– Дамы старыя, не вытрымліваюць трубы, заглушкі, краны, таму хоць і шасцёра нас у брыгадзе, а работы хапае на кожны дзень. За намі ўсё ад падземных калодзежаў (іх абслугоўвае водаканал) да кранаў непасрэдна ў кватэрах. Ды і запчасткі, шчыра кажучы, прадаюцца такія, што многія практычна адразу выходзяць са строю, а людзі ж не разбіраюць, у чым прычына: сантэхнік быў і пацякло – значыць яго брак. Менавіта па гэтай прычыне ў мяне ёсць правіла пакідаць людзям тэлефон, каб выправіць ці выслухаць заўвагі, калі што не так. Мы павінны працаваць якасна і зручна для людзей. І, ведаеце, нам жыхары нават ключы ад кватэры давяраюць.
Так, працуюць на даверы, паколькі час работы сантэхнікаў такі ж, як і ў пераважнай большасці людзей. І, канечне, на праверцы часам. Яны ж выконваюць грунтоўную работу – мяняюць лічыльнікі, унітазы, ванны, краны, і ўсё гэта потым служыць не адзін год. На кожны від на прадпрыемстве вызначаны прэйскурант, па ім і працуюць. Ну а дырэктар камунгаса М.П.Несцярэнка невыпадкова называе некалькі сантэхнікаў прадпрыемства, у тым ліку Віктара Мікалаевіча Падасінавіка, акадэмікамі. Столькі новага ўсяго выпускаецца, з абсалютна рознымі сістэмамі работы, а яны ідуць у нагу з часам.
Светлая галава, залатыя рукі і ўменне ладзіць з людзьмі – вось што абавязкова неабходна ў рабоце сантэхніку. І апошняе, бадай, цяжэй, чым выканаць тэхнічную галаваломку. Праўда, для Віктара Мікалаевіча і гэта не перашкода.
– Я столькі гадоў працую менавіта з людзьмі, што кантактую лёгка. З 16 гадоў пачалася працоўная дзейнасць. Яшчэ ў Казахстане быў майстрам дэпо, механікам па выпуску машын, начальнікам змены па выпуску руды. Так што і інжынерная жылка прысутнічае, і з людзьмі гаварыць умею. А вось пры працаўладкаванні ў камунгас, было гэта на дзень нараджэння, 15 мая ўжо 11 гадоў таму, спатрэбіліся навыкі, набытыя яшчэ ў арміі, там я быў якраз сантэхнікам.
– Дома напэўна ніводзін кран не цячэ?
– Хочаце высветліць, ці без ботаў шавец? Здараецца ўсякае. Было ў нашай практыцы і такое, што ўказаны ў заяўцы нумар дома і кватэры аказваўся адрасам нашага ж сантэхніка – жонка выклікала. Усё залежыць ад наяўнасці часу, а яго часта не хапае, пры аварыйных выпадках нас выклікаюць з дому. Разумеем, служба такая – патрэбная людзям.
На здымку:
В.Падасінавік.