Рэспубліканская акцыя «У школу — з Добрым Сэрцам», мэтай якой было дапамагчы дзецям са шматдзетных, малазабяспечаных сем’яў падрыхтавацца да вучэбнага года, знайшла водгук у сэрцах ушачан. Праводзілася яна з 1 жніўня да 15 верасня, але і пасля заканчэння тэрміна людзі працягвалі прыносіць падарункі для дзяцей. У пачатку гэтага тыдня дэлегацыя актывістаў БРСМ наведала сацыяльны прытулак, каб перадаць яго выхаванцам сабраныя рэчы.
Вялікую падзяку хочацца выказаць нашым землякам, якія не пашкадавалі часу і сродкаў, каб парадаваць дзяцей. У прыватнасці, нельга не адзначыць ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Віктара Арцёмавіча Паршанку, які самым першым адгукнуўся на заклік і набыў для выхаванцаў прытулку школьныя тавары. Традыцыйна не засталіся ў баку ад добрай справы вучні і настаўнікі Арэхаўскай школы: яны сабралі цацкі і канцылярскія прылады. Іншыя жыхары раёна прынеслі адзенне, школьныя ранцы.
Хочацца спадзявацца, што гэтыя рэчы зробяць дзяцей больш шчаслівымі, дапамогуць ім паспяхова авалодваць ведамі ў надышоўшым навучальным годзе.
В.ШЧЭРБІК, першы сакратар Ушацкага раённага камітэта ГА «БРСМ».