Как приобрести в собственность земельный участок в Ушачском районе и сколько это будет стоить

Зваротная сувязь Калейдоскоп Официально

Мець сваю зямлю яшчэ стагоддзе таму лічылася сімвалам заможнасці. Пра яе марылі, за яе змагаліся, яе не было многа. Зараз, здаецца, чаго-чаго, а зямлі, асабліва ў сельскай мясцовасці, хапае ўсім, аднак «зямельнае пытанне» не перастае быць актуальным. Перыядычна паўстаюць спрэчкі паміж суседзямі, ну а прадаць ці набыць дом, не аформіўшы надзел, проста немагчыма. І да намесніка начальніка землеўпарадкавальнай службы раёна Л.І.АНДРЭЙЧЫК мы звярнуліся, каб яшчэ раз нагадаць ушачанам парадак афармлення зямлі, а таксама адказаць на самыя распаўсюджаныя зямельныя пытанні.

— Людміла Іванаўна, з чаго трэба пачынаць, каб аформіць зямельны ўчастак?

— Трэба падаць заяву ў той сельвыканкам, на тэрыторыі якога знаходзіцца дом. Калі чалавек атрымаў спадчыну і не з’яўляецца жыхаром раёна, то звычайна падае заяву ў нас у землеўпарадкавальнай службе райвыканкама адразу пасля наведвання натарыуса, бо да заявы прыкладаецца пасведчанне аб праве спадчыны на дом, пашпарт заяўніка, калі ёсць — тэхнічны пашпарт на дом.

Заява накіроўваецца ў «Віцебскгіпразем», адкуль заяўнік атрымлівае дагавор на выкананне работ, да якіх прыступаюць пасля аплаты паслугі. На сённяшні дзень яна складае каля 600 тысяч рублёў з дзяржаўнай рэгістрацыяй, зімой расцэнкі крыху ўзрастаюць. А вось па часе ўся працэдура займае каля трох месяцаў.

— Як вызначаюцца межы ўчасткаў?

— Па фактычных межах, існуючых на абслугоўванне дома. Спецыялісты «Віцебскгіпразема» на руках ужо маюць схему ўчастка і суседніх, дзе пазначаны і ўсе пабудовы, вадаёмы, пры выездзе на месца бярэцца ўзгадненне межаў ад суседзяў сумежных участкаў. Калі сусед або суседзі не згодны з існуючымі межамі, землеўпарадкавальныя работы спыняюцца да вырашэння зямельнай спрэчкі.

— Колькі зямлі можна атрымаць ў пажыццёвае карыстанне і ўласнасць?

— На абслугоўванне дома, незалежна ад таго — у пажыццёвае карыстанне або ўласнасць, па законе даецца 25 сотак. Аднак бываюць выпадкі, і нярэдкія, калі дом стаіць на меншай плошчы — 5, 10, 15 сотак (у розныя часы былі розныя плошчы выдзяляемых пад забудову ўчасткаў), а чалавек патрабуе законныя 25. Тлумачым, што зрабіць гэтага немагчыма. Аднак можна атрымаць таксама зямлю для вядзення падсобнай гаспадаркі, калі чалавек зарэгістраваны ў дадзеным населеным пункце — усяго на сям’ю ( разам з зямлёй на абслугоўванне дома) да аднаго гектара.

— Калі паміж суседзямі паўстаюць спрэчкі па мяжы?

— Калі ўчасткі не аформлены — няма дзяржаўнага акта або пасведчання дзяржаўнай рэгістрацыі на зямлю, то прыватнікі павінны звяртацца ў сельвыканкам, дзе існуе камісія па зямельных спрэчках, якая выязджае на месца. Часцей за ўсё спрэчкі паўстаюць тады, калі адзін сусед зямлю аформіў, мабыць, з’явіўся і новы ўласнік, там пачалася перапланіроўка, новая агароджа, будынкі, і тады другі, які жыве на гэтым месцы пастаянна, напрыклад, не можа прайсці там, дзе ўсё жыццё хадзіў, ці прыгадвае, што некалі зямля быццам бы была яго. Тут можна даць толькі адну параду: калі б участкі былі своечасова аформлены, то і вашы правы былі б дакументальна пацверджаны. А так, як правіла, скардзіцца той, хто не мае акта на зямлю, на таго, хто яго атрымаў. Хаця ёсць выпадкі, калі ў двух суседзяў зямля аформлена, а зямельныя цяжбы працягваюцца, у прыватнасці, з-за пасадкі дрэў, пабудоў і розныя іншыя. У такім выпадку яны разглядаюцца толькі ў судзе.

— Давайце прыгадаем і нормы — на якой адлегласці можа стаяць хлеў ці расці яблыня?

— Гаспадарчыя пабудовы не могуць быць размешчаны бліжэй аднаго метра да мяжы, а ў вышыню (да навісі страхі) павінны быць больш 3-х, дрэвы — не бліжэй 3-х метраў да мяжы, нізкарослыя дрэвы — двух, кусты — метра, вальеры можна будаваць не бліжэй 4-х метраў ад мяжы, дом, вадаём — трох. Пасека (да 5 вулляў) можа быць размешчана, аднак не бліжэй 10 метраў да суседняга ўчастка і 20 — да вуліцы, а калі існуе двухмятровая перашкода для пчол, то адпаведна нормы змяншаюцца да 4 і 14 метраў. Аднак усе гэтыя адлегласці могуць быць меншымі пры згодзе абодвух суседзяў. У апошні час згода павінна быць аформлена натарыяльна.

— Каму зямля выдзяляецца бясплатна? І дзе самая дарагая?

— Бясплатна для забудовы зямля ў пажыццёвае спадчыннае карыстанне выдзяляецца тым грамадзянам Рэспублікі Беларусь, якія стаяць на чарзе для паляпшэння жыллёвых умоў — іншым словам тым, хто не мае жылля і мае намер яго пабудаваць. У такім выпадку яны могуць прэтэндаваць на свабодныя ўчасткі, спісы якіх штомесяц абнаўляюцца на сайце райвыканкама, вісяць на стэндзе ў фае і ў першых лічбах месяца друкуюцца ў раённай газеце «Патрыёт». Прычым, бясплатнымі яны будуць нават у тых населеных пунктах, дзе ўчасткі выстаўляюцца на аукцыён. Калі ж чалавек не мае патрэбы ў паляпшэнні жыллёвых умоў, то зямлю яму давядзецца выкупляць: ці праз аукцыёны (спіс населеных пунктаў раёна, участкі ў якіх выдзяляюцца праз аукцыён, зацверджаны рашэннем аблвыканкама), ці па кадастравым кошце на зямлю ў іншых населеных пунктах раёна. Замежныя грамадзяне могуць атрымаць зямлю толькі ў арэнду.

Самыя дарагія ўчасткі — у гарадскім пасёлку Ушачы — 1,96 долара за квадратны метр, напрыклад, у аграгарадку Ільюшына — 20 цэнтаў, а ў запатрабаваных Горах-2 Вяркудскага сельсавета, як і пераважна ўсіх вёсках — 11 цэнтаў.

Аднак на яшчэ адной акалічнасці хацелася б спыніцца. Людзі нярэдка памылкова лічаць, што калі бясплатная зямля, то яму і не трэба плаціць за яе афармленне. Паслугі спецыялістаў «Белгіпразема», рэгістрацыя зямлі і будынка, калі, напрыклад, дом атрыманы ў спадчыну — толькі платныя. Калі няма тэхпашпарта на дом, ён не зарэгістраваны, то гэтыя паслугі ў залежнасці ад памераў дома таксама могуць пацягнуць на мільёна паўтара (без афармлення зямлі). Прычым з 2002 года ніводная здзелка па нерухомасці не ажыццяўляецца без папярэдняга афармлення зямлі. І толькі пенсіянерам, якія ўсё жыццё пражываюць у сваіх дамах у сельскай мясцовасці, не ажыццяўлялі ніякіх здзелак з імі, замеры могуць быць зроблены бясплатна, аднак за рэгістрацыю ўсё роўна давядзецца заплаціць.

В.КАРАЛЕНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *