Районный туристический слёт учащихся, посвящённый Международному Дню туризма, прошёл в Ореховской школе

Cпорт Наши дети

У кожнай пары года свае перавагі. Восенню можна зрабіць тое, што не паспеў летам: напрыклад, пазаймацца спортам ці схадзіць у паход.

Магчымасць сумясціць дзве гэтыя справы атрымалі школьнікі раёна, для якіх аддзелам адукацыі спорту і турызму райвыканкама сумесна з раённым цэнтрам дзяцей і моладзі на базе Арэхаўскай школы быў арганізаваны раённы турыстычны злёт. Гэтае мерапрыемства штогод праходзіць 27-28 верасня і прымяркоўваецца да Міжнароднага дня турызму.

Сёлетні турзлёт быў незвычайным па форме правядзення. Яго праграма была задумана як камбінаваны маршрут і змяшчала ў сабе і спаборніцкую частку, і арганізацыю вольнага часу. Дзеці прадэманстравалі не толькі спартыўныя здольнасці, але і ўменні ў наладжванні турысцкага быту, навыкі «аўтаномнага выжывання».

Самым жа цікавым відам спаборніцтваў была турыстычная паласа перашкод, якая ўключала пераправу па паралельных вяроўках, «маятнік», пераадольванне бервяна і гаці, бег па купінах, аказанне першай медыцынскай дапамогі. Удзельнікам давялося дэманстраваць і свае інтэлектуальныя здольнасці падчас патрыятычнай віктарыны па кнізе «Памяць. Ушацкі раён». Хапіла сіл і на дыскатэку, якой завяршыўся першы дзень злёту. Увогуле ж дзецям прыйшлося моцна пазмагацца, каб прайсці ўсе іспыты, і іх пераадольванне — гэта ўжо перамога для кожнага ўдзельніка. Вядома, былі вызначаны і тыя, хто лепш за ўсё справіўся з насычанай праграмай.

Першыя тры месцы заваявалі адпаведна каманда Арэхаўскай школы (трэнер В.У.Корань), каманда раённага цэнтра дзяцей і моладзі, якую таксама рыхтаваў Валерый Уладзіміравіч, і каманда Вялікадолецкай школы (трэнер Мікалай Уладзіміравіч Аніскевіч). Вызначыліся пераможцы на турыстычнай паласе перашкод і ў асабістым першынстве. У дзяўчынак лепшымі сталі выхаванкі гуртка «Юны турыст» Вялікадолецкай школы Паліна Заруба і Карына Сыс (1 і 3 месцы), і ўдзельніца гуртка «Турыст» Арэхаўскай школы Лаліта Рубанік. Сярод хлопцаў два першыя месцы занялі Дзмітрый Прашкевіч і Віталь Дзямідаў (Арэхаўская школа), трэцім стаў Кірыл Жаваранак з Ушацкай.

Раённы злёт даў усім яго ўдзельнікам каласальны зарад бадзёрасці і незабыўных эмоцый, а галоўнае — умацаваў жаданне займацца спортам і турызмам, весці здаровы лад жыцця.

А.ФУТАРМАН, метадыст раённага цэнтра дзяцей і моладзі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *