Прырода — галоўнае багацце нашага раёна, таму пытанні аховы навакольнага асяроддзя заўсёды знаходзяцца ў цэнтры ўвагі органаў улады. Разглядалася гэта тэма і на апошняй сесіі раённага Савета дэпутатаў. Начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іван Мікалаевіч Падгол прааналізаваў экалагічную абстаноўку, расказаў аб рабоце, якая праводзіцца ў раёне па выкананні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахове навакольнага асяроддзя», ажыццяўленні кантролю за рацыянальным выкарыстаннем паляўнічых і рыбалоўных угоддзяў.
ЧЫСЦІНЯ ВАДЫ – НАЙПЕРШЫ КЛОПАТ
Адметная рыса Ушаччыны — вялікая колькасць вадаёмаў, і гэта прымушае пастаянна клапаціцца аб ахове водных рэсурсаў ад забруджвання. На жаль, якасць вады ў многіх нашых рэках і азёрах не самая лепшая, і віной гэтаму жывёлагадоўчыя аб’екты, ачышчальныя збудаванні. Толькі ў раку Ушача штодня зліваецца каля 500 кубаметраў сцёкаў, і прыемна канстатаваць, што ў іх пасля капітальнага рамонту ачышчальных збудаванняў УП ЖКГ не было выяўлена ніводнага выпадку перавышэння норм дапушчальнай канцэнтрацыі шкодных рэчываў. У сельскай мясцовасці справы куды горшыя. Патрабуюць капітальнага рамонту ачышчальныя збудаванні ў Ільюшыне, Селішчы і Глыбачцы, а ў Слабадзе, Старым Сяле, Двор Пліне, Арэхаўне іх увогуле няма — зліў сцёкаў вядзецца на рэльеф мясцовасці. Асабліва складаная сітуацыя ў апошнім населеным пункце, таму не можа не радаваць прынятае сёлета Віцебскім абласным Саветам дэпутатаў рашэнне аб выдзяленні ў 2014-2015 гадах 350 мільёнаў рублёў для будаўніцтва ў Арэхаўне ачышчальных збудаванняў. У гэтым аграгарадку а таксама ў Глыбачцы плануецца пабудаваць і станцыі абезжалезвання.
Крыніцамі забруджвання вод з’яўляюцца жывёлагадоўчыя комплексы і фермы. Так, комплекс ПУП «Сарочына» пабудаваны ў 1978 годзе, з гэтага часу працуюць і ачышчальныя збудаванні, якія зараз знаходзяцца ў запушчаным стане. У выніку частка сцёкаў трапляе ў бліжэйшы ручай, а адтуль — у возера Мена, якое з’яўляецца самым брудным у раёне. Вялікае ўтрыманне ў яго вадзе азоту спрыяе развіццю мікраскапічных водарасцяў, якая забіраюць кісларод і прыводзяць да летніх замораў рыбы.
Яшчэ адна крыніца забруджвання — гной, які захоўваецца ля 14-ці ферм, што знаходзяцца ў водаахоўных зонах. Своечасова не вывезеная арганіка разам з талай ці дажджавой вадой трапляе ў вадаёмы. Сёлета за падобныя парушэнні прыцягнуты да адказнасці спецыялісты КУСГП «Кублічы», ААТ «Ушацкі райаграсэрвіс». Найбольш праблемныя ў гэтым плане фермы — Увалокі, Ліпавец, Скачыхі.
Існуюць недахопы і ў выкарыстанні пітной вады. Для яе забору ў раёне маюцца 184 артэзіянскія свідравіны, 102 з якіх функцыянуюць. На многіх з іх не працуе аўтаматыка па ўключэнні насосаў, што яскрава бачна зімой, калі вежы апранаюць ледзяныя шубы. У Год беражлівасці гэта тым больш недапушчальна.
ЧЫМ ДЫХАЕМ?
На шчасце, наш раён нельга назваць праблемным у плане забруджвання атмасфернага паветра. Асноўную небяспеку ў гэтым сэнсе нясе транспарт. У мэтах зніжэння яго шкоднага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе праводзяцца мерапрыемствы па абнаўленні і мадэрнізацыі аўтапарка. Па выніках дзяржаўнага кантролю за выкідамі на прадпрыемствах і дарогах раёна за бягучы год не складзена ніводнага пратаколу, што сведчыць аб змяншэнні колькасці патэнцыяльна небяспечных у плане забруджвання паветра аўтамабіляў. Аднак маюцца і праблемныя моманты. Недастаткова вядзецца работа па пераводзе халадзільнага абсталявання на азонабяспечныя тэхналогіі і рэчывы, пераводзе аўтатранспарту на выкарыстанне газу, не ўсюды выконваюцца патрабаванні па захоўванні мясцовых відаў паліва для кацельняў і забеспячэнні неабходнага працэнту яго вільготнасці, што ўплывае на канцэнтрацыю дымавых газаў.
СМЕЦЦЕ НЕБЯСПЕЧНАЕ І КАРЫСНАЕ
Утылізацыя адыходаў стала сапраўднай праблемай сучаснага грамадства. У нашым раёне смецце вывозіцца на 18 мініпалігонаў і палігон цвёрдых камунальных адыходаў у Лутаве, якія перададзены на баланс ЖКГ. Стан мініпалігонаў нездавальняючы. З-за недахопу на прадпрыемстве бульдозернай тэхнікі гэтыя аб’екты своечасова не абслугоўваюцца. Вычарпаў свой рэсурс мініпалігон у аграгарадку Глыбачка, які не адпавядае ні санітарным, ні тэхнічным нормам. Для тэрміновага выпраўлення стану па зачыстцы мініпалігонаў неабходна стварэнне спецыялізаванага звяна ў складзе трал-бульдозера, рабочых па сарціроўцы другасных матэрыяльных рэсурсаў, заданне па нарыхтоўцы якіх, дарэчы, раён не выконвае. Асабліва здзіўляе сітуацыя са здачай аўташын, якіх у гаспадарках і арганізацыях раёна назапашана больш 100 тон. Зараз многія прадпрыемствы-перапрацоўшчыкі бяруць іх без платы за ўтылізацыю, патрабуецца толькі ўласная дастаўка, аднак нашы суб’екты гаспадарання не спяшаюцца здаваць гэтую патрэбную дзяржаве другасную сыравіну. Патрабуе новага падыходу і збор іншых яе відаў. Варта было б у гандлёвых кропках наладзіць збор не толькі абаротнай тары, але і шклабою, ПЭТ-бутэлькі: гэта няпроста, аднак прынесла б вялікую карысць грамадству.
Вострай застаецца ў раёне праблема несанкцыянаваных звалак, якая асабліва праяўляецца ў сельскай мясцовасці, дзе не хапае кантэйнераў і тэхнікі для збору і вывазу смецця.
БАРШЧЭЎНІК НЕ ЗДАЕЦЦА
Не задавальняюць тэмпы работ па барацьбе з распаўсюджваннем баршчэўніку Сасноўскага. Раён па-ранейшаму трымае ўпэўненае лідарства па забруджаных раслінай плошчах.
З-за недастатковасці фінансавання не на поўную моц вяло сёлета хімічную апрацоўку ачагоў баршчэўніку «Ушацкае ПМС», неактыўна працавалі ў гэтым накірунку і сельгаспрадпрыемствы, хоць магчымасць была (меліся ядахімікаты і апырсквальнікі). Неабходна штогод прадугледжваць патрэбнае для маштабнай барацьбы фінансаванне, бо іншага выйсця няма. Скошванне не вырашае праблемы ў поўнай меры, тым больш што гаспадаркі не маюць магчымасці праводзіць яго рэгулярна. Слаба дапамагае ў барацьбе і насельніцтва: некаторыя грамадзяне лічаць, што нават на іх уласным падвор’і знішчаць баршчэўнік павінен нехта, а не сам гаспадар.
АДПАЧЫНАК НЕ ПА ПРАВІЛАХ
Ушацкія лясы — цудоўнае месца для палявання, аднак трэба пільна сачыць, каб вялося яно ў рамках правіл. Адказваюць за гэта арандатары паляўнічых угоддзяў — лясгас і таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Арандатары маюць распрацаваныя праекты вядзення паляўнічай гаспадаркі, якія прайшлі экалагічную экспертызу, вядуць улік і падкормку жывёлы.
Рыбнае багацце нашых вадаёмаў прыцягвае ў раён як турыстаў, так і арандатараў, якія, як паказвае практыка, незаўсёды сумленна ставяцца да сваіх абавязкаў. Пытанне іх работы разглядалася на сесіі раённага Савета дэпутатаў у чэрвені, былі пастаўлены задачы па ўхіленні парушэнняў па абсталяванні месцаў адпачынку, навядзенні парадку ў прыбярэжных палосах вадаёмаў, устаноўцы аншлагаў, выкананні квот на вылаў рыбы. Аднак за прайшоўшы час амаль нічога не змянілася. Парадак у месцах адпачынку наводзіцца нерэгулярна, устаноўлены факты браканьерскага вылаву рыбы на арандаваных азёрах (Матырына, Усвея), што сведчыць аб дрэннай ахове вадаёмаў, маюцца іншыя парушэнні. Напэўна, трэба больш уважліва сачыць за тым, каб арандатары выконвалі ўсе пункты заключанага дагавору.
* * *
Калі аналізаваць экалагічную сітуацыю ў раёне цалкам, можна прызнаць яе здавальняючай і нават адзначыць наяўнасць станоўчых тэндэнцый. Але ж наша мэта — зрабіць яе добрай. А для гэтага трэба, каб кожны жыхар раёна адчуваў адказнасць за тое, якой Ушацкая зямля дастанецца будучым пакаленням.
Н.БАГДАНОВІЧ