Необычный праздник — День колодца — прошёл в агрогородке Ореховно

Главные темы Общество

Ля двара Марыі Андрэеўны і Уладзіміра Трафімавіча Курбакаў у аграгарадку Арэхаўна часта збіраюцца людзі. І не толькі таму, што гаспадары дома вылучаюцца сваёй гасціннасцю, – па населеным пункце даўно ідзе пагалоска, што ў іх калодзежы самая смачная вада. Сваё “месца прапіскі” студня атрымала яшчэ ў 1964 годзе. З той пары шмат каму празрыстыя кроплі з самых нетраў зямлі наталілі смагу.

Яшчэ ў 60-я гады мінулага стагоддзя многія жыхары Арэхаўна сутыкнуліся з няпростай праблемай – недахопам пітной вады. Ім, а таксама работнікам мясцовай школы прыходзілася браць яе з возера, ачышчаць для далейшага ўжывання. Зразумела, гэта было нязручна і даволі працаёмка. У 1964-м ля бацькоўскага дома У.Т.Курбакі была знойдзена водная жыла. Пытання, ці трэба будаваць калодзеж, нават не паўставала – канечне, трэба! Тым больш, што Марыя Андрэеўна і Уладзімір Трафімавіч якраз збіраліся ажаніцца, назаўсёды застацца тут. Разам з работнікамі школы будучыя маладажоны ўзяліся за справу: капалі, падчышчалі, устанаўлівалі кольцы – у хуткім часе тут з’явіўся глыбокі, з крыштальна чыстай вадой калодзеж, ваду з якога бралі на патрэбы і школы, і многіх мясцовых жыхароў. І хаця зараз вострая неабходнасць у калодзежы адпала (жыхары аграгарадка карыстаюцца водаправодам), але павага і ўдзячнасць да свайго “выратавальніка” ў людзей засталіся.

Гісторыя гэтага калодзежа, ды і важнасць любой іншай студні для людзей натхніла супрацоўнікаў аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ушацкага райвыканкама, на арганізацыю незвычайнага свята – Дня калодзежа. Канцэртнай пляцоўкай на некаторы час стала тэрыторыя ля дома Курбакаў, а імправізаванай глядацкай залай – вынесеныя на вуліцу лавачкі і стулы. Хтосьці не менш зручна размясціўся прама на сонечным лужку непадалёк, а самыя маленькія гледачы назіралі за тым, што адбывалася навокал, са сваіх калясак ці непасрэдна з матчыных рук.
“Віноўніка” ўрачыстасці ўбралі кветкамі, вышыванымі ручнікамі. Благачынны Ушацкага раёна протаіерэй Вячаслаў Лобец асвяціў калодзеж, госці святочнай імпрэзы паспыталі вады з яго.
З цёплымі віншаваннямі ў гэты дзень да прысутных звярнуліся старшыня Сарочынскага сельвыканкама Людміла Яўгенаўна Птушка і старэйшына аграгарадка Арэхаўна Ганна Барысаўна Троцкая. Яны адзначылі, што нягледзячы на наяўнасць у населеным пункце водаправоду, жыхары і па сённяшні дзень час ад часу бяруць ваду менавіта ў калодзежах (іх тут 25), дбайна даглядаюць іх: рэгулярна абкошваюць, чысцяць. Як нам расказала М.А.Курбака, сцюдзёная вада з калодзежа значна смачнейшая за тую, што льецца з крана. Менавіта яе выкарыстоўвае гаспадыня для ўкручвання слоікаў, а штогод на Хрышчэнне адкрывае студню, каб вада ў ёй “зарадзілася”, набыла гаючыя якасці.
Гледачоў, а на свята завіталі госці нават з іншых населеных пунктаў, весялілі звонкагалосыя работнікі культуры Ушаччыны, якія прымусілі вяскоўцаў падпяваць, скакаць і горача апладзіраваць добрым песням, гумарэскам “з перчыкам” у іх выкананні. Не засталіся прысутныя ўбаку і ад правядзення шматлікіх конкурсаў. Так, напрыклад, высвятлялі мацнейшых у нашэнні вёдзер з дапамогай каромысла. Успаміналі ў гэты дзень шматлікія прыказкі, прымаўкі, павер’і, гаданні, звязаныя з калодзежам. А яшчэ падводзілі вынікі своеасаблівага агляду-конкурсу на лепшы калодзеж аграгарадка. Так, самым напоўненым прызнаны калодзеж Таісы Уладзіміраўны Пашко, самым глыбокім – Раісы Андрэеўны Якубовіч, самым гасцінным – Ганны Ігнатаўны Долгай. Пераможцы атрымалі ад арганізатараў свята ў падарунак пышныя караваі. Прыемным момантам мерапрыемства стаў святочны стол: прысутныя ласаваліся кулінарнымі шэдэўрамі, дзяліліся ўражаннямі ад сустрэчы.
Доўга яшчэ гудзела свята ля калодзежа Курбакаў. Без пафасных прамоў, затое з тым заліхвацкім народным запалам, які ўжо не сустрэць у гарадах і ўсё радзей можна ўбачыць у вёсцы. Шчыра дзякавалі людзі калодзежу за тое, што 49 гадоў таму згуртаваў іх разам спачатку ў добрай справе, а цяпер і ў агульным свяце.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *