, у сялянскай сям’і. У 1908 годзе паступіў у Полацкую настаўніцкую семінарыю, пасля заканчэння якой у 1911 годзе быў назначаны настаўнікам Свячанскай пачатковай школы Бешанковіцкага раёна.

У пачатку Першай Сусветнай вайны Нікандра Прохаравіча мабілізавалі ў царскую армію і залічылі ў радавыя 100-га Астроўскага палка. У студзені 1917 года Н.П.Жукаў быў адкамандзіраваны на вучобу ў Паўлаўскае пяхотнае ваеннае вучылішча пасля заканчэння якога маладога вайскоўца ў чыне прапаршчыка адправілі ў 25 пяхотны запасны полк у горадзе Бахмут (зараз Арцёмаўск Данецкай вобласці).

З верасня 1917 года Н.П.Жукаў становіцца байцом атрада асобага прызначэння Чырвонай гвардыі. У студзені 1918 года дэмабілізаваны і адпраўлены на радзіму, так як катастрафічна не хапала настаўнікаў для адукацыі сельскага насельніцтва. Але паспеў Нікандр Прохаравіч амаль год папрацаваць старшынёй Чарсцвядскага сельвыканкама, перш чым вярнуцца да настаўніцкай дзейнасці ў верасні 1918 года, калі быў накіраваны ў Жывалакскую пачатковую школу.

У жніўні 1919 года Нікандра Прохаравіча зноў мабілізавалі ў войска і накіравалі ў 148 стралковы полк Чырвонай Арміі ў якасці камандзіра ўзвода. Разам са сваёй часцю прымаў удзел у баявых дзеяннях супраць белапольскіх войск у раёне Лепеля.

Са студзеня 1920 года Н.П.Жукаў адкамандзіраваны ў штаб 14 стралковай брыгады на пасаду кіраўніка справамі. У 1922 зноў назначаны настаўнікам Жывалакскай пачатковай школы. Потым Нікандр Прохаравіч працаваў у Бельскай пачатковай школе, а з 1932 года загадчыкам Арэхаўскай школы і настаўнікам рускай мовы і літаратуры.

З самага пачатку Вялікай Айчыннай вайны Н.П.Жукаў уступіў у рады Чырвонай Арміі і быў назначаны на пасаду начальніка перавязачнага аддзялення армейскага санітарнага складу. Праз некаторы час дэмабілізаваны па ўзросце і эвакуіраваны ў Яраслаўль, адкуль вярнуўся ў родныя мясціны пасля вызвалення Беларусі і зноў прыступіў да настаўніцкай дзейнасці…

Усе гэтыя, найбольш адметныя моманты біяграфіі настаўніка прагучалі з вуснаў вядучых і выступаючых гасцей урачыстасці, сярод якіх былі старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Васільеўна Пашковіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іна Фёдараўна Сыроўчанка, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Уладзімір Мікалаевіч Малаткавец.Справу славутага дзеда зараз працягвае настаўніца мясцовай школы Вольга Васільеўна Жукава. Выдатныя чалавечыя якасці Нікандра Прохаравіча засталіся ў памяці многіх, і хоць прайшло шмат гадоў, многія пажылыя жыхары Арэхаўна ўспаміналі заслужанага педагога, былога дырэктара школы, сэрца якога перастала біцца ў 1960 годзе. Менавіта ў Арэхаўне Нікандр Прохаравіч адпрацаваў з 1932 па 1950 гады, заслужыў званне заслужанага настаўніка БССР, быў узнагароджаны ордэнамі Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Помнік у гонар земляка з’явіўся дзякуючы сумесным намаганням жыхароў аграгарадка Арэхаўна, прадстаўнікоў мясцовай улады і грамадскасці, ў першую чаргу — старшыні Ушацкага аддзялення Беларускага Фонду Міру Таццяны Міхайлаўны Малак. Каля 12 мільёнаў рублёў каштавала ўстаноўка помніка, з іх паўтара мільёны сабралі людзі, а астатнюю частку выдзеліла грамадская арганізацыя.

— Здзейснілася мая даўняя мара, – расказвала Надзея Андрэеўна Долгая, былы старшыня Арэхаўскай пярвічнай арганізацыі ветэранаў. – Дзякуючы неабыякавым, добрым людзям, грамадскасці з’явіўся гэты помнік у гонар чалавека, які хоць і быў сапраўдным абаронцам Айчыны, удзельнікам многіх войнаў, але ўсё ж у памяці большасці захаваўся менавіта як выдатны настаўнік.

Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *