Псіхолагі сцвярджаюць, што зручная, практычная вопратка, а таксама прыгожыя школьныя прыналежнасці – залог добрага настрою вучня, яго выдатнай вучобы. Так што прыстойны ранец з якаснымі алоўкамі ды сшыткамі – і дзясяткі, лічы, ужо ў дзённіку…
Напярэдадні новага навучальнага года назіраецца пік попыту на тавары школьнага асартыменту, а збор ранца можа “ўляцець у капеечку”. Каб падказаць нашым чытачам, дзе і на чым можна зэканоміць, “узброіўшыся” спісам патрэбных тавараў, мы адправіліся па гандлёвых кропках райцэнтра.
Як заўсёды, на прылаўках магазінаў і рыначных ралетаў вялізны выбар канцылярскіх тавараў для школьнікаў. Вочы разбягаюцца не толькі ад прапанаванага асартыменту, але і ад цэн на яго. Мяркуйце самі: кошт пеналаў зараз вагаецца ад 7 да 62 тысяч рублёў, прычым абодва “рэкорды” зафіксаваны ў адным і тым жа месцы – ва ўнівермагу. Прычына такой разбежкі – розная якасць тавару і наяўнасць ці адсутнасць так званых наваротаў. Дарэчы, самы просты пластмасавы пенал з адным аддзяленнем на рынку каштуе не 7, а ўжо 8,3 тысячы. Аналагічная сітуацыя і з коштам на простыя 12-аркушавыя сшыткі: ва ўнівермагу ён складае 600 рублёў, на рынку – 700, а ў кіёсках “Белсаюздруку” – ужо 1050 (у лінейку) і 1150 (у клетку). Паўагульныя сшыткі можна набыць ва ўнівермагу за 3300-5500, на рынку – за 4000-4500, у кіёсках “Белсаюздруку” – за 3200, а агульныя – за 6200-7400, 8300 і 5500-8600 адпаведна. Танныя дзённікі за 4 тысячы яшчэ можна знайсці ў кіёсках “Белсаюздруку”, на рынку яны каштуюць 5300, а ва ўнівермагу – 5050 і 5500 у залежнасці ад класа.
Не спяшайцеся з ходу купляць фламастары: цэны на іх у залежнасці ад якасці і колькасці колераў розняцца ў разы. Скажам, ва ўнівермагу названы тавар на 6 колераў каштуе ад 5250 да 8700 рублёў, 12-колеравая палітра “пацягне” на 11450-14150 (на рынку – 10000), 18-колеравая – на 29250 (11000), 24-колеравая – на 38050 (15000). Адчувальная разбежка назіраецца таксама на кошт акварэльных фарбаў: за 8 тысяч іх можна набыць ва ўнівермагу і кіёсках “Белсаюздруку”, аднак у першым выпадку гаворка ідзе аб 8 колерах, у другім – толькі аб 6-ці. Цікава, што ва ўнівермагу 16-колеравая палітра можа абысціся пакупніку дзешавей за 14-колеравую (18150 супраць 26100).
Танныя алоўкі на 6 колераў яшчэ можна знайсці на рынку (4700 рублёў супраць 7450 у кіёсках “Белсаюздруку”), такія ж алоўкі тут могуць каштаваць і значна больш – 23 тысячы. Самая недарагая каляровая папера знайшлася ў кіёсках “Белсаюздруку”: 3050, а каляровы кардон – на рынку: 5500. Уразілі цэны на пластылін. Мінімальны яго кошт складае 7 тысяч рублёў (ёсць амаль ва ўсіх гандлёвых кропках), а вось пра максімум сказаць складана, бо прыходзілася бачыць і за 15-20 тысяч, і за 30, і нават амаль за 45.
Ужо не першы год на паліцах са школьнымі таварамі наборы вокладак для кніг лепельскай вытворчасці. Па словах старшага прадаўца ўнівермага Галіны Віктараўны Баравік, такая прадукцыя карыстаецца значным попытам ва ўшачан. Рознакаляровыя вокладкі маюць добрую якасць, іх у наборы для пэўнага класа столькі, колькі падручнікаў прадугледжвае школьная праграма, прычым, улічаны нават іх памер. Кошт набораў складае ад 21600 (для 3 класа) да 44850 (для 9-га) рублёў. Калі ж набываць вокладкі для кніг паасобку, то кожная “пацягне” мінімум на 2200.
Асобна хочацца спыніцца на выбары школьнага ранца. Ад зручнасці мадэлі будзе залежыць здароўе спіны вашага дзіцяці. Правільны школьны ранец павінен важыць менш за 1 кілаграм, мець артапедычную спінку, шлейкі, якія рэгулююцца, зручныя замкі і маланкі, а таксама святлоадбівальнікі спераду, на баках і шлейках. Якасная рэч павінна быць зроблена з трывалай воданепрапускальнай тканіны з трывалымі швамі і кантамі, утрымліваць шмат зручных кішэняў і ёмістае ўнутранае аддзяленне. Дарэчы, дастаткова вялікі выбар школьных ранцаў па дэмакратычным кошце прадстаўлены ва ўнівермагу і на рынку гарпасёлка. Хочацца таксама адзначыць, што ў прадпрымальнікаў могуць быць у наяўнасці ранцы мінулагодняга завозу ці тавар з невялікімі дэфектамі – іх кошт ніжэйшы, а таму не саромейцеся спытаць прадаўца аб гэтым.
Як бачна, асартымент школьных тавараў шырокі і разнастайны. Каб укаплектаваць школьны ранец, можна знайсці любую дробязь. Аднак, калі падбіць агульную суму, лічба атрымліваецца далёка не дробная. Так што запасіцеся цярплівасцю хадзіць па магазінах і выбіраць там па некалькі рэчаў – як паказвае практыка, так можна значна зэканоміць.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.
Уважаю такие статьи! Обоих своих детей (7 и 9 класс) не первый год удаётся собрать реально дешевле!!! Спасибо, продолжайте в том же духе